навіны

Польскія банкі не адкрылі рахункаў беларусцы з падарожным дакументам

Польскі падарожны дакумент
Фота мае ілюстрацыйны характар. Крыніца: Белсат
podpis źródła zdjęcia

Беларуска Дзіна тры гады жыве ў Польшчы, мае міжнародную абарону. Нядаўна ў жанчыны скончыўся тэрмін дзеяння беларускага пашпарту і яна атрымала польскі падарожны дакумент. З ім Дзіна пайшла адкрываць рахунак і сутыкнулася з адмовай у трох банках. Разбіраемся, чаму.

Палітыка банкаў


Цягам трох гадоў Дзіна карысталася рахункам у банку PKO. Цяпер беларуска пастанавіла набыць кватэру ў Польшчы, а дзеля гэтага трэба пакласці грошы на банкаўскі рахунак. Рабіць гэта ў PKO жанчына палічыла немэтазгодным, бо, з ейных словаў, у гэтым банку пры залічэнні на рахунак наяўных сродкаў здымаюць 0,5 % ад сумы.


«Гэта шмат, калі ты кладзеш немаленькую суму, таму для мяне гэта стала прынцыповым пытаннем», – кажа Дзіна.


Жанчына пайшла ў банкі, дзе ўвогуле ў такой сітуацыі не здымаюць ніякіх адсоткаў – і паўсюль атрымала адмовы.

,,

«Я была ў трох аддзяленнях банку «Millenium», у двух – «Santander» і ў адным – «mBank». Ні ў адным не адкрылі. Была надзея, што ў «Santander» усё ж адкрыюць, але там урэшце сказалі, што нават калі б і адкрылі, дык адразу заблакавалі б. Як толькі ў банку бачылі мой падарожны дакумент, адразу казалі, што не адкрыюць. Нават мой дазвол на жыхарства іх не цікавіў. Казалі – у нас такая палітыка, адкрываем толькі з пашпартам. Мне раілі ісці ў PKO, але, як я ўжо казала, ён мне не падыходзіць», – распавядае наша суразмоўца.


Банк PKO Bank Polski. Варшава, Польшча. 20 чэрвеня 2024 года. Фота: Белсат

«Без умовы аб працы рахунак не адкрыць – новыя правілы». Банк PKO змяніў правілы для замежнікаў

навіны

Раней сітуацыі, у якой падарожны дакумент стаў бы адмовай для нейкіх аперацыяў, у Дзіны не ўзнікала. Беларуска перажывала, што не зможа з ім купіць і аформіць аўтамабіль, нават звярнулася з гэтым пытаннем ва Управу ў справе замежнікаў – там запэўнілі, што праблемы не будзе, машыну купляць можна.


Мы ж запыталі ва Упрве, ці можа польскі банк адмовіць у адкрыцці рахунку асобе, у якой замест нацыянальнага пашпарту – падарожны дакумент і дазвол на жыхарства ў Польшчы.


«Гэтыя пытанні не ў сферы кампетэнцыі Управы па справе замежнікаў. Магчыма, у гэтай справе варта звязацца з Камісіяй фінансавага нагляду», – адказалі нам ва Управе.


Прымаецца толькі Жэнеўскі падарожны дакумент


Мы таксама напісалі запыты ў тры банкі, дзе Дзіна атрымала адмовы, і запыталіся: на якой падставе не адкрылі рахункаў і што рабіць беларусам, у якіх скончыліся пашпарты, а яны не могуць паехаць па новыя ў Беларусь?


Адказ пакуль прыйшоў толькі з «mBank»:

,,

«Каб адкрыць рахунак у «mBank», замежнік мусіць мець: замежны пашпарт і адзін з трох дакументаў, які дазваляе пражыванне ў Польшчы: дазвол на жыхарства (карту побыту), пасведчанне рэгістрацыі грамадзяніна Еўразвязу ў Польшчы, дакумент, які пацвярджае права на сталае перабыванне ў краіне ці Жэнеўскі падарожны дакумент разам з дазволам на жыхарства».


Польскі падарожны дакумент у сітуацыі, калі скончыўся нацыянальны пашпарт, «mBank» на сённяшні дзень прымае, калі асоба ёсць сталым кліентам гэтага банку.


«Мы працуем над тым, каб неўзабаве была магчымасць адкрыцця таксама першага рахунку ў нашым банку з польскім падарожным дакументам», – зазначаецца ў адказе.


Як толькі мы атрымаем тлумачэнні з іншых двух банкаў – «Santander» і «Millenium», – мы іх таксама апублікуем.


Дзіна – не першая беларуска, якая сутыкнулася з адмовай у адкрыцці рахунку ў польскім банку. Такімі сітуацыямі вядомы «Santander», які не адкрываў і нават блакаваў ужо адкрытыя рахункі проста на той падставе, што кліент – грамадзянін Беларусі.


Банк PKO, які лічыцца самым лаяльным да беларусаў, нядаўна змяніў правілы адкрыцця рахунку – цяпер для гэтага патрэбны працоўны кантракт у Польшчы.


Ганна Ганчар belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10