Ва ўмовах прававога дэфолту, які склаўся ў Беларусі, цяжка сказаць, за што могуць ці не могуць пакараць. Інструкцыяў на ўсе магчымыя выпадкі не скласці, але праваабаронцы даюць агульныя парады, актуальныя для бальшыні беларусаў.
Юрыдычная служба праваабарончага цэнтру «Вясна» нядаўна давала кароткія парады з нагоды набліжэння выбараў і пачатку масавых рэйдаў сілавікоў па «палітычна ненадзейных».
Парады такія:
• «Прыбраць хату» на выпадак прыходу сілавікоў: прасачыць, каб дома не было нацыянальнай сімволікі; названых «экстрэмісцкімі» кніг, фота і паштовак; лістоў палітвязняў і іншага, што можа «зацікавіць» сілавікоў.
• Пачысціць тэхніку: прыбраць з камп’ютараў, тэлефонаў і флэшак кадры з акцыяў пратэсту, падпіскі на названыя «экстрэмісцкімі» каналы і чат-боты, перапіскі і іншае, што можа «скампраметаваць» перад сілавікамі.
• Заключыць дамову з адвакатам.
• Пакінуць блізкім інструкцыю на выпадак затрымання: пра перадачы, аплату камунальных паслугаў, дагляд хатніх жывёлаў і іншае.
• Падрыхтаваць «трывожны чамаданчык»: тэрмабялізну, цёплыя шкарпэткі, зручны абутак без матузкоў.
• Наладзіць у тэлефоне кнопку «SOS» і загадзя дамовіцца з тымі, каму можа прыйсці трывожнае паведамленне.
• Ведаць пра свае правы, як то пра права не сведчыць супраць сябе (артыкул 27 Канстытуцыі), права ўносіць праўкі ў пратаколы і магчымасць адказаць «я не памятаю». І памятаць пра абавязкі сілавікоў: азнаёміць з правамі і даць магчымасць паведаміць аб затрыманні блізкім, калі вобшук – паказаць пастанову і запрасіць панятых.
Больш падрабязныя парады ёсць на сайце «Вясны» (з Беларусі — праз VPN).
Дэталі пра тое, як падрыхтавацца да «размовы» з сілавікамі і магчымага затрымання, «Белсату» расказала сузаснавальніца ініцыятывы «DissidentBy» Марына Касінерава.
Каго гэта тычыцца?
Для любога чалавека павінна быць нормай веданне сваіх правоў і таго, як іх абараняць, падкрэслівае Касінерава. І гэта не залежыць ад рызыкаў палітычнага пераследу. Але гэтыя рызыкі павялічваюцца для тых, хто ўдзельнічаў у пратэстах, падтрымліваў пратэстоўцаў (нават у размовах на працы, у лайках ці каментарах у сацсетках).
Як падрыхтавацца?
Да візіту складана падрыхтавацца, бо невядома, калі ён можа адбыцца і што менавіта загадаюць рабіць сілавікам, кажа Касінерава. Але добра загадзя разглядаць найгрошы сцэнар развіцця падзеяў і загадзя прадумваць яго. Бо калі гэты сцэнар рэалізуецца, лепш ведаць, што казаць і куды націскаць. Касінерава згадвае, што прынамсі ў час ейнага актывізму ў Беларусі гэта моцна дапамагала, ды тады дзеянні сілавікоў былі больш прадказальнымі.
Вобшук, допыты і вочныя стаўкі (калі ёсць група абвінавачаных або людзі праходзяць па адной справе) – цяпер амаль неад'емная частка дзеянняў у межах распачатай крымінальнай справы, працягвае Касінерава. Яна раіць:
• Заўсёды мець сцэнар ці сцэнары дзеянняў на выпадак затрымання.
• Паразмаўляць з блізкімі, сябрамі або сваякамі, што рабіць з кватэрай, рахункамі, хатнімі жывёламі або нейкімі іншымі абавязальніцтвамі, калі здарыцца затрыманне. Найлепш дамаўляцца з тымі, хто ўсведамляе небяспеку, але мае нізкія рызыкі затрымання.
• Дамовіцца з імі пра даверанасці, дублікаты ключа, паролі і іншае.
• Наладзіць на тэлефоне кнопку «SOS» (гэта трэба шукаць у наладах тэлефона: на Android – у раздзеле «Бяспека» пункт кшталту «Экстраны выклік», на iOS – у наладах у раздзеле «Сігнал SOS»). Або дамовіцца з кімсьці пра рэгулярны кантакт: напрыклад, стэлефаноўвацца штовечар а 19-й і казаць кодавае слова, а калі тэлефанавання няма ці слова не названае, прасіць тэлефанаваць бацькам ці іншым сябрам, дзейнічаць паводле інструкцыі.
• Можна браць за звычку насіць з сабой майткі, шкарпэткі, зубную пасту і шчотку (бо затрымаць могуць не дома), а дома мець торбу (шмат хто ў Беларусі такую ўжо мае).
Калі чалавек ужо ведае, паводле якога артыкулу яго вінавацяць ці з якой нагоды рабілі допыт або ператрус, праваабаронцы могуць даць больш канкрэтныя інстркуцыі і расказаць пра магчымыя сцэнары.
Мо адразу падрыхтаваць «выкуп»?
А вось «прапанова выкупу» («кампенсацыі» за ахвяраванні «экстрэмістам») – не для ўсіх, адказвае Касінерава. Няма дакладнай схемы, калі сілавікі такое прапануюць.
«Мы ведаем кейсы, калі людзі былі гатовы аддаць любыя грошы, але іх усё роўна пакінулі пад вартай, а ёсць і тыя, каму прапанавалі самастойна, –кажа Касінерава. – Таксама мера ўтрымання можна быць змененая і без аплаты або закладання грошай».
У Беларусі засталіся адвакаты, якія будуць бараніць «палітычных»?
Адвакаты ў Беларусі даўно адчуваюць рэпрэсіі супраць сябе: іх садзяць, пазбаўляюць права на прафесію, вымушаюць з'язджаць. Але тым не менш, кажа Касінерава, адвакаты не хочуць, каб іхную прафесію «раўнялі да паштальёнаў», бо шмат адвакатаў рызыкуюць штодня і абараняюць правы нават у сітуацыі палітычнага пераследу. Да таго ж, толькі адвакат можа патрапіць да зняволенага падчас следства.
Калі ёсць магчымасць звярнуцца да праваабаронцаў, то лепей звярнуцца і параіцца, працягвае Касінерава. Але нават калі людзі прымаюць рашэнне самастойна знайсці адваката ці адвакатку, то варта для сябе прааналізаваць, наколькі сумленна чалавек выконвае працу. Перад заключэннем дамовы лепш асабіста пабачыцца з адвакатам і распытаць пра мінулыя справы і іхныя вынікі.
Калі адвакат ужо наняты для затрыманага, можна сачыць, ці не з’яўляюцца «чырвоныя сцяжкі»: напрыклад, ці не кажа адвакат, што чалавека не білі, калі вядома, што білі; ці не мае адвакат пазіцыю, падобную да пазіцыі следства; ці не хоча блізкі адмовіцца ад свайго адваката (або ці не намякае на гэта)?
У палітычных справах можна бараніць свае правы?
Так, заўсёды мае сэнс намагацца абараняць свае правы, адказвае Касінерава. Канешне, варта ацаніць сітуацыю і пагрозы, але калі гэта магчыма, то варта адстойваць, напрыклад, такія правы:
• Пры вобшуку пытаць, у межах чаго справа і хто робіць вобшук; браць копіі пратаколаў, а калі іх не далі, то пісаць скаргі.
• Не сведчыць супраць сябе і блізкіх родных, спасылацца на артыкул 27 Канстытуцыі
• Адмаўляецца ад прыніжальных дзеянняў.
• Пісаць скаргі на дзеянні, якія парушаюць закон , падаваць апеляцыі на рашэнне па крымінальнай справе і гэтак далей.
,,«Калі сітуацыя дазваляе паспрабаваць сказаць „не“, то лепей гэта зрабіць», – раіць Касінерава.
«Канешне, сілавікі спрабуюць максімальна запужаць людзей, але на 2024 год у нас ёсць практыка, што калі людзі спрабуюць адстойваць правы нават у такіх умовах, то гэта ўсё ж спрацоўвае. Так, людзі абскарджваць парушэнні ў час адбывання пакарання паводле крымінальнага артыкулу і перамагаюць. Абскарджваць рашэнні па забароне выезду, штрафы па студзеньскіх рэйдах, незаконныя вобшукі і выманне тэхнікі. Гэтыя маленькія крокі для людзей у Беларусі даюць магчымасць рабіць штосьці, што ў іхных сілах, і мы падтрымліваем рашучасць і жаданне адстойваць свае правы».
Ці зможа правільна наладзіць тэлефон той, хто не лічыць сябе «айцішнікам»?
Калі чалавек зусім «на Вы» з лічбавай тэхнікай, то пра такога чалавека варта паклапаціцца іншым. Як мінімум, не перасылаць такому чалавеку адчувальную інфармацыю, усталяваць са свайго боку аўтавыдаленне паведамленняў у чатах, навучыць тэлефанаваць праз Telegram ці Signal. Або весці камунікацыю праз людзей, якія з такім чалавекам маюць жывыя стасункі «офлайн».
Шмат інструкцыяў у кібербяспецы даюць ў спецыяльным Telegram-канале «Кіберпартызанаў», таксама шмат інструкцыяў дае праект «CyberBeaver». Выкананне іхных інструкцыяў зойме нейкі час, але інструкцыі дастаткова падрабязныя і не вымагаюць навыкаў праграмавання або глыбокіх ведаў у IT.
Касінерава раіць: калі ёсць магчымасць, лепей адразу зрабіць такія налады лічбавай тэхнікі, якія не будуць патрабаваць у далейшым складаных дзеянняў, а таксама ўзяць за звычку спрабаваць не пакідаць сляды ў інтэрнэце.
Алесь Наваборскі belsat.eu