Кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка, каментуючы прызначэнне Андрэя Рыбакова генеральным дырэктарам ААТ «Беларуськалій», заявіў, што яму паступае шмат запытаў на сумесную вытворчасць калійных угнаенняў.
«У мяне мора запытаў. Не буду называць гэтых дзяржаваў, якія гавораць: "Давайце разам зробім і будзем прадаваць комплексныя, змешаныя ўгнаенні". Трэба на гэта ісці: мы кудысьці паставім калій, стаіць там завод на мяжы дзесьці – змешваем угнаенні і адразу за мяжу прадаем разам. Попыт аграмадны: на харчаванне заўсёды будзе попыт вялікі, а без мінеральных угнаенняў якое харчаванне? Таму трэба выходзіць на дзяржавы, з якімі мы можам вырабляць гэтыя ўгнаенні», – сказаў Аляксандр Лукашэнка, перадае БелТА.
Таксама ён даручыў ураду прапрацаваць пытанне зніжэння здабычы калійных угнаенняў:
,,«Я прасіў бы цябе прапрацаваць (я не ставіў гэтай задачы раней) пытанне, з кім гэта трэба (асабліва з расейцамі), наконт здабычы. Я такіх коштаў увогуле не памятаю ў гісторыі: вельмі нізкія кошты на калійныя ўгнаенні, хоць праца шахцёраў няпростая. Можа быць, нам з расейцамі перагаварыць, параіцца і адсоткаў на 10, можа, 11, знізіць здабычу калійных угнаенняў. Не тое што дэфіцыт на рынку з’явіцца, а ўсе зразумеюць, што гэта дарагая прадукцыя і за яе трэба плаціць адпаведныя сродкі».
Паводле Лукашэнкі, цяпер калійныя ўгнаенні прадаюцца «за бясцэнак, амаль за сабекошт, а то і ніжэй часам». Каб гэтага не было, ён і хоча знізіць вытворчасць. Але пры гэтым трэба, «каб своечасова плацілі заробак і гэтак далей».
Лукашэнка таксама заявіў, што на ўнутраным рынку ўгнаенні (калійныя, фосфарныя, азотныя) у хуткім часе могуць пачаць прадаваць фактычна за сабекошт, бо «мінеральныя ўгнаенні ў нас пад санкцыямі».
У 2023 годзе Беларусь экспартавала практычна дасанкцыйны аб’ём калійных угнаенняў, паведамляе Супольнасць чыгуначнікаў Беларусі. З 2021 года беларускія чыноўнікі закрылі звесткі пра экспарт калійных угнаенняў. Паводле інфармацыі Белстату, у 2020 годзе было экспартавана 11,76 млн тонаў угнаенняў, а ў 2019 годзе – 10,32 млн тонаў. Па выніках 2023 года абʼём вытворчасці калійных угнаенняў склаў 10,46 млн тонаў або на 78,9 % больш, чым у 2022 годзе. Каля 90 % вырабленых угнаенняў экспартавалі (9,45 млн тонаў або плюс 97,6 % да ўзроўню 2022 года). Гэта значыць, абʼём экспарту ў 2023 годзе быў на 8,5 % меншым за абʼём 2019 года і на 19,6 % меншым за абʼём 2020 года. Абʼём экспарту прыкладна такі ж, як у 2014 і 2016 гадах.
,,«Аднак "гераічнае" нарошчванне абʼёмаў і "поспехі" ў супрацьстаянні санкцыям з беспрэцэдэнтнай тарыфнай падтрымкай Расейскай чыгункі насамрэч не адбіваюцца на выніках», – адзначае Супольнасць чыгуначнікаў Беларусі.
Пры росце фізічнага абʼёму экспарту да 2022 года амаль удвая, даходы ад продажу знізіліся на 3 % і склалі $ 1,78 млрд. У 2019 годзе Беларусь зарабіла на экспарце калійных угнаенняў $ 2,76 млрд, а ў 2020 годзе – $ 2,41 млрд.
Таксама глядзіце ў сюжэце:
Макар Мыш belsat.eu