Меркаваннi

«Элегантная перамога» ці «ветлівыя людзі»? Хаця б не разам!

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Аляксандра Лукашэнку сустракае кіраўнік Башкартастана Рустэм Хамітаў па прыбыцці ў міжнародны аэрапорт Уфы, Башкартастан, Расея. 8 ліпеня 2015 года. Фота: Host Photo Agency / Pool / Anadolu Agency / Getty Images
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Аляксандра Лукашэнку сустракае кіраўнік Башкартастана Рустэм Хамітаў па прыбыцці ў міжнародны аэрапорт Уфы, Башкартастан, Расея. 8 ліпеня 2015 года. Фота: Host Photo Agency / Pool / Anadolu Agency / Getty Images
podpis źródła zdjęcia

Мабыць, ні для каго не зрабілася нечаканасцю заява Аляксандра Лукашэнкі, што ён будзе «браць удзел у прэзідэнцкіх выбарах». Паказальна толькі тое, што сказаў ён пра гэта на тэрыторыі Расейскай Федэрацыі падчас эфіру скандальна вядомай прапагандыстцы Вользе Скабеевай. Так і сказаў: «Так, Воля, пайду на выбары прэзідэнта». А тая яму: «А мы вас падтрымаем». «Тады сапраўды пайду!» – паабяцаў ён. Ну хоць Скабеева парадуецца.


Дарэчы, 10 гадоў таму Лукашэнка менавіта расейскім журналістам, праўда, на тэрыторыі Беларусі, заявіў, што пойдзе на выбары-2015. Было гэта на прэс-канферэнцыі, зарганізаванай менавіта для расейскіх СМІ. Лукашэнка сказаў тады: «Здымаць сваю кандыдатуру на выбарах я як дзейны прэзідэнт не маю права. Адзіная падстава, праз якую дзейны прэзідэнт можа не браць удзелу, – прыдуркаватасць, слабы розум, хвароба». Ніхто з прысутных не ўдакладніў, хто менавіта ў Беларусі можа афіцыйна абвяшчаць пра наяўнасць такіх дыягназаў. Але акрамя дыягназаў існуюць і такія фактары, як, напрыклад, выхад на пенсію паводле ўзросту. Пра гэта спытаць нікому з расейскіх журналістаў смеласці не хапіла. Але Лукашэнка паспяшаўся сам растлумачыць: «Што датычыць [ідэі] адправіць мяне на пенсію, я пра гэта вельмі жорстка сказаў у Крамлі. Нахіліць мяне немагчыма, ніякая Масква, ніякі Крэмль і Захад мяне не здольныя нахіліць. Мяне можна павесіць, мяне можна забіць, але прымусіць мяне змяніць мой палітычны курс, мой твар, немагчыма. Гэта не таму, што я цвердалобы і не ўспрымаю крытыкі». Але і тады ніхто не спытаў, якія яшчэ могуць быць прычыны.


Дата правядзення выбараў 26 студзеня 2025-га скарачае фармальныя прэзідэнцкія паўнамоцтвы Лукашэнкі на паўгода. Такі паспех шмат якія эксперты тлумачаць прэзідэнцкаю кампаніяй у ЗША. Бо ад пазіцыі ЗША ў канчатковым выніку будзе залежаць сітуацыя на фронце. Ёсць імавернасць, што мірныя перамовы паміж Украінай і Расеяй могуць прайсці ў лютым – сакавіку наступнага года, і Лукашэнка, хутчэй за ўсё, спадзяецца ў іх узяць удзел. Пакуль жа ён крытыкуе выбарчую кампанію ў ЗША, называючы яе жахлівай і дурной. «Я часта кажу: калі б гэта ў нас ці ў Расеі… Слухай, ніводнага дурня не абралі б. Ні аднаго, ні другога. Жахліва! – каментуе ён Скабеевай на палях BRICS у Казані і працягвае: – Гэты некампетэнтны, а той ляпае чорт ведае што...» Але пры гэтым кажа, што ён прыхільнік Трампа. Паводле некаторых экспертаў, Лукашэнка мог выбраць дату 26 студзеня, яшчэ і каб застрахавацца ад неспадзяванак у выглядзе вулічных пратэстаў, спадзеючыся, што ўзімку іх душыць прасцей як улетку. І гэта ў сітуацыі, калі ўся краіна і без таго ўжо суцэльная зона.


Закон прадугледжвае рэгістрацыю ініцыятыўных групаў не пазней як за 85 дзён да правядзення захады. За 10 дзён усе прэтэндэнты на пасаду маюць вызначыцца і падаць дакументы ў ЦВК. Праз 15 дзён яны могуць рэгістраваць кандыдатаў на прэзідэнцтва. Часу застаецца няшмат – да 7 снежня. Да гэтага тэрміну кандыдаты мусяць сабраць не менш за 100 тысяч подпісаў. Хто будзе ў спісе прэтэндэнтаў, сказаць цяжка, але ці мае гэта ў цяперашняй сітуацыі нейкае значэнне? Што могуць змяніць і на што могуць паўплываць спарынг-партнёры?


Пасля таго як прадстаўнікі дэмакратычных сілаў за мяжой апублікавалі супольную заяву, у якой прапануюць беларусам пайсці на выбарчыя ўчасткі і прагаласаваць супраць усіх, шмат якія апазіцыйныя палітыкі такую ​​пазіцыю раскрытыкавалі, заклікаючы байкатаваць выбары, каб стварыць перашкоды ў фальсіфікаванні вынікаў. Логіка: няма выбараў – не трэба хадзіць на ўчасткі. І з гэтым цяжка паспрачацца.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Вайскоўцы з сем'ямі на плошчы Перамогі ў Менску, Беларусь. 30 чэрвеня 2017 года. Фота: Dan Kitwood / Getty Images
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Вайскоўцы з сем'ямі на плошчы Перамогі ў Менску, Беларусь. 30 чэрвеня 2017 года. Фота: Dan Kitwood / Getty Images

Але давайце паглядзім, што такое гэтыя выбарчыя ўчасткі. Гэта спісы выбарнікаў, вялікія кнігі ўліку з прозвішчамі жыхароў. Што на практыцы ў цяперашняй сітуацыі, калі краіна застаецца пад беспрэцэдэнтным прэсам, будзе азначаць ігнараванне загаду пайсці на выбары? Якія могуць быць наступствы для людзей? Узяць хаця б толькі работнікаў сферы медыцыны, юрыспрудэнцыі і адукацыі. Што такое для адваката пазбавіцца ліцэнзіі? Ды тое ж, што і для доктара ці выкладчыка: гэта звальненне з працы. Так, у краіне нястача дактароў і медычнага персаналу. Нястача выкладчыкаў. А гэта кагосьці цяпер можа спыніць? Ці хвалюе некага адток кваліфікаваных кадраў з краіны ці масавыя штодзённыя пасадкі людзей у турмы? А студэнтаў, якія жывуць у інтэрнатах, пасля байкоту ці не высяляць на вуліцу? А ці не будзе ў іх праблемаў у навучанні?


Які ўвогуле сэнс ад таго, сходзіць чалавек на выбарчы ўчастак у найбліжэйшую школу ці правядзе той выходны дзень 26 студзеня 2025 года без гэтага захапляльнага паходу? Няўжо асноўны, ды што там – адзіны кандыдат не далічыцца хоць аднаго адсотка ў сваёй «элегантнай перамозе»? Няўжо ў краіне сітуацыя ўжо не настолькі сур'ёзная, што як бы не прыйшлося выбіраць паміж «элегантнай перамогай» аднаго знаёмага персанажа і незнаёмымі, але ўзброенымі да зубоў «ветлівымі людзьмі», якіх беларусы бачылі пакуль толькі на кадрах хронікі страшных зверстваў ва Украіне?


Ці можна сёння сур'ёзна казаць пра нейкіх пераемнікаў ці іншых кандыдатаў акрамя Лукашэнкі, калі для яго пытанне ўлады – гэта даслоўна пытанне жыцця і смерці? Людзі ў турмах – безумоўна, закладнікі, але хіба ён сам не стаўся закладнікам у свайго ж куратара? Проста рэжымы ўтрымання і камеры розныя. Але сутнасці гэта не мяняе. У закладніках апынуліся ўсе. Ніякай лібералізацыі не будзе. Кагосьці будуць выпускаць з турмаў, каб на іхнае месца пасадзіць іншых. Але гэта ніякага дачынення да лібералізацыі не мае.


За ўсе шэсць тэрмінаў кіравання Лукашэнка працягваў тэрміны паўнамоцтваў прэзідэнцтва. Гэта было галоўнае, бо наконт «вынікаў» галасавання ён ніколі і не пераймаўся. Малявалі столькі, колькі скажуць. Трэба было фармальнасці прытрымлівацца толькі ў справе тэрмінаў паўнамоцтваў. Для гэтага ў Канстытуцыю ўносіліся змены. Яны некалькі разоў абнулялі колькасць тэрмінаў прэзідэнцтва. Пасля рэферэндуму 1996 года тэрмін паўнамоцтваў адлічваўся не з інаўгурацыі, а з уступлення ў моц новай рэдакцыі Канстытуцыі. Гэта дало магчымасць перасунуць наступныя выбары на два гады – з 1999-га на 2001-ы. Пасля гэтага Лукашэнка ініцыяваў рэферэндум аб канфіскацыі абмежаванняў на колькасць тэрмінаў. А потым ён пераабіраўся трэці, чацвёрты і пяты раз — у 2006-м, 2010-м і ў 2015-м. У лістападзе 2020 года Лукашэнка абяцаў, што не будзе балатавацца ў прэзідэнты пасля прыняцця новай Канстытуцыі. І што? Прайшоў чарговы рэферэндум у 2022 годзе, які дазваляе займаць пасаду не больш за два тэрміны. Дзе гарантыя, што гэта апошні рэферэндум на гэтую тэму?


Хадзіць на выбары ці не? Вядома, трэба пайсці, каб пазбегчы рэпрэсіяў, калі вы працуеце. Што там маляваць у кабінцы, наагул значэння не мае: хоць супраць усіх, хоць за кагосьці канкрэтна. Людзі мусяць выжыць у жудаснай сітуацыі, у якой апынуўся ўвесь народ. І гэта самае галоўнае цяпер.


Любоў Лунёва belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10