навіны

У Варшаве адкрыўся беларускі стэндап-клуб. Размаўляем з комікам Янам Ліпаем

Ян Ліпай, дырэктар клубу Stand up Lokal. Варшава, Польшча. 10 кастрычніка 2024 года. Фота: Белсат
Ян Ліпай, дырэктар клубу Stand up Lokal. Варшава, Польшча. 10 кастрычніка 2024 года. Фота: Белсат
podpis źródła zdjęcia

 

Варшава робіцца сталіцай беларускага гумару. Прынамсі – беларускага стэндапу. 7 верасня ў цэнтры польскай сталіцы з'явіўся першы ў Польшчы беларускі стэндап-клуб «Stand up lokal». Урачыстае адкрыццё яшчэ наперадзе, але ў клубе ўжо ладзяцца канцэрты і шоу. «Белсат» паразмаўляў з адным з заснавальнікаў клуба Янам Ліпаем.

«Белсат»: – Ян, усе комікі пакінулі ўжо Беларусь?

Ян Ліпай
: – Не, не ўсе. У Менску, наколькі ведаю, раней было два стэндап-клубы, цяпер застаўся адзін. Так што некаторыя ўсё яшчэ там. Спрабуюць жартаваць, але, канешне, не на палітычныя тэмы. Жартуюць неяк.

Слава Камісаранка дапамог фінансамі

– У сваю чаргу вы, абсалютна не жартам, узялі і адкрылі ў цэнтры Варшавы (Stanisława Noakowskiego, 16) «Stand up lokal». 

– Так, клуб адкрылі ўтрох: Ідрак Мірзалізадэ, Лёша Сувораў і я. Тры заснавальнікі, тры дырэктары, так можна сказаць. Я больш займаюся ўласна арганізацыяй мерапрыемстваў, Ідрак – медыйнасцю, а Лёша – айцішкай. Ён, дарэчы, і сайт зрабіў.  

– Ідрак у адным з нядаўніх інтэрв'ю прызнаўся, што вас вельмі падтрымаў Слава Камісаранка. Гэта праўда?

– Так, праўда. Мы адкрыліся 7 верасня. Было нялёгка, бо хацелі зрабіць усё і адкрыцца цягам аднаго месяца. Гэта вельмі кароткі тэрмін для адкрыцця клубу. Але мы здолелі. І дзякуй вялікі Славе Камісаранку за падтрыманне фінансамі. Так, гэта было фінансавае падтрыманне. Наколькі вялікае? Скажам так: вялікая частка таго, што было патрэбна, – гэта ягоныя грошы. Памяшканне мы арандуем – амаль 150 метраў квадратных. На 100 ці нават 110 гледачоў. Ужо былі імпрэзы, якія сабралі максімальную колькасць чалавек.
   

– Тут прасторна. Нават «Купалаўцы» маглі б пазайздросціць. Колькі каштуе арэнда?

– Не, пра гэта не скажу. Хай застанецца сакрэтам.

– Ну слухай, цэнтр горада, такое месца, вялікае памяшканне. За які час думаеце «адбіць» грошы? 

– Спадзяюся, за два гады. У нас тут яшчэ бар ёсць, і гэта можа дапамагчы. Зараз чакаем ліцэнзію, каб можна было прадаваць піва. Пакуль што некаторыя наведнікі выказваюць незадаволенасць тым, што няма алкаголю.

– Беларусы без піва жартаў не разумеюць?  

– Далёка не ўсе, але ёсць і такія (смяецца).


 Фота: Белсат
Фота: Белсат

Грандыёзнае адкрыццё – у лістападзе

– Ясна. Што першае паказалі ў «Stand up lokal»?

– Хацелі зладзіць спачатку сольны канцэрт Ідрака, але потым перадумалі і зрабілі «Адкрыты мікрафон», каб праверыць і паглядзець, ці пойдзе народ, і каб дакладна ведаць, што мы сапраўды здольныя праводзіць вялікія канцэрты. Усё нармальна. Людзі сабраліся.

– Давай троху пра людзей. Гледачы збольшага – гэта эмігранты з Беларусі?

– На 60-70 адсоткаў, як мне падаецца, гэта беларусы. Астатнія – украінцы. Магчыма, хтосьці з расейцаў прыходзіць. Мы будзем працаваць над тым, каб завабіць да нас і польскую публіку, бо плануем запрашаць сюды і польскіх стэндапераў. Але гэта пазней, калі зладзім урачыстае – і грандыёзнае – адкрыццё.  Хутчэй за ўсё, яно адбудзецца напрыканцы лістапада.  

– Ты два гады пражыў у Варшаве, выступаў сам, слухаў іншых комікаў. Як змянілася пачуццё гумару беларусаў? З чаго яны смяюцца цяпер?

– Я асаблівай розніцы не заўважыў. З чаго два гады таму смяяліся – з таго і зараз смяюцца. Асноўныя тэмы – палітыка, эміграцыя, секс… Так, сітуацыю «беларус у Польшчы» комікі абыгрываюць цяпер крыху радзей, чым два гады таму, але жарты на гэтую тэму дагэтуль гучаць са сцэны. 

– А пра што часцей жартуеш ты? Бо зараз у размове ты такі вельмі сур'ёзны…

– Ну так, я ў жыцці сур'ёзны (смяецца). Жартую пра ўсё. Пра каву, пра секс… Пра палітыку стараюся не жартаваць. Мне здаецца, гэта не маё. Не таму, што гэта для мяне нейкае табу. Табу я не маю. Маю ўласную пазіцыю наконт некаторых рэчаў, але гэта не ўнутраная забарона. 


Фота: Белсат
Фота: Белсат

– У беларускіх комікаў у эміграцыі няма табу?

– Пра вайну ва Украіне ніхто не хоча жартаваць. Гэта вельмі небяспечная для коміка тэма і непрыемная для гледачоў. Я прынамсі ніколі не чуў, каб хтосьці жартаваў пра вайну і слухачам такі жарт спадабаўся. Ні украінцы, ні беларусы тут не хочуць такіх жартаў. Маральнае права жартаваць на гэтую тэму маюць хіба толькі стэндаперы ва Украіне. Вось яны могуць і з ЗСУ пасмяяцца. Але там гэты смех аб'ядноўвае і аблягчае жыццё. Іншая сітуацыя і кантэкст.  

Каб не працаваць у «Жабцы» ды «Бедронцы» 

– Добра, ты выступаеш па-беларуску. Ідрак Мірзалізадэ і Міхаіл Ільін робяць у клубе беларускамоўнае «ток-шоу без цэнзуры» «Гутаркі». У жніўні 2022-га Слава
Камісаранка парваў залу, выступіўшы па-беларуску. Назіраем «мяккую беларусізацыю» стэндапу? Ці можна назваць гэта трэндам?


– Так, Ідрак з Мішам Ільіным робяць імправізацыйнае шоу «Гутаркі» на беларускай мове. І людзям вельмі падабаецца.

,,

Мы хочам рабіць у клубе яшчэ больш канцэртаў па-беларуску. Ёсць, канешне, складанасці, таму што не так шмат комікаў могуць выступаць на беларускай. Але хочацца хаця б раз на два тыдні ладзіць такія канцэрты.


Думаю, маеце рацыю, гэта такі трэнд. Бо яшчэ некалькі гадоў таму зусім не было канцэртаў па-беларуску. Толькі цяпер да многіх прыходзіць разуменне, што трэба было гэта рабіць яшчэ тады.

– Трэба было. Колькі вас зараз – беларускіх комікаў у Польшчы?

– У нас ёсць свой унутраны чат комікаў – там 30 чалавек. Але сярод іх і тыя, хто яшчэ толькі пачынае спрабаваць сябе ў стэндапе. Я спадзяюся, што ў нас атрымаецца аб'яднаць ўсіх, хто працуе ў гэтым жанры, вакол «Stand up lokal». Што гэта дасць? Разумееце, зарабіць зараз на жыццё чыста стэндапам амаль немагчыма. Калі ў цябе няма сваёй аўдыторыі – вельмі складана. Але мы і адкрылі гэты клуб для таго, каб комікам не трэба было працаваць адначасова ў якой-небудзь «Жабцы» ці «Бядронцы». Калі ствараеш сваё шоу і рэгулярна праводзіш яго, напрыклад, штотыдзень у нашым клубе, то, мне здаецца, можна будзе штосьці нармальна зарабляць.


Фота: Белсат
Фота: Белсат

– Якіх падзеяў чакаем восенню ў клубе?

– Кожны тыдзень будуць сольныя канцэрты вядомых беларускіх стэндап-комікаў. Будзем ладзіць таксама шоу ў фармаце «Money Mic», падчас якіх комікі б'юцца за пэўную суму грошай, а пераможцу вызначаюць слухачы. Будуць і адкрытыя мікрафоны – любы ахвотны можа напісаць да нас, прыйсці і выступіць са стэндапам. Карацей, будзе цікава! Усіх запрашаем!

– Сакральнае пытанне: колькі каштуе квіток на канцэрт?

– Ад 20 до 50 злотых. Дзесьці так. 

«Нядаўна набыў сабе кватэру… У «Майнкрафце»

– Нармальна, абавязкова прыйдзем. Ты сын вядомага паэта і журналіста Алеся Ліпая. Скажы, як ты прыйшоў да стэндапу?

– Пасля школы пайшоў па слядах таты – вучыўся на факультэце журналістыкі. Але не скончыў – з'ехаў у Польшчу. Хоць стэндапам пачаў займацца яшчэ ў Менску. Там тры гады і тут ужо два. 

– Выгнанне, вайна, гвалт, татальная трагедыя. Лічыш, што і ў такія часы можна смяяцца?

– На мой погляд, так, можна і трэба смяяцца, таму што смех і жарты, я спадзяюся, таксама дапамагаюць штосьці змяніць ў свеце. Увогуле – дапамагаюць жыць.


Фота: Белсат
Фота: Белсат

–  Тады пажартуй на развітанне. Пра эміграцыю, напрыклад.

– Нядаўна набыў сабе кватэру… У «Майнкрафце». 50 квадратаў…

– Файна. Але ж чаму ты такі сур'ёзны?..

– Ну, я ж дырэктар клуба (смяецца)!

– Добры жарт! Цяпер – залік. Дзякуем за размову.

Зміцер Міраш belsat.eu   


больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10