навіны

Гісторык пра салдатаў з КНДР ва Украіне: «расходнікі» для Пуціна, «экспартны тавар» – для Кіма

Цырымонія афіцыйнай сустрэчы Уладзіміра Пуціна Кім Чэн Ынам. Чэрвень 2024 года
Цырымонія афіцыйнай сустрэчы Уладзіміра Пуціна Кім Чэн Ынам. Чэрвень 2024 года. Фота: kremlin.ru
podpis źródła zdjęcia

Уладзімір Пуцін унёс на ратыфікацыю ў Дзярждуму дамову аб усёабдымным стратэгічным партнёрстве паміж Расеяй і КНДР, якая прадугледжвае ваенную дапамогу аднаму боку, калі іншы апынецца ў стане вайны ў выніку нападу. Спыталі ў гісторыка, у чым выгада для Пуціна і ў чым – для Кім Чэн Ына.

Вайсковае кіраўніцтва КНДР. Фота: kcna.kp

Расея і КНДР рыхтуюцца ваяваць разам: і з Украінай, і Рэспублікай Карэяй?

навіны

Ці скіруе КНДР салдатаў ва Украіну?

Кандыдат гістарычных навук Яўген Красулін, адказваючы на гэта пытанне, падкрэсліў, што звесткі аб прысутнасці паўночнакарэйскіх войскаў на тэрыторыі Украіны ўжо пацвярджаюцца. Нягледзячы на заявы прэс-сакратара Пуціна Дзмітрыя Пяскова, што ўсё гэта «фэйкі», Яўген Красулін адзначае, што няма падставаў сумнявацца ў паведамленнях украінскіх або паўднёвакарэйскіх крыніцаў, якія сцвярджаюць, што сярод салдатаў з КНДР ёсць нават загінулыя і параненыя падчас баявых дзеянняў ва Украіне.

На думку суразмоўцы, існуе больш аргументаў за тое, што Паўночная Карэя можа накіраваць сваіх вайскоўцаў ва Украіну на дапамогу расейцам, чым супраць. Бо і ў Кім Чэн Ына, і ва Уладзіміра Пуціна для гэтага ёсць свае рэзоны, а стрымліваючых момантаў даволі мала.

Чым гэта выгадна Пуціну

Як бы цынічна гэта ні гучала, адзначае Яўген Красулін, але Пуціну гэта выгадна з-за «расходнікаў», то бок з пункту гледжання чалавечых рэсурсаў.

,,

«Расея прызвычаілася ваяваць «мясам», яна і працягвае так ваяваць, судзячы па навінах з франтоў. І замест таго, каб змабілізаваць расейцаў, можна скарыстацца з аўтсорсінгу – знайсці іншыя рэсурсы. І калі хтосьці гатовы паставіць сваіх байцоў дзеля таго, каб Пуцін мог не моцна чапаць расейскае насельніцтва, дык гэта для яго вельмі добра», – каментуе суразмоўца.  


Пасля пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне адносіны Пуціна з Паўночнай Карэяй рэзка пацяплелі, кажа Красулін. Падобных заяваў, якія пачалі гучаць на афіцыйным узроўні, не чутна было з савецкіх часоў, гадоў прыкладна з 1960-х.

Пуціну неабходна было атрымаць узбраенне, кажа суразмоўца, і ён яго атрымаў. Дзякуючы паўночнакарэйскім снарадам і ракетам, якія асабліва актыўна выкарыстоўваліся ўлетку, расейцы змаглі ўмацаваць свае пазіцыі на фронце. Таму ў далейшым, на думку Яўгена Красуліна, Пуціну будзе вельмі цікава прыцягнуць такі знешні рэсурс, каб вырашыць праблему недахопу байцоў.

Цырымонія афіцыйнай сустрэчы Уладзіміра Пуціна Кім Чэн Ынам. Чэрвень 2024 года. Фота: kremlin.ru
Цырымонія афіцыйнай сустрэчы Уладзіміра Пуціна Кім Чэн Ынам. Чэрвень 2024 года. Фота: kremlin.ru

Навошта гэта Кім Чэн Ыну

У кіраўніка Паўночнай Карэі, адзначае Яўген Красулін, таксама ёсць свае прычыны для адпраўкі сваіх салдатаў ва Украіну.

Па-першае, салдаты для КНДР – гэта «экспартны тавар». Паўночная Карэя мае вельмі невялікі пералік найменняў для экспарту за мяжу, і чалавечая сіла ў ім – адзін з асноўных рэсурсаў. У мірны час КНДР адпраўляла сваіх рабочых у Расею, калі ж пачаліся ваенныя дзеянні, то чаму б працоўных не замяніць на вайскоўцаў? Пагатоў недзе з 1990-х гадоў войска ў Паўночнай Карэі, адзначае Красулін, ператвараецца ледзь не ў дзяржаватворную сілу: там была прынятая адмысловая канцэпцыя, паводле якой усё будуецца вакол войска – яно ў КНДР шматлюднае, хоць і вельмі «бюджэтнае».

Паколькі ж бюджэт краіны вельмі абмежаваны, то войска можа прыцягнуць дадатковы рэсурс, ваюючы на далёкіх франтах. І гэты рэсурс у абмен на войска можа быць вельмі істотны для Паўднёвай Карэі, лічыць суразмоўца. Напрыклад, гэта могуць быць тэхналогіі – у першую чаргу касмічныя. Іх вельмі бракуе КНДР, бо яна спрабуе запусціць уласную касмічную праграму, засяродзіўшыся на спадарожніках-шпіёнах. Аднак поспехі ў ёй пакуль што, на думку Яўгена Красуліна, не вельмі вялікія.

,,

«І тут тэхналогіі з Расеі, якая імі валодае, маглі б быць вельмі дарэчнымі. Бо мы бачым, як падрывы дарог, якія вядуць у Паўднёвую Карэю, паказваюць, што Кім Чэн Ын зусім не настроены на дыпламатычныя сродкі вырашэння канфліктаў і праблемаў – перамоваў з ім чакаць не выпадае. Таму яму патрэбныя гэтыя тэхналогіі, а Расея можа іх яму перадаць», – адзначае Яўген Красулін. 


Другі істотны момант, чаму для Кім Чэн Ына можа быць прывабнай адпраўка вайскоўцаў ва Украіну, – гэта баявы досвед. Ён Паўночнай Карэі вельмі патрэбны, але яго няма адкуль узяць, кажа суразмоўца.

«А гэта адзін з тых фактараў, які можа быць вырашальным, напрыклад, у канфлікце з Паўднёвай Карэяй. Бо калі ў цябе войска падрыхтаванае, калі яно прайшло загартаванне ў сучасных баявых умовах, якія вельмі моцна адрозніваюцца ад умоваў 1950–1960-х гадоў, то ты маеш неблагую падрыхтаваную ваенную сілу, якая можа прынесці шмат непрыемнасцяў праціўніку, як бы добра тэхналагічна гэты праціўнік не быў забяспечаны», – кажа Красулін.

У сувязі з гэтым у Кім Чэн Ына ёсць магчымасць вывесці сваіх вайскоўцаў «на чужыя пашы», каб яны там «папасвіліся» за кошт расейскага ваеннага бюджэту. Усё гэта вельмі істотны аргумент «за» для паўночнакарэйскага лідара, а стрымліваючых фактараў ніякіх няма.

«Так што тут усё лагічна складваецца. Тым больш тая дамова, што была падпісана ў Паўночнай Карэі ў чэрвені падчас візіту Пуціна, – гэта фактычна дамова пра ваенны хаўрус, і гэтая дамова прадугледжвае ўзаемную дапамогу, ваенную ў тым ліку, у выпадку атакі супраць адной з краін – удзельніц гэтай дамовы. Ну а паколькі мы ведаем, што не яны [расейцы. – Заўв. рэд. «Белсату»] напалі, а на іх напалі, то тут быццам бы ёсць падставы для задзейнічання паўночнакарэйскага войска на франтах ва Украіне», – адзначае кандыдат гістарычных навук.

Раман Шавель belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10