навіны

Расея і КНДР рыхтуюцца ваяваць разам: і з Украінай, і Рэспублікай Карэяй?

Вайсковае кіраўніцтва КНДР. Фота: kcna.kp
Вайсковае кіраўніцтва КНДР. Фота: kcna.kp
podpis źródła zdjęcia

Масква і Пхеньян узмацняюць супрацу ў вайсковай сферы. Ёсць імавернасць, што паўночнакарэйскія войскі неўзабаве могуць з’явіцца ва Украіне. Пры гэтым сітуацыя абвастраецца і на Карэйскім паўвостраве.

Уладзімір Пуцін унёс на ратыфікацыю ў Дзяржаўную думу Расеі Дамову аб усёабдымным стратэгічным партнёрстве паміж КНДР і РФ. Дакумент, у прыватнасці, прадугледжвае ваенную дапамогу адным з бакоў дамовы іншаму, які ў стане вайны. Дамова носіць бестэрміновы характар і набывае моц пасля ратыфікацыі і абмену ратыфікацыйнымі граматамі.

«У выпадку, калі адзін з бакоў зазнае ўзброены напад з боку якой-небудзь дзяржавы або некалькіх дзяржаваў і апынецца такім чынам у стане вайны, то другі бок неадкладна надасць ваенную ды іншую дапамогу ўсімі наяўнымі ў яго распараджэнні сродкамі, згодна з артыкулам 51 Статуту ААН і згодна з заканадаўствам Расейскай Федэрацыі і Карэйскай Народна-Дэмакратычнай Рэспублікі», гаворыцца ў дакуменце.

Як заявіў падчас вечаровага звароту 14 кастрычніка ўкраінскі прэзідэнт Уладзімір Зяленскі, Расея плануе гэтаю восенню і зімою «фактычна залучыць» КНДР у вайну супраць Украіны.


«Я дзякую выведцы, усім прыцягнутым адмыслоўцам за поўную карціну. У адказ даў канкрэтныя заданні Сілам абароны, Сілам бяспекі, ураду і нашым дыпламатам. Хто б ні дапамагаў Расеі, будзем рэагаваць так жорстка, як трэба для абароны Украіны. Будзе і адпаведная нашая праца з партнёрамі, каб расейскія намеры не спрацавалі», адзначыў Зяленскі.

Напярэдадні прэзідэнт Украіны заявіў, што нарошчванне саюзніцтва паміж Расеяй і такімі КНДР «гэта ўжо не проста перадача зброі, гэта фактычна перадача людзей з Паўночнай Карэі ў ваенныя сілы акупанта». 

«Відавочна, што ў такіх умовах нашыя стасункі з партнёрамі маюць патрэбу ў развіцці. Фронт мае патрэбу ў большым падтрыманні. Калі мы гаворым пра большую дальнабойнасць для Украіны і больш рашучае забеспячэнне нашых сілаў, гэта не проста пералік ваенных сродкаў. Гэта павелічэнне ціску на агрэсара, які будзе для Расеі мацнейшы, чымся яны могуць вытрываць. І гэта недапушчэнне большай вайны», сказаў ён.

Беларуская дэлегацыя ў Пхеньян, КНДР. 17 красавіка 2024 года. (Фота: Kcna.kp)

Сустрэліся дзве Паўночныя Карэі. Што Менск хоча атрымаць ад Пхеньяна

навіны

Напружанасць на Карэйскім паўвостраве

Тым часам напружанасць з удзелам КНДР нарастае і на Карэйскім паўвостраве. Yonhap са спасылкай на паўднёвакарэйскіх вайскоўцаў паведаміла, што Паўночная Карэя падарвала ўчасткі дзвюх аўтадарог на захадзе і ўсходзе, якія вялі ў Паўднёвую Карэю. Ваенныя дадалі, што ўзмацнілі назіранне за тым, што адбываецца.

Пхеньян раней заяўляў, што мае намер перакрыць усе аўтамабільныя дарогі і чыгунку, якія вядуць на поўдзень. Таксама паведамлялася, што паўночнакарэйскія ўлады дэмантавалі асвятленне на дарогах са свайго боку і заклалі міны ўздоўж іх, а таксама разгарнулі войскі — меркавана для ўзвядзення супрацьтанкавых загарод і ўмацавання мяжы каля дэмілітарызаванай зоны, якая падзяляе дзве Карэі.

13 кастрычніка Мінабароны Паўднёвай Карэі прыгразіла «канцом паўночнакарэйскага рэжыму» ў адказ на заявы КНДР аб прывядзенні ў баявую гатоўнасць артылерыйскага корпуса на мяжы дзвюх краін.

Заява з’явілася таксама пасля таго, як КНДР заявіла «аб гатовасці да рашучых дзеянняў» у адказ на раскідванне з дронаў улётак, змест якіх носіць «антыпхеньянаўскі» характар. Пры гэтым Сеул не прызнае, што ладзіць такія акцыі, спасылаючыся на невядомых актывістаў. Сама КНДР у адказ на ўлёткі пасылае ў Рэспубліку Карэю паветраныя шары са смеццем.

Якуб Хруст belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10