Набліжаны да сілавікоў тэлеграм-канал 15 кастрычніка напісаў, што беларускі спявак з'ехаў з Беларусі пасля таго, як яму «ветліва патэлефанавалі і выклікалі ў міліцыю на гутарку».
Яны паведамілі, што хоць Макс Корж браў удзел у пратэстах, яго не чапалі, бо потым ён нібыта адумаўся і заклікаў прыхільнікаў не хуліганіць.
Мяркуючы з паведамленняў прапагандыстаў, пра спевака згадалі пасля «шэрагу скаргаў», быццам на канцэртах у Еўропе ён быў з бел-чырвона-белым сцягам і выказваўся на падтрыманне Украіны, але пры гэтым «прыязджае ў Менск здымаць кліпы».
«Няўжо ён думае, што калі б была мэта яго затрымаць і ўчыніць «маскі-шоу», то гэтага б не зрабілі? Малы зусім не пасталеў, таму наступным разам размова будзе кароткая», ‒ пагражае спеваку тэлеграм-канал сілавікоў.
Нагадаем: сёлета Макс Корж выступіў у Талліне, Рызе і Празе, а вось канцэрты ў Расеі, Казахстане і Узбекістане давялося адмяніць. 24 лютага 2022 года ён таксама размясціў у сябе ў сацыяльных сетках антываенны допіс і выказаў падтрыманне Украіне.
Тэса Анэйда belsat.eu