навіны

Ізраіль пакуль не вызначыўся з ударам па Іране

Камандаванне падраздзяленняў Цагалю
Камандаванне падраздзяленняў Цагалю. Фота: idf.il
podpis źródła zdjęcia

Урад Ізраілю пакуль не пастанавіў, якім мусіць быць адказ на масаваны ракетны абстрэл з боку Ірану.

Паводле The Times of Israel, на паседжанні ваеннага кабінету Ізраілю ўчора ўвечары ніякіх сур'ёзных рэзалюцыяў не прынялі. Паездкі міністра абароны Ізраілю Ёава Галянта ў Злучаныя Штаты, падчас якой планавалася абмеркаваць дэталі ізраільскага плану наконт Ірану, пакуль таксама не ўхвалілі.


Паводле суразмоўцы «The Times of Israel», Ізраіль мае намер каардынаваць свае дзеянні з ЗША і паміж бакамі цяпер працягваецца стратэгічная дыскусія.


«9 канал» паведамляе, што 10 кастрычніка абмеркаванне магчымага адказу на атаку Ірану цягнулася каля чатырох гадзінаў, але ў выніку галасавання ў гэтым пытанні ўвогуле не адбылося.


З моманту масаванай атакі на Ізраіль мінула ўжо дзесяць дзён. Увечары 1 кастрычніка Іран запусціў больш за 180 балістычных ракетаў, бальшыня была перахопленая або ўпала на адкрытай мясцовасці. Прэм'ер-міністр Ізраілю Бэньямін Нэтаньягу заявіў, што Іран зрабіў вялікую памылку «і заплаціць за гэта»: «Рэжым у Іране не разумее нашай рашучасці абараніць сябе і адпомсціць нашым ворагам. Мы будзем прытрымлівацца прынятага намі правіла: хто б на нас ні напаў, мы нападзем на яго».


Сярод цэляў, па якіх можа ўдарыць Ізраіль, медыі называюць аб’екты нафтавай і газавай інфраструктуры, а таксама ядравай праграмы Ірану. 


Вашынгтон імкнецца перадухіліць вялікую вайну на Блізкім Усходзе і выступае за тое, каб Ізраіль праявіў стрыманасць. Пасля іранскай атакі прэзідэнт Джо Байдэн падкрэсліў, што Ізраіль мае права адказаць, але прапарцыйна.


Паводле Reuters, краіны Персідскай затокі (Саудаўская Аравія, ААЭ і Катар) ціснуць на Вашынгтон, каб амерыканцы передухілілі атаку Ізраілю на іранскія нафтавыя аб'екты, бо баяцца, што ў такім выпадку стануцца мішэнню для атак іранскіх проксі.


Глеб Нержын belsat.eu


больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10