навіны

Старая вайна ці збор даніны з бізнесу? Чаму ў Беларусі арыштавалі сяброў калійнага магната Мазепіна

Пагрузка біг-бэгаў з угнаеннямі «Уралкалію» ў порце гораду Салікамск
Пагрузка біг-бэгаў з угнаеннямі «Уралкалію» ў порце гораду Салікамск, Расея. Фота: uralkali.com
podpis źródła zdjęcia

У пачатку кастрычніка ў Беларусі зноў затрымалі бізнесоўцаў, якія звязаныя з расейскай калійнай прамысловасцю – нібыта нешта не так з выплатай падаткаў. «Белсат» паспрабаваў разабрацца, якія ёсць версіі таго, што адбываецца.

Баўмгертнер 2.0?


Затрыманыя – былыя партнёры ў кампаніі «Уралкалій» і сябры па Мінскім сувораўскім вучылішчы бізнесмена Дзмітрыя Мазепіна Яўген Шавель і Дзмітрый Лабяк. Мазепін саўладальнік групы кампаній «Уралхім», куды ўваходзіць і расейскі канкурэнт «Беларуськалія» – «Уралкалій».

Яўген Шавель і Дзмітрый Лабяк. Фота з базы BELPOL
Яўген Шавель і Дзмітрый Лабяк. Фота з базы BELPOL

Шавель і Лабяк саацыянеры ў кампаніі ААТ «Юрас-Ойл». Гэта кампанія калісьці таксама валодала 20% акцый «Уралкалія». «Юрас-Ойл» называе сябе афіцыйным дылерам вядучых вытворцаў мінеральных угнаенняў, кармавых дабавак і прамысловай хіміі.


Цяпер у Беларусі разам з сябрамі Мазепіна затрыманыя і топ-менеджары «Юрас-Ойл». Праблемы ў гэтых людзей менавіта праз дзейнасць гэтай фірмы і звязаныя выплатай падаткаў, паведамляе «Наша Ніва». Падрабязнасцяў справы не вядома. Выданне мяркуе, што Шавеля і Лабяка, як і некаторых іншых бізнесоўцаў у Беларусі, «стрыгуць» – арыштоўваюць, каб атрымаць грошы за выхад з турмы.


Падобная сітуацыя адбылася ў 2013 годзе з на той момант гендырэктарам «Уралкалія» Уладзіславам Баўмгертнерам. Яго абвінавацілі ў нанясенні істотнай шкоды дзяржаўным і грамадскім інтарэсам Беларусі, што было звязана з падаткамі. Аднак тады СМІ пісалі пра «калійную вайну» паміж Беларуссю і Расеяй. Краіны не маглі дамовіцца, як прадаваць калій і як канкураваць, з чым непасрэдна быў звязаны Баўмгертнер.

Уладзіслаў Баўмгертнер. Фота: Laski Diffusion / East News
Уладзіслаў Баўмгертнер. Фота: Laski Diffusion / East News

Былы работнік «Беларускай калійнай кампаніі» (БКК), якая займаецца збытам прадукцыі «Беларуськалія», на умовах ананімнасці сказаў «Белсату», што цяперашняя сітуацыя наўрад ці паўтарае выпадак з Баўмгертнерам - Яўген Шавель і Дзмітрый Лабяк не былі заўважаныя ва ўпраўленні працэсамі гандлю ўгнаеннямі.


«Не думаю, што іх арышты нейкім чынам звязаныя з угнаеннямі або Беларуськаліем», – адзначыла крыніца.


Добры час пацясніць «Беларуськалій»


На думку, эканаміста Яраслава Раманчука, цяперашняя сітуацыя падобная на карпаратыўныя войны, але не на ўзроўні дзяржаваў.

Чытайце таксама:
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Вагон «Беларуськалію», арыштаваны ва Украіне. 6 лютага 2023 года. Фота: Ssu.gov.ua

Беларусь павялічыла экспарт угнаенняў у Польшчу. На першым месцы – Расея

«Тое, што ёсць перадзел рынку паміж рознымі суб’ектамі гаспадарання – гэта відавочна. “Уралкалій” спрабуе выбіць беларускі бок або захапіць нейкую частку актываў. Карпаратыўныя войны ніхто не адмяняў. Як кажуць, ёсць сем вежаў Крамля – нават паміж імі сварка ідзе часам не на жыццё, а на смерць. А тут Лукашэнка – чаму б не прыціснуць? На гэтым узроўні можа быць усё, таму тут ніякай вялікай палітыкі няма. Проста карпаратыўныя разборкі паміж павукамі ў банцы. Бо якая можа быць палітыка, калі Лукашэнка сустракаецца з Пуціным, калі яны хаўруснікі, суагрэсары? Яны разам да смерці або да Гаагі», – сказаў Раманчук у каментары «Белсату».


Цяпер добры момант для «Уралкалія», каб дзейнічаць супраць «Беларуськалія», лічыць суразмоўца.


«Паглядзелі, як адбываецца транзіт – праз Расею. Беларусам заблакавалі будаўніцтва портаў. Залежнасць ад расейскай інфраструктуры магутная. Не за гарамі пройгрыш у вайне. Калі не цяпер прыціснуць, то потым можа быць позна. Вось і прыціснулі. Але гэта проста здагадкі ў кантэксце таго, што ўжо было», – кажа Раманчук.


Новы віток старой вайны?


Беларускі аналітык з Украінскага інстытуту будучыні Ігар Тышкевіч лічыць, што гэта калійныя разборкі на ўзроўні дзяржаў і пачатак цікавай гісторыі. Эксперт бачыць за арыштам бізнэсоўцаў прымус да зліцця беларускіх і расейскіх калійных актываў. Ён узгадвае, што падобнае ўжо было ва ўзаемаадносінах саюзнікаў.


«Беларусь і Расія разам кантралююць да 30 % сусветнага рынку калійных угнаенняў. <...> У далёкія 2004-05 гады бакі вырашылі пазбегнуць канкурэнцыі і стварыць сумеснае прадпрыемства па збыце прадукцыі. Так паўстала ЗАТ "Беларуская калійная кампанія", дзе фармальна акцыі былі падзеленыя 50/50, але ў рэальнасці Менск за кошт няхітрых маніпуляцый атрымаў крыху больш ды і офіс БКК быў у сталіцы Беларусі», – распавядае гісторыю рознагалоссяў у калійнай сферы паміж Беларуссю і Расеяй Ігар Тышкевіч.

Цэх па вытворчасці NPK-угнаенняў «Беларуськалію». Фота: belaruskali.by
Цэх па вытворчасці NPK-угнаенняў «Беларуськалію». Фота: belaruskali.by

Тады ўладальнікам «Уралкалія» быў Сулейман Керымаў, якому не падабалася ідэя сумеснага збыту. Таму ён спрабаваў купіць “Беларуськалій” або зліць яго з расейскай кампаніяй. Аляксандр Лукашэнка заявіў, што гатовы прадаць «Беларуськалій» за $ 30 млрд. Керымаў за кантрольны пакет акцый быў гатовы даць толькі $ 15 млрд. А ў 2007 Лукашэнка ўвогуле адмовіўся прымаць Керымава. Гэта супала з перыядам, калі беларускія ўлады спрабавалі наладжваць стасункі з ЕЗ і выйсці з-пад санкцый.


Пасля выбараў 2010 года і разгону «Плошчы» ужо ні пра якія добрыя стасункі з ЕЗ не думалі. І зноў з’явіліся размовы пра аб'яднанне беларускай и расейскай прамысловасці, у тым ліку і «Беларуськалія» з «Уралкаліем».


Але далей адбываецца скандал з арыштам Баўмгертнера, а БКК пачынае працаваць толькі з беларусім каліем. Адпаведна, Расея выходзіць з гэтай кампаніі.

,,

«Крэмль быў вымушаны выкупіць Баўмгертнера. А Керымаў вымушаны быў прадаць "Уралкалій" Дзмітрыю Мазепіну», – узгадвае Тышкевіч.


У 2014 годзе Лукашэнка змог прабіцца на захад, арганізаваўшы ў Менску дыялогавую пляцоўку, пасля таго, як Расея пачала вайну супраць Украіны. Адпаведна, ціснуць на Лукашэнку Маскве было складаней.


У чэрвені 2021 года заходнія краіны ўвялі санкцыі супраць БКК і Беларуськалія. Таксама Беларусь пазбавілася магчымасці транспартавання праз ЕЗ, у тым ліку праз Клайпедскі порт, адкуль пакупнікам сыходзіла большая частка беларускага калію.


«Адзіным варыянтам для экспарту неўзабаве стала расейская тэрыторыя. Ідэальны варыянт для "Уралхіма" і новай спробы аб'яднання. Больш за тое, пасля 2022 года актывы Мазепіна нібыта трапілі пад санкцыі. Але варта ўспомніць праславутую "збожжавую здзелку". Адной з умоў РФ было вывядзенне з-пад санкцый як раз вытворцаў угнаенняў», – адзначае Ігар Тышкевіч.

Вагон-мінералавоз «Уралкалію». Фота: uralkali.com
Вагон-мінералавоз «Уралкалію». Фота: uralkali.com

Такім чынам у Мазепіна атрымалася часова прыпыніць санкцыі ЗША.


«"Уралхім" не пад санкцыямі, "Беларуськалій" – пад. Мазепін вядзе працу па прымусе да зліцця. Але ўмешваецца КНР і ў 2023 фактычна ратуе незалежнасць беларускай калійкі паменшыўшы імпарт прадукцыі "Уралхіма" ў 2,5 разы і замясціўшы яе пастаўкамі з Беларусі».


Аднак у пачатку 2024 года Лукашэнка не выканаў «хатняга задання з Пекіну», якое тычылася змены палітыкі, мяркуе Тышкевіч. І экспарт калію туды зноў абваліўся.


«А тут яшчэ і абмежаванні ў перавозках па чыгунцы (аказваецца ў РЖД бывае дэфіцыт лакаматываў). Адным словам, новая спроба прымусу да зліцця.


Але, як і ў 2013, падзьмуў свежы вецер. Пасля дэманстрацыі гатоўнасці прыслухоўвацца да партнёраў, КНР рэзка актывізавала сваю прысутнасць у Беларусі. А ва Украіне (зноў паралелі) запахла пачаткам мірных перамоваў. Ды і Менск зноў спрабуе пачаць гульню ў "нармалізацыю" адносін з суседзямі. Фактары сышліся. І deja vu – у Беларусі зноў кастрычнік і зноў арыштоўваюць буйных бізнесоўцаў, звязаных з расейскай калійнай галіной», – падводзіць рысу Тышкевіч.


Арсен Рудэнка belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10