навіны

Салігорскі «Шахцёр» пакідае найвышэйшую лігу беларускага футболу

Матч паміж ФК «‎Шахцёр» і «Дынама-Менск» на стадыёне «Будаўнік». Салігорск, Беларусь. 6 кастрычніка 2024 года. Фота: ФК «Шахтёр» Солигорск / VK
Матч паміж ФК «‎Шахцёр» і «Дынама-Менск» на стадыёне «Будаўнік». Салігорск, Беларусь. 6 кастрычніка 2024 года. Фота: ФК «Шахтёр» Солигорск / VK
podpis źródła zdjęcia

Салігорскі «Шахцёр», трохразовы чэмпіён краіны, афіцыйна і ўпершыню ў гісторыі пакідае найвышэйшую лігу першынства Беларусі. Пасля паразы ад менскага «Дынама» (0:3) у 24-м туры футбольнага чэмпіянату краіны гарнякі страцілі ўсе шанцы, каб захаваць прапіску ў эліце ў наступным сезоне.

Сёлетні сезон стаўся сапраўдным выпрабаваннем для «Шахцёра». Фінансавыя праблемы, нестабільнасць складу, канфлікты ўнутры клубу і расчаравальныя вынікі на полі прывялі да таго, што каманда апынулася на дне турнірнае табліцы.

«Наконт самааддачы прэтэнзіяў няма. Імкнуліся, але, на жаль, з такімі камандамі мы не гатовыя гуляць. Гэта паказалі сустрэчы і з "Нёмнам", і з “Дынама”. Майстэрства таго няма, якое ёсць на сённяшні дзень у менскага „Дынама”. Таму трэба трэнавацца і працаваць. Пакуль так», – кажа Сяргей Падпалы, выканаўца абавязкаў галоўнага трэнера ФК «Шахцёр» (Салігорск).

Летась, пасля грандыёзнага скандалу з дамоўнымі матчамі ў беларускім футболе, гарнякоў аштрафавалі на буйную суму і пазбавілі чэмпіёнства ў сезоне-2022. У дадатак у каманды аднялі трыццаць пяць балаў, а сёлета яны не далічыліся дваццаці пунктаў.

На просьбу «Белсату» сітуацыю каментуе Яўген Вяроўка, уладальнік футбольнага праекту «Pro.training.SV»: «Наколькі я ведаю сітуацыю, менавіта ў «Шахцёры» гуляюць сваімі выхаванцамі. У іх няма магчымасці падпісваць кантракты з іншымі гульцамі, у іх бан на гэта. У салігорскім клубе доўгі час працуе банда з двух чалавек, агенты. Я не буду называць прозвішчы, каму трэба, той, у прынцыпе, здолее даведацца пра гэтых асобаў. Агенты і яшчэ адзін чалавек, які кіруе ўсімі працэсамі ў клубе. Таму ўсё, што там адбываецца, было і раней. Яны атрымлівалі вялізныя бюджэты і не маглі супернічаць з БАТЭ за чэмпіёнства, хаця мелі фінансаў у два разы больш за барысаўцаў. Цяпер у іх няма рэсурсаў, няма магчымасці запрашаць новых футбалістаў.

,,

Тыя гульцы, якія цяпер выступаюць, цалкам не адпавядаюць камандзе найвышэйшай лігі. Таму з такім мінусам у 20 балаў у іх з самога пачатку не было шанцаў застацца ў найвышэйшай лізе. Усё да гэтага ішло".


Чытайце таксама:
Зборная Беларусі падчас матчу супраць Люксембургу на Лізе нацый УЕФА 2024/2025. Люксембург, Люксембург. 8 верасня 2024 года. Фота: team.abff.by

Столь заробкаў у беларускім футболе: пакінуць ці адмяніць?

Асацыяцыя «Беларуская федэрацыя футболу» пакінула за сабою магчымасць яшчэ раз пакараць «Шахцёр». Таму не выключана, што на старце чэмпіянату першае лігі наступнага сезону клуб будзе зноў пазбаўлены шэрагу балаў.

«Як ні круці, за выхад у найвышэйшую лігу змагаюцца 2-3 каманды, складзеныя з дастаткова нядрэннай якасці футбалістаў. Таму не ўсё так проста будзе для “Шахцёра”. Плюс нейкія закулісныя гульні могуць не даць “гарнякам” выйсці адразу ў эліту. Мы ж не ведаем цяпер гэты пэўны складнік», – кажа Яўген Вяроўка.

«Калі з “Шахцёра” ў наступным годзе ў найніжэйшым дывізіёне здымуць яшчэ балы, гэта наўрад ці перашкодзіць “Шахцёру” зноў вярнуцца ў эліту беларускага футболу. “Гарнякі” вышэйшыя паводле ўзроўню за ўсе каманды, што цяпер гуляюць у першай лізе. У прынцыпе, “Шахцёр” павінен выгуляць столькі матчаў, што гэта не адаб’ецца на яго вяртанні ў найвышэйшую лігу. Аднак усе здараецца, і калі здымуць больш як 10 балаў, то шанцы на вяртанне па выніках будучага сезону будуць ужо значна меншыя. Нагадаю, што асноўная праблема ў тым, што вызначае ў такіх сітуацыях не спорт, не гульня, а нейкія чыноўнікі ў кабінетах. Такога не павінна быць у спорце, гэта ўвогуле, на маю думку, сур’ёзная падстава для ўмяшання таго самага павольнага УЕФА, які раней не бачыў праблемаў у беларускім футболе. Нават нягледзячы на тое, што там ёсць сур’ёзныя праблемы з дыскрымінацыяй гульцоў, калі міністр спорту Сяргей Кавальчук вырашаў каму гуляць, а каму не. Цяпер гаворка ідзе пра тое, што адну з самых яскравых камандаў чэмпіянату адпраўляюць у другі паводле значнасці дывізіён, і яшчэ там могуць штучна затрымаць больш чым на год. Паводле іншых крытэрыях, у "Шахцёра" не было б праблемаў з вяртаннем у найвышэйшую лігу».

Матч паміж ФК «‎Шахцёр» і «Дынама-Менск» на стадыёне «Будаўнік». Салігорск, Беларусь. 6 кастрычніка 2024 года. Фота: ФК «Шахтёр» Солигорск / VK
Матч паміж ФК «‎Шахцёр» і «Дынама-Менск» на стадыёне «Будаўнік». Салігорск, Беларусь. 6 кастрычніка 2024 года. Фота: ФК «Шахтёр» Солигорск / VK

Вылет «Шахцёра» ў першую лігу – гэта страта для беларускага футболу ці менш канкурэнцыі іншым камандам? На гэтае пытанне «Белсату» адказвае Анатоль Котаў, кіраўнік міжнароднага дэпартаменту БФСС.

«Праблема не ў тым, ці гэта страта для нашага футболу. Праблема ў тым, што гэты пераход адбываецца праз адміністрацыйнае ўмяшанне ў справы футбольнай гаспадаркі. Нагадаю, што “Шахцёр” быў пазбаўлены пунктаў у турнірнай табліцы чэмпіянату ў выніку ўмяшання міністэрства спорту і турызму Беларусі. Для беларускага чэмпіянату ў найвышэйшай лізе страта такога суперніка – гэта сапраўдная праблема. На жаль, узровень беларускага чэмпіянату і так невысокі. Калі з яго праз адміністрацыйныя крокі вылятае каманда, якая заўсёды была ў вышэйшай частцы табліцы, то гэта заўсёды праблема. Аднак больш глыбокая праблема ў тым, што пытанні, хто робіцца чэмпіёнам, хто гуляе ў найвышэйшай лізе, хто гуляе ў лігах ніжэй, вырашаюцца не на стадыёне, а фактычна ў кабінеце міністра спорту Беларусі. Вось гэта самае дрэннае. „Шахцёр” шкада як каманду, аднак больш шкада ўсёй сістэмы, што забівае беларускі футбол», – кажа Котаў.

Матч паміж ФК «‎Шахцёр» і «Дынама-Менск» на стадыёне «Будаўнік». Салігорск, Беларусь. 6 кастрычніка 2024 года. Фота: ФК «Шахтёр» Солигорск / VK
Матч паміж ФК «‎Шахцёр» і «Дынама-Менск» на стадыёне «Будаўнік». Салігорск, Беларусь. 6 кастрычніка 2024 года. Фота: ФК «Шахтёр» Солигорск / VK

Да канца сёлетняга чэмпіянату краіны ў эліце засталося згуляць шэсць тураў. Пакуль у табліцы лідаруе гарадзенскі «Нёман». Аднак менскае «Дынама», апекаванае міністрам спорту Сяргеем Кавальчуком, мае яшчэ тры матчы ў запасе, калі параўноўваць з гарадзенцамі.

«У найвышэйшай лізе і палітычны кантэкст ёсць: барацьба “Дынама” з “Шахцёрам”, барацьба “Дынама” з БАТЭ. Ужо ўсіх, каго толькі маглі, выключылі сёлета з чэмпіёнскай гонкі. Штучна ў ёй пакінулі гарадзенскі “Нёман”, нібыта ён змагаецца за медалі. Усе цудоўна ведаюць, чым дыхае Ігар Кавалевіч, (галоўны трэнер ФК “Нёман”), чым дыхае гарадзенскі футбол. Таму, гэта для адводу вачэй, паказаць людзям, што ёсць нейкая канкурэнцыя. Аніякай канкурэнцыі няма, хутчэй за ўсё „Дынама” зробіцца чэмпіёнам. Альбо яго туды проста зацягнуць. З іншага боку, “бела-блакітныя” добра ўкамплектаваныя для рэаліяў беларускага чэмпіянату. Там досыць добры, дасведчаны трэнер Вадзім Скрыпчанка, які рэальна любіць футбол, ім жыве. Таму я думаю, што ў такой сітуацыі “Дынама” будзе чэмпіёнам, хоць зноў-такі, выпадкі ўсякія бываюць», – кажа Яўген Вяроўка, уладальнік футбольнага праекту «Pro.training.SV«.

Салігорскі клуб выступаў у топ-дывізіёне з пачатку яго заснавання ў 1992 годзе. За гэты перыяд, акрамя трох чэмпіёнстваў, на рахунку «гарнякоў» шэсць срэбраных і восем бронзавых медалёў. Цяпер клуб чакае нялёгкі шлях: адаптацыя да новага ўзроўню і спроба аднавіць былую славу.

Павел Алейнікаў belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10