Паведамленне пра стварэнне ў Беларусі фонду «Польская праўда», а таксама пра імавернае прыцягненне да яго працы былога рэдактара тэлеграм-каналу «Nexta» Рамана Пратасевіча з’явілася ў тэлеграм-канале беглага суддзі Шмыта.
Шмыт зазначае, што зацікаўлены ў працы з Раманам Пратасевічам, але яшчэ трэба будзе пагутарыць з ім наконт гэтага пытання.
,,«Ён добра ведае, як працуюць сацыяльныя медыі, такія людзі мне патрэбныя. Першы крок – трэба сустрэцца і паразмаўляць. Я думаў пра ягоную кандыдатуру, ведаю, хто ён, але мы яшчэ не сустракаліся», – сказаў былы суддзя.
Фонд Шмыта мае падтрымліваць ідэі «добрасуседскай супрацы Польшчы з Беларуссю, аказваць дапамогу ў пытаннях польскага заканадаўства, усталёўваць і падтрымліваць сяброўскія сувязі з «прагрэсіўнымі замежнымі няўрадавымі арганізацыямі і асобнымі грамадзянамі», спрыяць «выхаванню грамадзянаў на прынцыпах міру, сяброўства, узаемаразумення і згоды, пераадолення сацыяльнай раз’яднанасці і нацыянальнай варожасці паміж дзяржавамі Еўразвязу, Беларуссю і Расеяй».
Мэтаю сваёй дзейнасці Шмыт называе «ўмацаванне сяброўства, узаемаразумення і згоды паміж грамадзянамі ЕЗ, Беларусі і Расеі», а таксама «дапамогу ў абароне тых грамадзянаў, чые правы парушаюць на тэрыторыі Еўразвязу».
Былы польскі суддзя Томаш Шмыт уцёк у Беларусь сёлета на пачатку траўня. Падчас прэс-канферэнцыі 6 траўня ён заявіў, што будзе прасіць у Беларусі палітычнага прытулку.
У Польшчы Шмыт абвешчаны ў вышук, супраць яго распачатая крымінальная справа. Беглы суддзя і ягоная жонка замяшаныя ў скандале, звязаным з ціскам на суддзяў, якія выступалі супраць судовай рэформы ў Польшчы. Таксама Шмыт займаўся «сакрэтнымі справамі», да якіх маюць доступ толькі спецслужбы і суддзі.
Як высветліла польскае выданне «Fakt», на радзіме Шмыт пакінуў сур’ёзныя даўгі. Расследавальнікі выказвалі здагадкі, што «драматычнае» фінансавае становішча суддзі магло спрыяць ягонаму вербаванню праз КДБ Беларусі.
У чэрвені былы суддзя паведаміў, што працуе ў беларускім дзяржаўным інфармацыйным агенцтве «БелТА».
Марыя Міхалевіч belsat.eu