Еўрастат падлічыў колькасць выдадзеных іншаземцам «першасных дазволаў на знаходжанне» ў розных краінах ЕЗ за 2023 год (стытыстыку там заўсёды лічаць няхутка). Апынулася, што за мінулы год беларусы патрапілі ў топ не толькі па Польшчы, але і па ЕЗ у цэлым.
У статыстыцы Еўрастат да «першасных дазволаў на пражыванне» адносяцца не толькі ВНЖ, але і візы, якія даюць права бесперапынна знаходзіцца ў ЕЗ даўжэй за тры месяцы. Большасць такіх дазволаў на пражыванне ў ЕЗ у 2023 годзе атрымалі грамадзяне Украіны (307,3 тысячы), беларусы апынуліся на другім месцы (281,3 тысячы). На трэцім месцы, пасля беларусаў і ўкраінцаў, знаходзяцца індусы (208 тысяч).

Найчасцей беларусы атрымлівалі дазвол на жыхарства менавіта ў Польшчы: 256 тысяч з усіх 281,3 тысячы па ЕЗ. На другім месцы ў Польшчы – украінцы, ім выдалі 241 тысячу такіх дазволаў. Аднак тут трэба ўлічваць, што ўкраінцам дазвол на жыхарства ў Польшчы ўвогуле не патрабуецца, таму ў падліку ўдзельнічалі толькі тыя з іх, хто прыехаў у краіну па працы, у сувязі з сям'ёй ці для навучання.
Дарэчы, Польшча за 2023 год выдала замежнікам амаль 643 тысячы відаў на жыхарства – гэта першае месца сярод усіх краін ЕЗ. Што яшчэ цікава, структура іміграцыі ў Польшчу адрозніваецца ад краін Заходняй Еўропы: большасць імігрантаў прыязджаюць у Польшчу менавіта з мэтай працаўладкавання. У тым ліку і беларусы: больш за палову (131 тысяча чалавек) запыталі дазвол на знаходжанне ў сувязі з працай, 117 тысяч – «па асабістых прычынах».
Тэса Анэйда belsat.eu