навіны

Суд над айцішнікам, што вярнуўся з Амерыкі, і завочны працэс над былым міліцыянтам

Артур Мемех, якога будуць судзіць пасля вяртання з ЗША. Фота: Вясна / Правы чалавека ў Беларусі / Telegram
Артур Мемех, якога будуць судзіць пасля вяртання з ЗША. Фота: Вясна / Правы чалавека ў Беларусі / Telegram
podpis źródła zdjęcia

«Белсат» вядзе хроніку палітычных рэпрэсій, якія не сціхаюць у Беларусі.

23 верасня ў Менскім гарадскім судзе будзе разглядацца справа айцішніка з EPAM Артура Мемеха, якога судзяць за «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці» паводле ч. 1 і ч. 2 арт. 361-4 КК. З сацсетак вядома, што Артур працаваў у EPAM і жыў у ЗША. Верагодна, малады чалавек вырашыў вярнуцца ў Беларусь, дзе і быў затрыманы.

11 верасня ў судзе Добрушскага раёна разглядалася адміністрацыйная справа ў дачыненні да функцыянера гомельскага праўладнага прафсаюза Мікалая Талейкі. Яго абвінавацілі ў «распаўсюдзе экстрэмізму» (ч. 2 арт 19.11 КаАП). Вынікі суду пакуль невядомыя. Мікалай Талейка – галоўны прававы інспектар працы Гомельскай абласной арганізацыі Беларускага прафесійнага саюза работнікаў гандлю, спажывецкай кааперацыі і прадпрымальніцтва.

12 верасня ў судзе Дзяржынскага раёна прайшлі паралельна тры суды паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса («Актыўны ўдзел у дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак»). На лаві падсудных апынуліся Андрэй Байдак, Вікторыя Яшушкевіч і Вольга Радзюк.

12 верасня ў Менскім абласным судзе пачаўся працэс над Інай Плахатнюк, якую абвінавачваюць паводле ч. 1 і ч. 2 арт. 361-4 Крымінальнага кодэкса – верагодна, за салідарнасць з палітвязнямі.

ГУБАЗіК затрымаў мужчыну за ўдзел у паслявыбарчых акцыях пратэсту. Вядома, што мужчына працуе інжынерам‑электронікам. На «пакаяльным відэа» ён кажа, што ў 2020 годзе «не менш за 5 разоў хадзіў на масавыя мерапрыемствы». Раней мужчыну затрымлівалі за «негатыўныя каментарыі» ў тэлеграме.

23 верасня Гарадзенскі абласны суд правядзе завочны працэс па крымінальнай справе былога лідскага міліцыянта Юрыя Махнача. Яго абвінавачваюць паводле ч. 1 арт. 356 КК («Здрада дзяржаве»). Па гэтым артыкуле мужчыну могуць прысудзіць ад 7 да 15 гадоў зняволення з штрафам ці без штрафу. Юрый Махнач служыў падпалкоўнікам у Лідскім РАУС. Праваабаронцы адзначаюць, што ў жніўні 2020 года ён публічна расказаў пра падрыхтоўку міліцыі да карных «зачыстак», збіванні затрыманых. 18 жніўня ён падаў у адстаўку са службы ў міліцыі, а пазней выехаў у Польшчу.

Згодна з рашэннем суда Савецкага раёну г. Менска ў спіс «экстрэмісцкіх матэрыялаў» дадалі Instagram-старонку «childfree_myway», а таксама TikTok-старонку «about_belarus» і яе лагатып.

Сілавікі затрымалі мастачку з Менска, абвінаваціўшы яе ў тым, што яна нібыта абражала міліцыянтаў, а таксама беларускія і расейскія ўлады. Акрамя таго, жанчыну абвінавачваюць у тым, што яна дасылала інфармацыю ў чат-бот «Чорнай кнігі Беларусі».

Раман Шавель belsat.eu


больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10