Магчыма, вы бачылі, што мы рабілі ў дзень выбараў 2020 года: жывыя эфіры і выпускі навінаў, тэксты і фота ў Telegram, нашыя журналісты проста побач з вамі на вуліцах… 9 жніўня 2024 года беларусы дзеляцца сваімі ўспамінамі і думкамі аб тым дні чатыры гады таму. Раскажам і мы, як тыя дні ўспамінае «Белсат».
Журналіст і вядоўца «Белсату» Сяргей Падсасонны згадаў на Facebook, што 9 жніўня працаваў сем гадзінаў у жывым эфіры разам з Ігарам Кулеем, кожныя дзве гадзіны пары вядоўцаў змяняліся. Ды калі пасля шасці гадзінаў у кадры вядоўцаў хацелі замяніць, то Падсасонны з сувядоўцам сказалі, што застаюцца, бо не могуць устаць.
«Рэдакцыя працавала круглыя содні цягам некалькіх месяцаў, людзі ночылі на падлозе, дырэкцыя замаўляла ежу, – піша Падсасонны. – Мы жылі ў ньюсруме, мы жылі беларускай рэвалюцыяй разам з усімі, хто выходзіў на вуліцы. Гэта была радасць за абуджэнне і роспач ад жорсткасці разгонаў. Без сумневу, 2020 – адная з галоўных датаў беларускай нацыянальнай гісторыі. І пасля чатырох гадоў, што б ні рабілі па другім баку, у іх толькі сілавое ўтрыманне, перакананні людзей засталіся нязменнымі. Хаця заплачаны велічэзны кошт ахвярамі ў зняволенні, забітымі, выкінутымі з краіны… Гэта наш боль і нажае жыццё. Жыве Беларусь!»
Кулей да гэтага дадаў: на «ваенны рэжым працы» рэдакцыя перайшла яшчэ раней: Сяргея Ціханоўскага затрымалі ў траўні, Віктара Бабарыку ў чэрвені, затым лідарства ў кампаніі ўзялі жанчыны…
«Дні і тыдні зліліся ў адно і 9 жніўня сталася толькі значнай кропкай на гэтым працяглым таймлайне і пачаткам яшчэ больш яскравых падзеяў», – напісаў Кулей.

Журналіст Аляксандр Папко згадвае, што яшчэ 7 жніўня рэдакцыя «Белсату» дала заданне не ночыць у кватэрах, у якіх былі да таго: асцерагаліся арышту. У той дзень судзілі затрыманых днём раней «дыджэяў пераменаў» Улада Сакалоўскага і Кірылу Галаванава. Папко згадвае, што быў на тым самым дзяржаўным мітынгу, дзе яны ўключылі песню «Перемен».
«9 жніўня лёг інтэрнэт. Мы з аператарам перайшлі ў рэжым падводнай лодкі: здымаем, дзе планавалі, перадаем відэа людзям, якія могуць перадаць яго ў студыю, а самі як мага менш камунікуем за знешнім светам. У натоўпе, які чакаў вынікаў выбараў, сустрэў сябра-земляка, які запрапанаваў пераночыць у яго.
Мы здымалі разгон маніфестацыі ля Палаца спорту: АМАП, вадамёты, шумавыя гранаты. Гэта ўсё мы з аператарам бачылі і раней. Памятаю, як каля мяне бегала дзяўчына і спалохана ці абурана крычала, указваючы на міліцыянтаў:
– Вы видите что они делают?! У нас в стране никогда такого не было.
– Было, – змрочна адказаў я.– Напрыклад, у 2010-м.
– А я не помню, что было в 2010-м, – неяк прыцішана сказала яна.
На другі дзень мы прыехалі ў офіс каманды Бабарыкі і Ціханоўскай. Я памятаю разгубленыя твары Ціханоўскай і Калеснікавай, якія даведаліся, што Вераніка Цапкала, не паведаміўшы ім, з'ехала ў Маскву. Ціханоўская была шакаваная масавымі затрыманнямі, адсутнасцю сувязі і не ведала, як радзіць сабе ў гэтай сітуацыі.
На наступны дзень мы з аператарам пайшлі пад гатэль „Беларусь“. Сувязі не было, і маштабу пратэстаў я не разумеў. Некалькі кіламетраў на поўнач ад нас грымелі, не сціхаючы, гранаты, асвятляючы кароткімі сполахамі неба. Я праводзіў для знаёмай замежнай журналісткі „экскурсію“ па начным Менску, тлумачыўшы, як не патрапіць у лапы міліцыянтаў. Мы не ведалі, што грыміць на Пушкінскай, і што там у гэты дзень забілі Аляксандра Тарайкоўскага».

Журналістка «Белсату» Маргарыта 9 жніўня пабывала на трох участках для галасавання. Яна пералічвае:
«Першы – па месцы прапіскі, дзе і аддала свой голас за Ціханоўскую.
Другі – у раёне Ангарскай, дзе прыехала падтрымаць сваю сяброўку, якая была назіральніцай. Тады мы ўпершыню пабегалі ад АМАПу, які пачаў ганяць людзей яшчэ да 20.00. То бок калі яшчэ можна было галасаваць.
Ну а трэці – па месцы жыхарства. Гэта школа ў Брылевічах. Гэта было каля 23.00. Там ужо сабралася шмат людзей, бо вынікі так і не вывесілі, а камісія забарыкадавалася ў школе. Іх вывозіў АМАП. Памятаю, нехта нават кінуў бутэльку ў бусік, які ад'язджаў.
Пасля я села ў аўто і паехала ў цэнтр. Аднак змагла даехаць толькі да Тэатру музкамедыі, бо ўжо ўсё было перакрыта».

Журналіст Алесь Ляўчук прыгадвае, што раніца 9 жніўня 2020 года пачалася з сарванага ўключэння: сілавікі не далі выйсці ў эфір каля выбарчага ўчастку ў Берасці. Ён тады яшчэ падумаў: з чаго гэта яны былі нейкія нервовыя і «асабліва зараджаныя»?
«Але працягнулі працаваць, здымалі на ўчастках, у буфетах, выходзілі на ўключэнне. Выявілася, што з усяго „Белсату“ толькі ў нас была акрэдытацыя, таму наздымалі кадраў на гады наперад. Але ў адрозненне ад выбараў, якія былі раней, у 2020 годзе прадстаўнікі ўлады былі занадта нервовыя і напружаныя, у выніку ў нас узнікла некалькі канфліктаў».
Прыблізна ў 17 гадзінаў 10 жніўня каманду «Белсату» затрымалі: яшчэ да пачатку акцыі журналістаў ачапіў АМАП. Алеся з жонкай, журналісткай Міланай Харытонавай, павялі ў РУУС Берасцейскага раёну. Завялі ў актавую залу, ветлівы міліцыянт паабяцаў толькі праверыць акрэдытацыю і адпусціць. Праз паўгадзіны той дакладваў начальніку: «У іх ёсць акрэдатацыя, што, ***, рабіць?» Зразумела, адпускаць не збіраліся, павезлі ў іншы РАУС, адваката не дапусцілі.
«9 жніўня ў Берасці затрымалі тысячы людзей, але на наступны дзень іх выйшла яшчэ больш і пачалася сапраўдная вайна. Каманду „Белсату“ ўзялі ў палон, мы сядзелі ў РУУСе і бачылі, як людзей закідвалі ў памяшканне і брутальна збівалі. Кіраваў гэтай аперацыяй асабіста кіраўнік гораду – Аляксандр Рагачук. Гэта ён аддаваў загады хапаць і збіваць людзей.
Супраць мірных людзей кінулі ўсе сілавыя рэзервы – міліцыю, АМАП, байцоў 38-й дэсантнай брыгады і вайсковай часткі спецеперацый. Менавіта байцы гэтай часткі Гаўрылаў і Галіцын застрэлілі 11 жніўня Геннадзя Шутава. У людзей ляцелі шумавыя гранаты, у іх стралялі гумовымі і не толькі гумовы кулямі, травілі газам, збівалі дубінкамі і нагамі».
Міліцыянты ў той дзень сябе не кантралявалі, упэўнены Ляўчук. Ён прыгадвае, як яго прывезлі ў РАУС Ленінскага раёну Берасця, перад якім стаяла вельмі шмат машынаў «хуткай дапамогі». Праз 20 хвілінаў да машыны, дзе яго трымалі, прыбег падпалкоўнік і пачаў крычаць: «Вы дэбілы, *** [навошта] вы прывезлі сюды журналістаў?» Што ў такім разе рабіць з затрыманымі журналістамі, ужо не ведаў ніхто. Павезлі назад у РУУС Берасцейскага раёну – а ўжо і там шмат збітых людзей, усё ў крыві пратэстоўцаў.
«У мяне зазваніў тэлефон – намеснік начальніка РУУСу збіў мяне з ног і забраў тэлефон, – расказвае Ляўчук. – Мы сядзім пад аховай у РУУСе і чуем, як узрываюцца гранаты, як крычаць людзі, як у іх страляюць. І тут пад гэтае ўсё музыка Аляксандр Івачоў са свайго балкона на Савецкай іграе на піяніна „Вставай, страна огромная“. Не трэба забываць, што ад месца, дзе мы сядзелі, да Берасцейскай крэпасці кіламетры два.
Баі скончыліся прыкладна ў гадзіну ночы, у тры прыйшлі па нас:
– Ну что, журналисты, домой поедете скоро.
– Дадому? – перапытаў я.
– Какое, ***, дадому! В тюрьму, га-га-га!
У выніку мы на „хуткай“ паехалі ў лякарню. Нам, можна сказаць, пашанцавала. Там мы пабачылі інтэрна, у яго было першае дзяжурства і вельмі вялікія вочы. За гэту ноч ён бачыў усё.
Ён мне сказаў: «Вы ж „Белсат“? Я ведаю, што вы „Белсат“, і што тут адбываецца гэта проста *** [гамон]. Я не магу пакуль сказаць, як, але нам удалося выбрацца і з міліцыі, і з лякарні, пры гэтым з усёй тэхнікай. На наступны дзень у 50 метрах ад нашага дому застрэлілі Геннадзя Шутава.
Але гэты зусім іншая гісторыя. Мы заставаліся і здымалі ў Беларусі да апошняга, нам удалося пратрымацца да ліпеня 2021 года».

Шэф-рэдактарка сайту Belsat.eu Вольга Ярохіна ў выбары-2020 працавала з Польшчы. Яна згадвае:
«А 7-ай раніцы я паехала да амбасады Беларусі ў Варшаве, каб прагаласаваць, але там ужо была чарга на квартал… „Прагаласавала“ ў незалежных назіральнікаў і паехала на офіс працаваць. У калегаў з Беларусі ўжо быў выключаны інтэрнэт. Цэлы дзень і паўночы мы стэлефаноўваліся, запісвалі інфармацыю і выстаўлялі яе на сайт і ў сацсеткі. Побач са мной, на сцяне, вісеў вялікі тэлевізар, дзе нон-стоп мы слухалі наш эфір, які калегі стваралі ў іншым будынку. Мы бачылі, як яны стамляюцца, як прафесійна трымаюцца нягледзячы ні на што.
У мяне не было свята. У маёй галаве пульсавала адная думка: „Нас усіх закатаюць у асфальт“. Дзень расцягнуўся на месяц бесперапыннай працы: а 7-й пад’ём – таксі – офіс – праца – 3 ночы – таксі – дом – сон 3 гадзіны – пад’ём. Некаторыя заставаліся спаць наўпрост у офісе на падлозе.
Самыя страшныя моманты – калі журналіст ці фатограф не адказваюць па тэлефоне. „Не магу гаварыць, тут на нас дрон палюе“, „мяне падстрэлілі“, „я аглохла“, „еду ў рэдакцыю, раней, так, бо напарнік адрубіўся“, „даедзеш дадому – напішы, я пачакаю нават да раніцы“, „хто патэліць матулі збітага хлопца, які ў коме?“, „на відэа фэйк, яна не магла з такім макіяжам тры дні ў СІЗА быць“. „Чым дапамагчы? Замоў ежы“.
Я ні пра што не шкадую. Мы рабілі ўсё, што маглі, нават немагчымае. І мы працягваем гэта рабіць.
Бо аднойчы мы ўсімі рэдакцыямі адкаркуем шампанскае і напішам: „На сёння ў нас для вас адная добрая навіна, а мы пайшлі святкаваць“».

Былы журналіст «Белсату» Зміцер Ягораў у 2020 годзе кіраваў нашай рэдакцыяй інфармацыі. Ён расказаў на Facebook, што ў 2020 годзе адразу пасля 9 жніўня паехаў у Беларусь «бяспаліўна на машыне на польскіх нумарах з двума ці трыма бронікамі». У Менску пабачыў першыя акцыі жанчын у белым і мог вызначыць «сваіх» па вачах. Паглядзеў часовую «базу» АМАП блізу Цэнтральнага вакзалу. Расказваў польскім медыям пра сітуацыю ў Беларусі. Чуў ад калегаў у Варшаве, што пакінуў іх і паехаў «адчуць смак перамогі і пафоткацца ў гістарычны момант». Але і ў Менску былі журналісты і аператары «Белсату», якім была псіхалагічна важная ягоная прысутнасць.
«Мой апошні пакуль рэпартаж пачаўся з-пад Акрэсціна. Яшчэ нікога не пачалі выпускаць, чуткі пра збіванні людзей да чорнага колеру пакуль успрымаюцца як чуткі. Валанцёрка расказвае мне як журналісту, што мянты дубінкай выбіваюць на спінах людзей крыжы – на ўсю спіну. Мне не верыцца. Праз паўгадзіны па сакрэту паказваюць фоткі.
Мазгі спрабуюць рацыяналізаваць: ну, гэта можа адзінкавы выпадак, мент-псіхапат. А па праўдзе іх, псіхапатаў, маральных уродаў – тысячы.
Уночы мы на машыне рушым у пагоню за „хуткай“, якая выехала з Акрэсціна. Прабіраемся праз плот на тэрыторыю шпіталя. Заціраемся ў давер персаналу і прабіраемся ў сам шпіталь. Санітарачка дапамагае нам прыдумаць легенду. І заводзіць у калідор са словамі „зараз будуць прывозіць, вы іх пазнаеце“.
Сапраўды, збітых людзей з Акрэсціна мы пазнаем адразу. На каталцы, яшчэ ў вопратцы, бруднай, са слядамі крыві. Боты без матузкоў. „Наш“, разумею. Мужчына вельмі слабы. не можа гаварыць, яму падобна, пашкодзілі хрыбетнік, яшчэ ён дыябетык. Ён можа толькі назваць сваё імя. Іншы мужчына – сам перасоўваецца, і паказвае цела: спіну, рукі, жывот, ногі – усё чорна-сіняя, акрамя шыі і твару. Пад падазрэннем пераломы рэбраў і рукі. Ён радуецца. Яго абяцалі пакінуць у шпіталі, ён гаворыць, што гэта – ратунак.
І апошняя карцінка. Я ўжо ўдома ў Варшаве, гляджу стрым з Горадні. Людзі нясуць гіганцкі сцяг праз Стары мост. У мяне пачынаюць ліцца слёзы. Я тлумачу сыну, чаму плачу: што вельмі хацеў, але не верыў, што ўбачу такое ў сваім жыцці. Цяпер я цвёрда веру, што яшчэ пабачу».

У студыі «Белсату» ў дзень выбараў працавала сярод іншых Аліна Коўшык – яна цяпер прадстаўніца Аб’яднанага пераходнага кабінету па нацыянальным адраджэнні. 9 жніўня 2024 года яна падзякавала беларусам, якімі ганарыцца, і нагадала, што гэты дзень – дзень народзінаў славутай беларускай паэткі Ларысы Геніюш. Коўшык працытавала ейныя словы:
«Слова „кахаю“ – слабое слова. Мужнае слова – „абараню“!»
Свае гісторыі пра 2020 год маюць яшчэ многія журналісты, аператары, рэдактары, тэхнікі і іншыя супрацоўнікі «Белсату». Але не ўсе іх могуць расказаць цяпер: у няволі дзейныя і былыя нашыя калегі, агулам за кратамі ў Беларусі цяпер 37 супрацоўнікаў медыяў. У іх ліку – Кацярына Андрэева, якая працавала ў кадры на вуліцах у выбарчыя дні і наступныя пратэсты, трапіла ў няволю з жывой трансляцыі разгону пратэсту на плошчы Пераменаў 16 лістапада 2020 года. За гэта і за таямнічую «Здраду дзяржаве» яе асудзілі на 8 гадоў і 3 месяцы пазбаўлення волі.
Алесь Наваборскі, «Белсат»