У Польшчы выдалі ордары на арышт трох беларусаў, якія, паводле следства, датычныя да прымусовай пасадкі самалёту «RyanAir». Пракуратура суседняй краіны будзе намагацца іх арышту праз Інтэрпол. Ці атрымаецца?
Польская «Gazeta Wyborcza» 6 верасня апублікавала вялікі артыкул пра справу лайнера «RyanAir», што ляцеў з Афін у Вільню і быў прымусова пасаджаны ў Менску ў траўні 2021 года. Тады быў затрыманы журналіст Раман Пратасевіч і ягоная сяброўка, расейская грамадзянка Соф’я Сапега.
Паводле версіі цяперашніх уладаў Беларусі, тэрарысты «Хамасу» парассылалі лісты ў некалькі аэрапортаў з паведамленнем, што борт замінаваны, і выбух здарыцца, калі лятак будзе над Вільняй. Таму экіпажу настойліва прапанавалі прызямліцца ў Менску. Маўляў, Пратасевіч, які быў у самалёце, — проста выпадковасць.
Лятак зарэгістраваны ў Польшчы, на рэйсе былі польскія грамадзяне, таму ў суседняй краіне пачалі следства. І вось цяпер Акруговы суд у Варшаве завочна арыштаваў трох асобаў: тагачаснага кіраўніка «Белаэранавігацыі» Леаніда Чуро, кіраўніка палётаў гэтага прадпрыемства Яўгена Цыганова і афіцэра КДБ, прозвішча якога, як сцвярджаецца, вядомае польскаму следству, але пакуль не раскрываецца.
Іх абвінавачваюць у тэракце: захопе самалёту шляхам падману і незаконным пазбаўленні волі пасажыраў і экіпажа. За гэта пагражае да 12 гадоў турмы.
«Gazeta Wyborcza» піша, што нацыянальная пракуратура плануе абвесціць фігурантаў у вышук праз Інтэрпол.
Следства ў Польшчы прыйшло да высновы, што пагроза выбуху была фальшываю, і ўся гэтая гісторыя — аперацыя беларускіх спецслужбаў дзеля затрымання Пратасевіча.

Адзін з аўтараў артыкулу, журналіст Пётр Жытніцкі ў размове з «Белсатам» канстатаваў, што абвінавачаныя не прыедуць у Польшчу, аднак іх чакае міжнародны пераслед:
«Гэта значыць, што калі гэтыя людзі калі-небудзь пакінуць Беларусь і апынуцца на тэрыторыі іншай краіны, яны мусяць быць затрыманыя. Ці адбудзецца гэта, мы ўбачым. Зрэшты, цалкам імаверна, што гэтыя людзі ніколі не будуць прыцягнутыя да адказнасці».
Жытніцкі таксама адзначыў, што, хаця прозвішча кадэбіста, абвінавачанага ў тэрарызме, і не раскрываецца, «той ведае, што яго шукаюць»: «Тое, што ягонае імя пакуль не вядомае, тлумачыцца толькі фармальнымі прычынамі. Проста працэдура мае адбыцца цалкам».
Журналіст «Gazeta Wyborcza» не выключае, што да злачынства датычныя некалькі работнікаў КДБ, праблема толькі ў ідэнтыфікацыі:
«Пытанне ў тым, ці здолеюць польскія службы гэта выявіць, бо, каб выставіць абвінавачванне, патрэбна ведаць імёны і прозвішчы гэтых людзей».
Суразмоўца «Белсату» канстатаваў, што следству дапамагла польская выведка, якая працуе ў Беларусі і перадае інфармацыю ў Варшаву:
«Імаверна, польскай выведцы ўдасца высветліць, напрыклад, ад сваіх інфарматараў, яшчэ імёны і прозвішчы тых, хто быў датычны, таму што, пэўна, гэты круг быў значна шырэйшы. Гэта, натуральна, не была акцыя знізу ўверх, самавольства нейкіх функцыянераў рэжыму. Гэта, безумоўна, была аперацыя, падрыхтаваная на высокім узроўні».
Аднак, бадай, галоўную ролю адыграў дыспетчар, які ў той дзень кантактаваў з экіпажам лайнера «RyanAir» і выконваў загады свайго кіраўніка і спецслужбоўцы. 42-гадовы Алег Галегаў запісаў на дыктафон смартфона ўсё, што адбывалася ў дыспетчарскай, і ўцёк з Беларусі праз Грузію і Турцыю ў Польшчу, прывёзшы з сабою гэты запіс ды іншыя сведчанні:
«Нашыя інфарматары сказалі, што ён у бяспецы, і гэтага нам было дастаткова. Можна меркаваць, што ён у руках спецслужбаў. У Польшчы ці іншай краіне, мы не ведаем. Можа, пад змененай асобаю. Ягоная бяспека — прыярытэт для польскіх службаў. Ён пацвердзіў тое, пра што здагадваўся ўвесь свет. Калі самалёт прызямліўся, увесь свет здагадаўся, што гэта была беларуская правакацыя з мэтаю затрымання Пратасевіча і Сапегі».

Пакуль фігуранты польскай справы аб беларускім тэрарызме падлягаюць затрыманню толькі на тэрыторыі Польшчы, але, як заўважыла юрыстка «WKB Lawyers» Ганна Маціеўская, нішто не замінае абвесіць іх у вышук ва ўсім Еўразвязе, а таксама праз Інтэрпол:
«Гэта было б вельмі добрым крокам, таму што гэта дало б добры штуршок і сігнал беларускаму рэжыму, які злоўжывае нормамі міжнароднага паветранага права. Будзе вельмі цікавая сітуацыя: тое, што сёння мы бачым у дачыненні беларусаў, якіх пераследуе рэжым праз запыт у Інтэрполе, можа перавярнуцца супраць самых прадстаўнікоў рэжыму».
У размове з «Белсатам» адмыслоўца адзначыла, што, калі Інтэрпол абвесціць трох фігурантаў у вышук, максімум, што ім свеціць, — санаторый на расейскім курорце. У любой іншай краіне могуць узнікнуць праблемы:
,,«Рэжым яшчэ не тэставаў супраць сябе Інтэрпол, не тэставаў, як іншыя краіны будуць падыходзіць. Можна разлічваць на Расею, яна не выдасць, але іншыя краіны, якія, можа, першы раз з гэтым сутыкнуцца, якія, магчыма, сябруюць з рэжымам, але — ёсць запыт, трэба разабрацца. Асобы могуць сутыкнуцца хаця б з часовым арыштам. Адзінае, што можа быць нейкая дамоўленасць перад паездкай, калі гэта будзе службовы візіт».
Юрыстка не выключае, што прозвішча кадэбіста з гэтай справы не назвалі, каб ён трапіў у пастку, — так, як гэта здарылася з рэжысёрам Андрэем Гнётам, якога сербы затрымалі і хочуць экстрадаваць у Беларусь: «Калі не называем імя, асоба не ведае, што яна ў вышуку Інтэрполу, як гэта было з Гнётам, які не ведаў, пакуль не прыехаў у Сербію».
«Новы ўзровень эскалацыі ў праўным баку», — так сітуацыя выглядае для праўніка НАУ Міхаіла Кірылюка. У каментары «Белсату» ён заўважыў, што публічнае паведамленне пра завочны арышт абвінавачаных робіць больш складаным іх затрыманне, але не немагчымым:
«Калі хочуць некага злавіць, то не з’яўляецца такая інфармацыя ў медыях. Тут, лічу, іншая мэта: каб абмежаваць магчымасць падарожжаў, каб даць сігнал аб тым, што злачынцы будуць прыцягнутыя да адказнасці. Гэта не санкцыі, яны не здымаюцца шляхам перамоваў, гэта ўжо назаўсёды».
Акрамя таго, як мяркуе Кірылюк, гэтая гісторыя можа быць «падвышэннем ставак» у сітуацыі вакол зняволенага ў Беларусі актывіста польскай меншасці і журналіста Анджэя Пачобута. Эксперт упэўнены: калі на Менск не ціснуць, на волю нікога не адпусцяць.
Як сказаў юрыст, асобам, якіх Інтэрпол абвесціць у вышук, застанецца толькі сядзець у Беларусі і чакаць. У якія краіны фігурантам будзе больш-менш бяспечна выехаць, суразмоўца «Белсату» раіць адмовіўся: няхай самі думаюць.

«Сэнс у тым, што яны больш нікуды не паедуць і будуць чакаць, пакуль зменіцца ўлада, а яна ў любым выпадку зменіцца, і новая ўлада ўжо будзе пастанаўляць, ці выдаваць іх як міжнародных злачынцаў», — падкрэсліў Кірылюк.
Ён чакае, што пасля гэтай гісторыі новае дыханне атрымаюць справы паводле ўніверсальнай юрысдыкцыі. Дзякуючы гэтай працэдуры можна паспрабаваць прыцягнуць да адказнасці тых, хто як пачаў у 2020 годзе катаваць беларусаў, гэтак і не скончыў дасюль:
«Гэта на ўзроўні прэцэдэнту: будзе рабіць прасцейшым прыцягванне да адказнасці іншых паплечнікаў Лукашэнкі. Трэба памятаць, што не Лукашэнка адзін уласнымі рукамі 10 тысячаў асобаў закатаваў. Яны — ягоная апора, і магу сказаць, што яны зараз не вельмі ёмка пачуваюцца. Ты ў міжнародным вышуку, і нікуды выехаць не можаш. Заўтра Лукашэнка памрэ, прыйдзе, не ведаю, Качанава, ёй на цябе пляваць. Ёй скажуць: давай нам злачынцаў, мы табе адкрыем нейкую браму. І яна цябе заўтра выдасць, бо ты для яе ніхто».
Юлія Цяльпук, Сцяпан Кубік belsat.eu