Сродкі, сабраныя на анлайн-марафоне салідарнасці з беларускімі палітзняволенымі «Нам не ўсё адно!», размеркаваны ў поўным аб'ёме і ў адпаведнасці з заяўленай мэтай. Да такой высновы прыйшла Назіральная рада марафону.
«Усе арганізацыі, якія сталі партнёрамі марафону, паспяхова прайшлі аўдыт Назіральнай рады марафону. Нагадаем, што раней фонд «21 мая», які акумуляваў і размяркоўваў сабраныя на марафоне сродкі, таксама паспяхова прайшоў праверку», — паведамляецца ў прэс-рэлізе Назіральнай рады.
Колькі грошай было сабрана?
563 101,99 еўра – агульная сума прыходу з картак праз «Stripe» і «PayPal». Камісія «Stripe» і «PayPal» склала 17 161,77 еўра. Яшчэ 200 еўра з сумы былі адкліканы людзьмі, якія зрабілі данаты (такую магчымасць дае «Stripe»).
У выніку на рахунак фонду «21 мая» прыйшло 545 740,22 еўра, і 12 180,51 еўра прыйшло ў крыптавалюце. Агульная сума з крыптавалютнымі сродкамі: 557 920,73 еўра.
Марафон дапамог больш чым 900 палітзняволеным.
Як размяркоўвалі грошы?
Кантролем размеркавання сабраных ахвяраванняў займалася спецыяльна створаная Назіральная рада, у якую ўвайшлі прадстаўнікі медыя, арганізатары марафону:
- Ігар Кулей, кіраўнік рэдакцыі навін «Белсат».
- Фёдар Паўлючэнка, галоўны рэдактар «Reform.news».
- Павел Марыніч, кіраўнік «Маланка Медыя».
- Аляксандра Пушкіна, чалец праўлення «Zerkalo.io».
- Вольга Сямашка, галоўная рэдактарка «Радыё Ўнэт».
- Вольга Гарбунова, прадстаўніца па сацыяльнай палітыцы Аб'яднанага Пераходнага Кабінета.
- Кірыл Данько, экс-галоўны рэдактар тэлеграм-канала МКБ (мае дарадчы голас).
- Віктар Малішэўскі, медыяменеджар, экс-галоўны рэдактар «KYKY.ORG».
- Павел Свярдлоў, галоўны рэдактар «Еўрарадыё».
Назіральная рада магла бачыць усе вылічэнні, уключаючы банкаўскія камісіі і агульны рахунак.
Колькі сродкаў атрымалі фонды?
Праваабарончая ініцыятыва дапамогі палітвязням «Dissidentby» – 28 000 EUR. Аўдыт пройдзены. Першы аўдыт правёў Ігар Кулей, другі – Фёдар Паўлючэнка.
Дабрачынны фонд «Краіна для жыцця» – 60 000 EUR. Аўдыт пройдзены. Аўдытар – Павел Марыніч.
Беларуская Рада культуры – 15 000 EUR. Аўдыт пройдзены. Аўдытар – Віктар Малішэўскі.
Ініцыятыва «BY_help» – 208.271.63 EUR. Таксама ў фонд BY_help былі накіраваныя ўсе сабраныя крыптавалютныя сродкі (эквівалентныя 12 180,51 еўра). Аўдыт пройдзены. Аўдытар – Павел Свярдлоў.
Беларуская Асацыяцыя Палітвязняў «ДА ВОЛІ» – 40 000 EUR. Аўдыт пройдзены. Аўдытар – Аляксандра Пушкіна.
Фонд дапамогі беларусам у Літве «Razam» – 28 800 EUR. Аўдыт пройдзены. Аўдытар – Вольга Сямашка.
Фонд Беларускай салідарнасці «BYSOL» – 100 000 EUR. Аўдыт пройдзены. Аўдытар – Аляксандра Пушкіна.
«Анархічны чорны крыж – Беларусь» – 40 000 EUR. Аўдыт пройдзены. Аўдытар – Вольга Сямашка.
Дабрачынная арганізацыя «Littouwin LIONS CLUB» – 15 000 EUR. Аўдыт пройдзены. Аўдытар – Віктар Малішэўскі.
Медыяпраект дапамогі беларускім палітвязням жанчынам «Палітвязынка» – 5000 EUR. Аўдыт пройдзены. Аўдытар – Ігар Кулей.
Фонд Медыцынскай Салідарнасці Беларусі – 5 000 EUR. Аўдыт пройдзены. Аўдытар – Фёдар Паўлючэнка.
З рахунку было размеркавана і адпраўлена 545 071,63 еўра, або 99,9% ад сумы, якая паступіла на рахунак фонду «21 мая». Камісія склала 668,59 еўра, ці 0,1% ад сумы, унесенай на рахунак фонду «21 мая».
Цікавыя факты пра марафон
У зборы сродкаў паўдзельнічала больш за 11 000 чалавек, якія здзейснілі 14 655 ахвяраванняў.
Частым ахвяраваннем была сума ў 23.34 EUR, як напамін аб адміністрацыйным артыкуле, па якім часта затрымлівалі беларусаў.
29 ліпеня ахвяраванні прыходзілі кожныя 4 секунды, 30 ліпеня кожныя 20-30 секунд.
Ахвяраванні былі зроблены з 86 краін свету. Топ 5 краін па суме ахвяраванняў:
- Польшча – 200 563 EUR;
- ЗША – 89 740 EUR;
- Літва – 55 130 EUR;
- Германія – 39 131 EUR;
- Вялікабрытанія – 25 790 EUR.
Самы вялікі данат – 10 000 EUR (Вялікабрытанія).
Рэакцыя рэжыму
29 жніўня 2023 года суд Цэнтральнага раёна Мінска прызнаў відэазапісы марафону салідарнасці экстрэмісцкімі матэрыяламі. Адпаведныя запісы былі размешчаны ў спісе Міністэрства інфармацыі.
3 кастрычніка 2023 года сілавымі органамі была ўзбуджана крымінальная справа ў дачыненні да арганізатараў і ўдзельнікаў прамой трансляцыі марафону. Справа ўзбуджана па ч. 2 арт. 361-2 КК Рэспублікі Беларусь (за фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці). Падазраванымі з'яўляюцца каля 60 чалавек з ліку ўдзельнікаў і арганізатараў марафону.
Што такое анлайн-марафон салідарнасці «Нам не ўсё адно!»?
Гэта маштабная акцыя па зборы сродкаў для беларускіх палітзняволеных і іх сем'яў, якая працягвалася з 29 ліпеня па 30 ліпеня 2023 года.
Марафон ініцыяваны прадстаўніцай па сацыяльнай палітыцы Аб'яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі Вольгай Гарбуновай. Яна заснавала фонд «21 мая» («Gegužės 21») і са сваёй камандай правяла арганізацыйную працу па распрацоўцы канцэпцыі, пошуку партнёраў і плацежных інструментаў. Фонд «21 мая» стаў адзіным гаманцом, які прымаў грошы і размяркоўваў іх паміж фондамі і арганізацыямі-партнёрамі.
Партнёрамі марафона выступілі беларускія незалежныя СМІ і праваабарончыя арганізацыі. СМІ адказвалі за правядзенне марафону, праваабарончыя арганізацыі – за размеркаванне сабраных сродкаў.
«Мы зрабілі усё настолькі празрыста, наколькі гэта магчыма. Людзі аб’ядналіся ў салідарнасці – і гэта самае каштоўнае. Нам не ўсё адно, пакуль у Беларусі ёсць хоць адзін палітзняволены ці палітзняволеная», – сказала Вольга Гарбунова.