навіны

Прашэнне не азначае памілавання: Наста Базар пра вызваленне палітвязняў

Наста Базар
Наста Базар. Фота: Nasta Bazar / Facebook
podpis źródła zdjęcia

Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ аб памілаванні 30 палітвязняў, як напісана ва ўказе, «асуджаных за злачынствы пратэснай накіраванасці». Згодна з дакументам, на волю мусяць выйсці 7 жанчын і 23 мужчыны. Гэта трэцяя хваля вызваленняў за апошні час. «Белсат» даведаўся ў грамадскай актывісткі, феміністкі, суарганізатаркі і піяршчыцы сацыяльных праектаў Насты Базар, што гэта можа азначаць і якія цяпер тэндэнцыі ва ўмовах утрымання і вызвалення палітвязняў.

«Сітуацыя, у якой мы апынуліся, вельмі цяжкая, і складана сказаць, што дакладна прывяло да новых вызваленняў. Можа, гэта вялікая праца актывістаў і актывістак, палітычных дзяячак і дзеячаў ды гэтак далей. З другога боку, гэта магло адбыцца без усялякага ўплыву дэмакратычных сілаў або апазіцыйнай часткі Беларусі, бо гэта можа быць проста пацяпленне перад выбарамі. Мы наўрад ці даведаемся, што спрацавала. Але думаю, што ўсё адно варта спрабаваць усе варыянты і працаваць над тым, каб людзі выходзілі», – адзначае Наста Базар.


Прашэнне аб памілаванні, каб не пагоршыць свайго стану


Наста шмат кантактуе з асобамі, якія цалкам адбылі свае палітычныя тэрміны ў Беларусі і выйшлі на волю або скарысталіся магчымасцю ўцячы з Беларусі падчас пакарання на «хіміі»:


«Адбываецца нармалізацыя гвалту. Мы прызвычайваемся да таго, што адбываецца, і навіны з Беларусі ўжо не такія трыгерныя для нас. Гэта зразумелы фактар псіхікі, калі мы спрабуем неяк жыць, але варта памятаць: тое, што адбывалася ў 2020 годзе, не скончылася, проста гэта менш відаць. Вялікая колькасць людзей не заяўляе, што іхных родных пасадзілі на вялікія тэрміны, бо баяцца розгаласу.


Я ведаю пра некаторых зняволеных, што кожная згадка іх у пабліку прыводзіць да таго, што да іх пачынаюць ставіцца яшчэ горш. Таму вельмі варта быць асцярожнымі».


Таксама актывістка адзначае, што цяпер напісаць прашэнне аб памілаванні яшчэ не азначае выхаду на волю:


«На жаль, з’явілася практыка, што пішуць памілаванне ўжо не каб выйсці на волю, а пра каб проста не пагоршыць свайго стану. Вельмі важна, каб была падтрымка любога выбару палітзняволеных, бо мы не маем права казаць, што яны могуць рабіць у турме».


Няма малога падтрымання, але грошы трэба вялікія

ПК №3 у Віцебскай вобласці. Фота: «Белсат»
ПК №3 у Віцебскай вобласці. Фота: «Белсат»

Суразмоўца падкрэслівае: варта факусавацца на тым, што мы можам зрабіць для дапамогі палітычным вязням у бягучай сітуацыі.


«На гэты момант у нас ёсць вызваленыя асобы, якія дакладна патрабуюць рэабілітацыі і падтрымкі. Таксама варта памятаць, што рэпрэсіўная машына не спыняецца, што насамрэч працягваюць затрымліваць людзей, даваць вялікія тэрміны. Іх таксама варта падтрымліваць, – заўважае актывістка. – Калі я кажу, што варта рабіць усё, што мы можам, гэта ў тым ліку абсалютна розныя публічныя захады, зборы і гэтак далей. І калі кожны ці кожная думаюць, што ад іх нічога не залежыць, то залежыць. Нават невялікі данат у фонд ці на імпрэзу, як, напрыклад, год назад на марафон салідарнасці «Нам не ўсё адно», – гэта таксама падтрымка.


Калі казаць пра фінансы, безумоўна, не бывае маленькай дапамогі, але нам таксама трэба ўсвядоміць, што гэта даволі вялікія грошы. Думаю, большасць тых, хто з’ехаў з Беларусі нават без турэмнага досведу, могуць на сабе адчуць, што азначае жыццё з нуля: знайсці жытло, новую працу, вывучыць новую мову, вакол новая рэальнасць».


Суразмоўца падкрэслівае: людзі, якія маюць траўматычны досвед, не заўсёды адразу могуць пачаць працаваць праз тыдзень ці месяц.


«То бок не варта чакаць ад гэтых людзей, што яны пераедуць і адразу будуць актыўныя ці змогуць сябе забяспечваць. Трэба казаць пра тое, што ім патрэбны час. Прынамсі мы можам скіроўваць свае дзеянні, каб зарганізаваць гэта для іх, а яны ўжо могуць выбіраць самі. Я ведаю асобаў, якія выехалі, адразу пайшлі на працу і адчуваюць сябе камфортна, а ведаю тых, хто не можа працаваць некалькі месяцаў. Таму, калі казаць пра сумы, то гэта вельмі вялікія грошы», – рэзюмуе Наста Базар.


Арсен Рудэнка belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10