Падпісаны ўказ аб памілаванні 30 «асуджаных за злачынствы пратэснай накіраванасці».
Адпаведны ўказ №343 «Аб памілаванні асуджаных» 4 верасня падпісаў Аляксандр Лукашэнка. Большасць асуджаных з'яўляюцца бацькамі непаўналетніх і малалетніх дзетак.
«Дадзенае рашэнне — гуманны жэст у дачыненні да гэтых людзей. Яны атрымалі шанец вярнуцца да нармальнага жыцця, да сям'і і працы», — перадае яго словы «Белта».
Улады сцвярджаюць, што ўсе вызваленыя палітвязні выканалі абавязковыя ўмовы памілавання — «падалі хадайніцтва аб памілаванні, прызналі віну, шчыра раскаяліся і далі абяцанне весці правапаслухмяны лад жыцця».
Святлана Ціханоўская вітала памілаванне 30 асуджаных за пратэсты. Аднак падкрэсліла, што ўсе гэтыя людзі і так не павінны былі апыніцца за кратамі.
«Я рада, што яшчэ 30 палітычных зняволеных у Беларусі былі памілаваны. Усе яны невінаватыя. Аднак рэпрэсіі працягваюць узмацняцца, і больш за 1400 чалавек застаюцца ў зняволенні па палітычных матывах. Нам неабходны пастаянны міжнародны ціск, каб забяспечыць свабоду для іх усіх», — напісала яна ў Х.
Нагадаем, 16 жніўня Лукашэнка таксама памілаваў 30 палітвязняў, падпісаўшы адпаведны ўказ. Пад дзеянне гэтага ўказу трапілі 14 жанчын і 16 мужчын. Прозвішчы часткі з іх ужо вядомыя, некаторыя – пакуль у сакрэце, бо праваабаронцы захоўваюць інфармацыйную цішыню і не апублічваюць прозвішчы астатніх вызваленых, клапоцячыся пра іхную бяспеку.
Тэса Анэйда belsat.eu