Пра ідэю расказалі мала, але падобна, дзяцей з сімптомамі грыпу ці ковіду могуць адпраўляць дамоў без даведкі.
Намесніца галоўнага лекара па эпідэміялогіі Рэспубліканскага цэнтру гігіены і эпідэміялогіі Ала Дашкевіч расказала на відэа Міністэрства аховы здароўя аб ініцыятыве «ранішняга фільтру» для дзяцей у дзіцячых садках і школах. Яна растлумачыла, што дзеці вяртаюцца ў навучальныя ўстановы пасля адпачынкаў, а ў Беларусі адзначаюць сезонны ўздым захворвальнасці страўнікавымі інфекцыямі, хоць па вострых рэспіраторных інфекцыях Беларусь у «міжэпідэміялагічным перыядзе».
«Дзяцей і падлеткаў будуць апытваць пра стан здароўя, – расказала яна. – Пры наяўнасці скаргаў, пры бачных сімптомах захворвання будзе ажыццяўляцца вымярэнне тэмпературы і больш дэталёвы медычны агляд. Таксама будзе ўзмоцнены кантроль над выкананнем дзецьмі і падлеткамі правілаў асабістай гігіены».
З паведамлення незразумела, хто будзе праводзіць «фільтрацыю», ці будзе яна праводзіцца ва ўсіх установах адукацыі, ці толькі ў выбраных, і што будзе з дзецьмі, калі ў іх будуць выяўленыя хваробы. Незразумела таксама, чаму для апытання пра стан здароўя выбралі слова «фільтрацыя», якое можа выклікаць асацыяцыі з расейскімі «фільтрацыйнымі» лагерамі на акупаваных тэрыторыях Украіны.
Прадстаўніца Цэнтру гігіены і эпідэміялогіі сярод іншага расказала, што ў Беларусі цяпер асноўныя прычыны рэспіраторных інфекцыяў – не вірус грыпу і ковід, а адэнавірусы, рынавірусы і мікаплазма. Але «працягваецца цыркуляцыя» COVID-19.
Якая ў Беларусі сітуацыя з ковідам, невядома. Міністэрства аховы здароўя апошні раз публікавала сваю статыстыку больш за два гады таму. І тая статыстыка была вельмі сумнеўнай: спачатку журналісты разгадвалі «рэбусы» Мінздароўя, а потым, дзякуючы «Кіберпартызанам», выкрылі заніжэнне смяротнасці ў 14 разоў. З пачатку 2024 года Мінздароўя агулам нічога не пісаў пра ковід у Беларусі. І пакуль па свеце пачынае цыркуляваць новы субварыянт вірусу, у Беларусі не прапануюць вакцынаў, нацэленых менавіта на яго, і склад старых вакцынаў не збіраюцца мяняць.
Алесь Наваборскі belsat.eu