Заснавальнік і гендырэктар мэсэнджару Telegram Павел Дураў ужо некалькі содняў пад вартаю ў французскай турме. Яго дапытваюць у межах расследавання ў дачыненні асобаў, імёны якіх не называюцца. Прычым, падазрэнні дастаткова сур'ёзныя – захоўванне дзіцячай парнаграфіі, адмыванне грошай, адмова ў прадстаўленні інфармацыі ўладам, набыццё і распаўсюд наркотыкаў, прадстаўленне крыпталагічных паслуг, накіраваных на забеспячэнне функцый прыватнасці без адпаведнага дэкларавання, а таксама саўдзел у прадстаўленні без важкіх прычынаў абсталявання, прызначанага для нападу на аўтаматызаваныя сістэмы апрацоўвання звестак.
Telegram паспяшаўся на дапамогу свайму стваральніку і выпусціў заяву, у якой сказана, што сацсетка «выконвае законы ЕЗ», а яе прынцыпы мадэрацыі адпавядаюць стандартам індустрыі і «ўвесь час паляпшаюцца». «Кіраўніку Telegram Паўлу Дураву няма чаго хаваць, і ён часта падарожнічае па Еўропе. Абсурдна сцвярджаць, што на платформе або яе ўладальніку ляжыць адказнасць за злоўжыванне гэтай платформаю», – гаворыцца ў заяве мэсэнджару.
Расея выкарыстала затрыманне Дурава ў Францыі ў сваёй прапагандзе, абвінаваціўшы Захад у падвойных стандартах. У рыхтаванні арышту абвінавацілі амерыканскія спецслужбы. Літаральна праз гадзіну пасля выпуску навінаў дэпутат Дзяржаўнай думы ад «Новых людзей» Уладзіслаў Даванкоў правёў акцыю каля сценаў амбасады Францыі, патрабуючы ад МЗС Расеі дабівацца вызвалення грамадзяніна сваёй краіны. Праўда, сам Дураў па такую дапамогу не звяртаўся. Ды і наагул палічыў за лепшае не жыць на радзіме яшчэ з 2014 года – пасля таго, як прадаў долю ў створанай ім сацсетцы «УКантакце». Дураў тады сказаў, што зрабіў гэта праз канфлікт з ФСБ, якая патрабавала ад яго прадставіць асабістую інфармацыю пра актывістаў украінскай апазіцыі. Калі ўважліва паглядзець на тое, што адбываецца апошнім часам з буйным бізнесам у Расеі, то заканамерна ўзнікае пытанне: у чыіх руках быў бы сёння Telegram і наколькі доўгім было б жыццё яго стваральніка?

Акрамя расейскага Павел Дураў мае французскае грамадзянства. Ёсць інфармацыя, што ён грамадзянін яшчэ і астраўной дзяржавы Сэйнт Кітс і Нэвіс, а таксама ААЭ. Там месціцца штаб-кватэра Telegram.
«Справа Дурава» выклікала рэзананс. Незадаволенасць выказваюць і афіцыйныя асобы ў Расеі, дзе квітнее цэнзура, і на Захадзе тыя, хто супраць рэгулявання інтэрнэту, на чале з уладальнікам сеткі X Іланам Маскам.
У такой сітуацыі мімаволі напрошваецца паралель са «справаю Сноўдэна». Тады шмат хто ў спрэчках у якасці галоўнага аргументу таксама называў абарону свабоды слова ад замаху спецслужбаў. І нават называлі Сноўдэна змагаром за праўду. А што ён зрабіў? Спачатку раскрыў інфармацыю пра тое, што спецслужбы ЗША сачылі і за сваімі грамадзянамі, і за замежнікамі. А потым ён прыхапіў 1,7 мільёна сакрэтных файлаў Пэнтагону і адвёз іх Пуціну. Навошта? Жадаў выратаваць свет ад «татальнага сачэння ЗША»? А што гэта дало Пуціну? Напэўна, калі ён атрымаў сакрэтныя звесткі Пэнтагону, то набыў упэўненасць у сваіх сілах і напаў на Украіну ў 2014 годзе, а потым шырокамаштабна – у 2022-м.
Можа, варта задумацца, да чаго могуць прывесці ўсе гэтыя «добрыя хакеры», «гераічныя» супрацоўнікі спецслужбаў, якія «ставяць на месца моцных гэтага свету», калі выкладаюць інфармацыю ў вольны інтэрнэт?
Сёння Telegram – папулярны мэсэнджар. Але ён яшчэ і вельмі зручная прылада для вайны. Колькі мільёнаў чалавек засынае і прачынаецца пад гэты мэсэнджар ва Украіне і за яе межамі? Там і паветраная трывога, і інфармацыя, адкуль ляцяць «шагэды» і ракеты і куды прыляцела. Але гэта пра мірнае насельніцтва. А ці карыстаюцца ўкраінскія і расейскія вайскоўцы Telegram? Несумненна. І няма ніякіх падставаў меркаваць, што Дураў нейкім чынам дапамагае расейскаму боку.
А ці можна папракнуць Дурава ў тым, што ён, прыкрываючыся той жа барацьбою за свабоду слова, папросту не жадае наймаць персанал для мадэрацыі і марнаваць мільёны? Хутчэй за ўсё ў Францыі яму давядзецца адказаць на гэтае пытанне. Можна спытаць: ці хоча нехта атрымаць перавагу ў дадзенай сітуацыі? А чаму не? Бо гэта вайна. Калі такая магчымасць з'явілася ў Макрона, то можа і не варта пасыпаць галаву попелам і крычаць: «Шэф, усё прапала – канец свабодзе слова!» Але падзеі развіваюцца такім чынам, што трэба выбіраць, на чыім ты баку. І крычаць у гэтай сітуацыі пра напад на свабоду слова – толькі цешыць расейскіх прапагандыстаў.
Макрон заявіў у Х: «Ва ўмовах вяршэнства права ў сацыяльных сетках, як і ў рэальным жыцці, свабоды рэалізуюцца ў межах, устаноўленых законам для абароны грамадзянаў і павагі іхных асноўных правоў. Арышт кіраўніка Telegram на тэрыторыі Францыі адбыўся ў межах працяглага судовага расследавання. Гэта ні ў якім разе не палітычная пастанова. Пастанова застаецца за суддзямі».
Менавіта за суддзямі. Менавіта яны разам з пракурорамі і адвакатамі будуць разбірацца з выстаўленымі абвінавачаннямі. І ў дадзеным выпадку дзякуй Богу, што гэта менавіта французскі суд, а не расейскі. Таму што цяпер вялікае значэнне мае тое, хто будзе весці разбіральніцтва – суд ці дэкарацыя.
Любоў Лунёва belsat.eu