Там застаюцца сотні асобаў.
На тэрыторыі севераданецкага «Азоту» ёсць некалькі вельмі моцных бамбасховішчаў, пабудаваных на выпадак ядравай вайны. Пра гэта ў эфіры ранішняй «Студыі «Белсат» 20 чэрвеня заявіў былы кіраўнік прэс-службы прадпрыемства Сяргей Гарэлаў.
«Азоўсталь» характарызавалася тым, што там вельмі шмат падземных сховішчаў. Адпаведна, штурмаваць яе было вельмі цяжка. А «Азот» выглядае трохі інакш. Тут камунікацыя паміж цэхамі не праходзіць пад зямлёй», – распавёў Сяргей Гарэлаў.
Ён адзначыў, што ў выпадку ваенных дзеянняў такія надземныя пераходы наўрад ці служаць добрым сховішчам.
,, «У той самы час на прадпрыемстве ёсць некалькі вельмі моцных бамбасховішчаў, пабудаваных яшчэ за савецкім часам на выпадак ядравай вайны. Менавіта ў іх і хаваюцца цывільныя, што цяпер застаюцца на тэрыторыі прамысловай зоны», – сказаў былы прадстаўнік прадпрыемства.
Паводле яго, жыхары гораду на заводзе застаюцца ў адноснай бяспецы, але наўпроставыя траплянні моцных снарадаў могуць пашкодзіць і гэтыя бамбасховішчы.
Вытворчыя аб’екты «Азоту» займаюць вялікую частку Севераданецку. І трымаць абарону можна не на ўсім прадпрыемстве, а на пэўнай асобнай вытворчасці, заявіў Гарэлаў. Таксама Збройныя сілы Украіны могуць падтрымліваць абарону гораду з Лісічанску, які месціцца праз раку ад Севераданецку.
Што да сховішчаў аміяку на заводзе, то, заявіў суразмоўца, ён вывезены з «Азоту» і таму баявыя дзеянні не мусяць прывесці да экалагічнай катастрофы. Але ж застаюцца цыстэрны з азотнай кіслатой, па якіх ужо траплялі снарады.
Сяргей Гарэлаў адзначыў, што людзі, якія застаюцца на прадпрыемстве, не могуць эвакуявацца з гораду і застаюцца пад абстрэламі. Некаторыя з іх загінулі ад абстрэлаў, калі выйшлі на паверхню, каб прыгатаваць ежу. Эвакуявацца на тэрыторыю Украіны людзі не маюць магчымасці, бо разбураныя ўсе масты. Пакінуць горад можна фактычна толькі ўплаў праз раку Северскі Данец, але гэта было цяжка і небяспечна нават да абстрэлаў.
13 чэрвеня старшыня Луганскай абласной вайсковай адміністрацыі Сяргей Гайдай распавёў, што на тэрыторыі заводу «Азот» у Севераданецку застаюцца каля 500 мірных жыхароў, з іх 40 – гэта дзеці.
Якуб Хруст belsat.eu