У Беларусі працягнулі харчовыя контрсанкцыі да канца года
29.06.2022, 10:42
Здымак ілюстрацыйнага характару. (Фота: Белсат)
podpis źródła zdjęcia
Некаторыя віды забароненых тавараў са спісу прыбралі.
Улады Беларусі працягнулі харчовыя контрсанкцыі да канца 2022 года, згодна з пастановай аб ужыванні адмысловых захадаў адносна асобных відаў тавараў на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.
Здымак ілюстрацыйнага характару. (Фота: Белсат)
Харчовыя контрсанкцыі на асобныя віды тавараў прадугледжваюць забарону на ўвоз у Беларусь шэрагу відаў харчавання з Еўразвязу, ЗША, Канады, Вялікай Брытаніі, Нарвегіі, Швейцарыі, Албаніі, Чарнагорыі, Ісландыі, Ліхтэнштэйну, Паўночнай Македоніі, Сербіі.
Акрамя падаўжэння контрсанкцыяў, урад таксама дапоўніў пералік выключэнняў з катэгорыі садавіны і арэхаў, якія можна ўвозіць у Беларусь. Эмбарга больш не будзе распаўсюджвацца на вішні і чарэшні, абрыкосы, персікі і нектарыны, грушы, хурму і слівы. Верагодна, гэта звязана з летнім сезонам.
З 1 студзеня ўлады Беларусі ўвялі харчовае эмбарга на шэраг тавараў з Еўразвязу і яго дзяржаваў-чальцоў, ЗША, Канады, Нарвегіі, Албаніі, Ісландыі, Македоніі, Вялікай Брытаніі, Чарнагорыі, Швейцарыі.
У пераліку забароненых тавараў – розныя віды мяса, часткова малако і малочныя харчы, гародніна, акрамя прызначанай для пасеву, садавіна і арэхі, тлушчы, каўбасы і аналагічныя прадукты, кандытарскія вырабы, соль ды іншыя тавары. Таксама пад «контрсанкцыі» трапілі вітаміны і харчовыя дабаўкі. Але няма забароны, напрыклад, на рыбу і алкаголь.
Абмежаванні не закранулі тавараў, якія ўвозяцца беларусамі для асабістага спажывання, а таксама, да прыкладу, прызначаныя для дзіцячага харчавання, і шэрагу іншых пазіцыяў крытычнага імпарту.