Жыхар Рагачова заплаціў амаль 50 тысячаў рублёў, каб вярнуцца на радзіму
04.06.2024, 22:25
Здымак мае ілюстрацыйны характар. (Фота: relax.by)
podpis źródła zdjęcia
Улады забаранілі яму перасячэнне мяжы, пакуль «не пагасіць» запазычанасць.
29-гадовы жыхар Рагачова з’ехаў за мяжу, каб не адбываць абавязковае размеркаванне пасля ВНУ. Але калі вырашыў вярнуцца, даведаўся, што яму трэба заплаціць грошы за навучанне.
Здымак мае ілюстрацыйны характар. (Фота: relax.by)
Адвучыўшыся ў ВНУ на бюджэтным аддзяленні, малады чалавек быў накіраваны на працу па дзяржаўным размеркаванні, паведамляе Галоўнае ўпраўленне юстыцыі Гомельскага аблвыканкама.
Аднак працаваць па размеркаванні малады чалавек не захацеў і з’ехаў жыць у Дубай.
Пакуль хлопец жыў у Эміратах, суд вынес рашэнне аб спагнанні з яго сродкаў за навучанне. Сума была роўная 48 тысячам рублёў.
Судовыя выканаўцы спрабавалі звязацца з былым студэнтам, але марна, да той пары, пакуль хлопец не вырашыў вярнуцца на радзіму. Тут яму стала вядома, што органы прымусовага выканання абмежавалі яго ў праве перасячэння дзяржаўнай мяжы.
Каб вярнуцца ў Беларусь, гаворыцца ў паведамленні, хлопец «звязаўся з судовым выканаўцам праз сацсеткі» і вырашыў выплаціць выкуп, які яму выставіла дзяржава.
Нагадаем, што ў верасні 2023 года міністр адукацыі Андрэй Іванец заявіў, што выпускнік БДУ, які не захацеў працаваць паводле размеркавання, мусіць заплаціць 40–45 тысяч рублёў. Аляксандр Лукашэнка тады даручыў абмеркаваць, ці дастаткова гэтага, і прапанаваў увесці адпрацоўванне для платнікаў ды павялічыць яго тэрмін.
У лютым 2024 года міністр адукацыі выступіў з чарговай прапановай у некалькі разоў падвысіць памер кампенсацыі за неадпрацоўванне размеркавання па сканчэнні ВНУ. Такія захады, на думку чыноўніка, мусяць паспрыяць замацаванню кадраў на працоўных месцах.