Гатоўкі ў Беларусі более пяць месяцаў запар: у абарачэнні цяпер 10,7 млрд рублёў
16.07.2024, 17:46
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Беларускія грошы. (Фота: Белсат)
podpis źródła zdjęcia
Гэта больш, чым выдаткі бюджэту 2024 года на армію і сілавікоў.
Аб’ём гатоўкі ў абарачэнні вырас да 10,7 млрд рублёў, паказнік павялічваецца пяць месяцаў запар, сведчаць звесткі Нацбанку на 1 ліпеня. Зрэшты, эканамістка Настасся Лузгіна супакоіла карэспандэнта «Белсату»: цяпер тэмпы прыросту наяўных меншыя, чым летась. Пры гэтым патэнцыйная небяспека, якую нясуць «хуткія грошы», нікуды не падзелася.
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Беларускія грошы. (Фота: Белсат)
Гатоўкі ў абарачэнні цяпер 10,7 млрд рублёў, і гэта болей, чым з сёлетняга бюджэту выдаткуюць на армію і ўсе сілавыя ведамствы.
Паказнік расце пяць месяцаў запар і з пачатку года павялічыўся на 13,3 %. Эканамістка даследчага цэнтру BEROC Настасся Лузгіна пры гэтым адзначае: летась аб’ём гатоўкі рос шпарчэй.
«Калі мы паглядзім такі ж перыяд летась, то тады прырост наяўных склаў 24,4 %. Мы бачым, што сёлета дынаміка запаволілася», – сказала экспертка.
Такая ж сітуацыя з пераводнымі дэпазітамі – грашыма на картках і бягучых рахунках:
,,
«Калі летась пераводныя дэпазіты фізічных асобаў, то бок дэпазіты да запатрабавання, што можна забраць у любы момант, за паўгода выраслі на 24,8 %, прыкладна гэтак жа, як і гатоўка, то сёлетні прырост – 8,9 %».
Агулам «хуткіх грошай» (гатоўкі і пераводных дэпазітаў) цяпер у эканоміцы 18,3 млрд рублёў. Як раней тлумачылі эканамісты, гэтыя актывы ў выпадку якой-кольвек незразумелай сітуацыі могуць быць ураз выдаткаваныя на пакупку валюты або ўсяго што можна ў крамах – такое ў Беларусі ўжо здаралася. І гэта толькі паспрыяе інфляцыі і дэвальвацыі.
Адначасова Лузгіна звярнула ўвагу на тое, што працягваецца рост тэрміновых дэпазітаў. Рост рэальных прыбыткаў хоць і запаволіўся, аднак застаецца высокім, інвеставаць грошы асабліва няма куды, вось і нясуць у банкі. Пагатоў, цяперашнія стаўкі і інфляцыя ў 5,8 % дазваляюць прымножыць ашчаджэнні.
«Працягваецца рост тэрміновых дэпазітаў фізічных асобаў, і тут назіраецца паскарэнне з 11,7 % летась да 14,8 % сёлета. Гэта тыя дэпазіты, што забраць адразу не атрымаецца. Гэта павышае ўстойлівасць грашовага рынку агулам», – падкрэсліла адмыслоўца.
З укладамі ў валюце – усё стабільна: іх пакрысе закрываюць. Прычына – нізкія стаўкі, што не кампенсуюць нават інфляцыі:
,,
«Фізічныя асобы здымаюць дэпазіты ў валюце. Зменаў у параўнанні з мінулым годам не адбылося, тыя ж тэмпы і захаваліся. Гэта звязана з тым, што цяпер невыгодна захоўваць замежную валюту ў банках».
Пры гэтым юрыдычныя асобы, наадварот, пачалі назапашваць валюту:
«Цікавы факт: прадпрыемствы, якія маюць валютны прыбытак, аддаюць перавагу тэрміновым дэпазітам. Сёлета з пачатку года іх рост склаў 13,6 %, у той жа час летась было зніжэнне».
Шырокая грашовая маса (улічвае і гатоўку ў абарачэнні, і грошы грамадзянаў ды прадпрыемстваў на рахунках, і дэпазіты, і каштоўныя паперы) павялічылася з пачатку года на 6,4 % да 80,5 млрд рублёў. Такі рост не дазваляе абвінавачваць эканамічныя ўлады Беларусі ў друкаванні пустых грошай: каб рабіць такія высновы, паказнік мае істотна расці з месяца ў месяц. Цяпер жа, пакуль разганяецца ВУП, больш грошай патрабуецца толькі для таго, каб абслугоўваць эканоміку.