БНР – 105 гадоў! Рада Беларускай Народнай Рэспублікі не склала свае паўнамоцтвы да сёння. А цяпер маем яшчэ і Кабінет Святланы Ціханоўскай. У гісторыі ж было больш за 100 урадаў у выгнанні. Як яны паўставалі і ці перамагалі?
,,«У палітычнай прасторы Беларусі з’явілася ўжо не новая з’ява беларускай гісторыі – урад у выгнанні, які атрымаў назву «Пераходнага кабінету». Першы ж беларускі ўрад у выгнанні паўстаў у першай палове ХХ стагоддзя, калі дзеячы Беларускай Народнай Рэспублікі вымушаны былі пакінуць краіну. Гэта лічыцца найстарэйшым урадам у выгнанні ў свеце, і яго дзейнасць працягваецца па сённяшні дзень», – зазначае аўтарка і вядоўца праграмы «Intermarium» Наста Ільіна.
Старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла, якая пражывае ў Канадзе, віншуе беларусаў у найбольш значныя для нас святы. І так будзе, пакуль не складуцца пэўныя ўмовы для перадачы сімвалаў БНР Рэспубліцы Беларусь. Але што дзеля гэтага павінна здарыцца? Дзеля гэтага ў Беларусі мусіць паўстаць вольна абраны орган улады соймавага тыпу, якім быў Першы ўсебеларускіх з’езд у снежні 1917 года.
,,«Гэта мае быць абраны на свабодных выбарах калегіяльны орган улады, заканадаўчы орган улады, які дасць канстытуцыйныя падмуркі для гэтай незалежнай свабоднай Беларусі», – тлумачыць Мікалай Пачкаеў, намеснік старшыні Рады БНР.
,,«Польскія эліты яшчэ да 1939 года задумваліся над тым, хто ў выпадку вайны будзе кіраваць краінай, бо не будзе магчымасці правесці выбары. У 1935 годзе ў Польшчы, яшчэ да чатыры гады была прынята новая Канстытуцыя, якая забяспечвала працяг дзяржаўнасці, нават калі нельга будзе правесці выбары», – распавядае Збігнеў Гіжыньскі.
Паказальны таксама для нас і прыклад Літвы, дзе, па словах Юозаса Банёніса, увесь час савецкай акупацыі ў народзе захоўвалася надзея на вызваленне Літвы і аднаўленне сваёй дзяржаўнасці.
У той жа час падабенства лёсаў Беларусі і Украіны як пераемніцы Украінскай Народнай Рэспублікі, на думку гісторыка Васіля Яблонскага, у тым, што ў нас «была шмат у чым перарванае ўвогуле разуменне дзяржаўнай традыцыі».
Дыскусію гісторыкаў пра лёс Беларусі і нашых суседзяў у ХХ стагоддзі ва ўмовах існавання ўрадаў у выгнанні глядзіце ў новым выданні праграмы «Intermarium»
Госці праграмы «Intermarium» з Настай Ільіной:
- Мікалай Пачкаеў – дзеяч беларускай дыяспары, старшыня Згуртавання беларусаў у Вялікай Брытаніі, намеснік старшыні Рады БНР;
- Збігнеў Гіжыньскі (Польшча) – гісторык, прафесар Універсітэту імя Мікалая Каперніка ў Торуні, дэпутат польскага Сейму;
- Юозас Банёніс (Літва) – кандыдат навук, гісторык, энцыклапедыст з Цэнтру даследавання генацыду і супраціву жыхароў Літвы;
- Васіль Яблонскі (Украіна) – доктар гістарычных навук, палітолаг, загадчык кафедры міжнародных адносінаў Кіеўскага ўніверсітэту імя Барыса Грынчэнкі.
Праграму «Intermarium» глядзіце на тэлеканале «Белсат» праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва – «Sirius4»), онлайн, у закладцы «Праграмы» на нашай старонцы або на YouTube-канале «БЕЛСАТ HISTORY».