Другая сусветная вайна ўладамі Расеі і Беларусі, як і колішняга СССР, пакладзена ў падставу ідэалогіі. Але як «Ніколі зноў» ператварылася ў «Можам паўтарыць» і вайну ва Украіне? Хто ў гэтым вінаваты? І што цяпер чакае Расею і Беларусь?
Другая сусветная вайна ахапіла 40 дзяржаваў свету і забрала жыцці 60 млн чалавек усяго за 6 гадоў. Памяць пра яе сталася вельмі важнай для шматлікіх народаў у розных кутках свету. Але найбольшая залежнасць ад міфу Другой сусветнай праявілася ў Савецкім Саюзе, а пасля ў некаторых постсавецкіх рэспубліках, сярод якіх і Рэспубліка Беларусь. З цягам часу памяць пра вайну пачала ўсё больш прыватызавацца.
У Расейскай Федэрацыі ў пэўны момант дзяржава ўбачыла ў ваенным наратыве Вялікай Айчыннай вайны магутны мабілізацыйны патэнцыял, здольны адцягнуць увагу грамадства ад унутраных праблемаў і пераключыць увагу на праблемы вонкавыя, надаўшы ім вастрыні і добра знаёмага прысмаку «мы за цаной не пастаім». У расейскім грамадстве ўсё часцей гучалі радыкальныя лозунгі «На Берлін!» і «Можам паўтарыць». І сапраўды паўтарылі, 24 лютага 2022 года.
Палітолаг Пётра Рудкоўскі адзначае, што Перамога ў СССР ніколі не інтэрпрэтавалася як перамога дэмакратыі над таталітарызмам: «Гэта была перамога над фашызмам, нацызмам, над нацысцкай Нямеччынай». У выпадку ж Польшчы мелася адна вельмі істотная адрознасць.
,,«Народная памяць, тое, што палякі адчувалі, даволі моцна адрознівалася ад таго, што казала камуністычная прапаганда. І таму пасля 1989 года тут задача была нашмат лягчэйшая. Проста трэба было спыніцца паўтараць тэзісы камуністычнай прапаганды. Гэта, канешне, дэмакратычны ўрад зрабіў», – адзначае гісторык Лукаш Адамскі.
Расейскі гісторык Марк Салонін вылучае яшчэ адну істотную рысу, чым успрыманне Другой сусветнай вайны адрозніваецца ад таго, як гэта адбываецца ў большасці краінаў свету, дзе «гэта эпізод гісторыі нашых бацькоў і ўжо нашых дзядоў, і Расеі:
,,«Але ніхто не ператварае гэтую гісторыю ў цэнтр пабудовы ўсёй нацыянальнай ідэнтычнасці, цэнтр пабудовы дзяржаўнай ідэалогіі ды яшчэ дзяржаўнай рэпрэсіўнай палітыкі. Да гэтага дадумаліся ў Савецкім Саюзе між іншым, гэта ідзе адтуль, і пуцінская Расея».
Марк Салонін лічыць, што для расейцаў мае актуальнасць досвед Нямеччыны і Японіі, якія прайгралі ў Другой сусветнай вайны. Аднак гісторык Андрэас Умлянд тлумачыць:
,,«Германія не лепшы варыянт, бо дэнацыфікацыя Германіі адбывалася ва ўмовах акупацыі і ёсць некаторыя гісторыкі, якія сёння лічаць, што ў пачатку Федэратыўнай Рэспублікі Германія стаялі не нямецкія дэмакраты, кшталту Адэнаўэра, а амерыканскія і іншыя акупацыйныя сілы, якія ўласна пачалі дэнацыфікацыю і ўсталявалі ў чымсьці дэмакратыю ў Германію».
,,«Вось 100 чалавек неабходна павесіць галоўных злачынцаў, 100х100 – гэта 10 тысяч актывістаў гэтага злачыннага пуцінскага рэжыму павінны адбыць свой законны тэрмін зняволення, і 1 млн чалавек павінны быць пажыццёва люстраванымі з забаронай выкладаць, выступаць у сродках масавай інфармацыі і г. д. Толькі пасля падобных мераў, падобных тэмаў, якія ладзіліся ў Нямеччыне, калі яна дэнацыфікавалася, мераў, якія ладзіліся ў Японіі імператарскай пасля разгрому. Вось пасля гэтага стане магчымым адраджэнне краіны, пабудаванне на тэрыторыі цяперашняй Расеі цывілізаванага грамадства і ў гэтым грамадстве дзеці пойдуць у школу і мы з Віктарам Суворавым, а таксама дзясяткі іншых гісторыкаў будуць намагацца напісаць для іх добры падручнік. Але воз і конь павінны стаяць, на маю думку, у правільнай паслядоўнасці», – гаворыць Салонін.
Чаму ў Беларусі і Расеі Другая сусветная вайна пабудаваная на міфах? Чаму краіна, якая перамагла нацызм, так лёгка збудавала таталітарную дзяржаву? Наколькі проста, ці наколькі складана адбудаваць дыялог, калі твой сусед быў катам? Як у Расеі і Беларусі атрымалася прыватызаваць перамогу? Што рабіць з Расеяй цяпер? І ці выратуе яе пачуццё калектыўнай віны за вайну супраць Украіны? На гэтыя і іншыя пытанні глядзіце адказы ў новым выданні праграмы «Intermatium», якая вяртаецца пасля перапынку з новай вядоўцай.
Вядоўца і аўтарка праграмы «Intermarium» – Наста Ільіна, гісторык, журналістка
Госці праграмы «Intermarium»:
- Пётра Рудкоўскі – філосаф, Беларускі інстытут стратэгічных даследаванняў;
- Лукаш Адамскі – гісторык, віцэ-дырэктар Цэнтру дыялогу імя Мерашэўскага (Польшча);
- Андрэас Умлянд – палітолаг, Стакгольмскі цэнтр даследаванняў Усходняй Еўропы (Швецыя);
- Марк Салонін – расейскі незалежны гісторык, аўтар працаў пра Другую сусветную вайну (Украіна).
Праграму «Intermarium» глядзіце на тэлеканале «Белсат» праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва – «Sirius4»), онлайн, на нашай старонцы ў закладцы «Праграмы» або на YouTube-канале «БЕЛСАТ HISTORY».