Андрэй Гнёт аб пастанове на дэпартацыю: «Першыя секунды я быў у шоку»


Андрэй Гнёт у вялікай размове з сербскім выданнем «Радыё Свабодная Еўропа» расказаў пра тое, як даведаўся аб рашэнні суду Сербіі аб дэпартацыі, пра размову з Ціханоўскай і пра сваё знаходжанне пад хатнім арыштам.

Андрэй Гнёт у кватэры, дзе адбывае хатні арышт.
Фота: slobodnaevropa.org

«Першыя секунды я быў у шоку», – згадвае Андрэй Гнёт сваю рэакцыю на рашэнне Высокага суду Бялграда выдаць яго ўладам у Менску.

Паводле словаў Андрэя Гнёта, ён прадставіў у сваю абарону больш за 70 розных дакументаў. Сярод іх – справаздачы праваабарончых арганізацый аб сітуацыі ў Беларусі, хадайніцтвы аб яго вызваленні, міжнародныя рэзалюцыі з крытыкай рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

У першай частцы судовага рашэння гэта ўсё згадвалася. Тым не менш, адзначае Андрэй, другая частка судовага рашэння не мае ніякага дачынення да маіх доказаў і аргументаў. «Яна такая пустая і фармальная», – кажа хлопец.

Высокі суд Бялграду ў сваім рашэнні першай інстанцыі канстатаваў, што прававыя перадумовы для экстрадыцыі Гнёта ў Беларусь былі выкананыя, і спасылаецца на палажэнні дамовы аб экстрадыцыі паміж Сербіяй і Беларуссю ад 2019 года, а таксама на перададзеныя ў Сербію матэрыялы беларускіх уладаў па справе маладога чалавека.

У рашэнні адзначаецца, што Гнёт адшукваецца судовымі органамі Беларусі «ў мэтах вядзення крымінальнай справы аб ухіленні ад выплаты падаткаў» на суму каля 300 тысяч еўраў, хоць Андрэй даказваў, што гэта ўсё «сістэмны механізм пераследу» палітычных апанентаў рэжымам у Менску.

Калі быў у пекле, усё пасля яго будзе лепш

Як адзначае сам Андрэй Гнёт, зараз, знаходзячыся пад хатнім арыштам, ён адчувае сябе добра.

«Але ведаеце, усё можа быць добра і ўсё можа выглядаць добра і нармальна пасля турмы. Усё. Калі ты быў у пекле, усё, што ў цябе пасля, будзе лепш, чым пекла», – падкрэслівае малады чалавек, які з канца кастрычніка да пачатку чэрвеня правёў у сербскай турме.

Зараз ён можа размаўляць з роднымі і можа праводзіць спатканні на здымнай кватэры, якую знайшоў з дапамогай адваката. Увесь час ён праводзіць з ноўтбукам і тэлефонам, размаўляючы з журналістамі, праваабарончымі арганізацыямі, амбасадарамі, палітычнымі актывістамі. «Ратую сваё жыццё», – адзначае Андрэй.

Андрэй Гнёт праводзіць шмат часу за ноўтбукам, спрабуючы вырашыць пытанне свайго вызвалення.
Фота: slobodnaevropa.org

14 чэрвеня Андрэй меў размову са Святланай Ціханоўскай.

«Мы размаўлялі пра нейкія чалавечыя рэчы. Не пра палітыку, не пра маю справу. А пра тое, як я сябе адчуваю, пра маё здароўе. Мы размаўлялі як сябры. Гэта дало мне шмат энергіі», – паведамляе Гнёт.

Паводле словаў Андрэя, ён напісаў ліст да Святланы Ціханоўскай, яшчэ ў знаходзячыся ў турме. Яна адказала, «асабіста ўступіўшыся за ягоную справу».

«І гэта быў для мяне самы важны адказ», – адзначае Андрэй Гнёт.

Мог бы пайсці хоць на Месяц, калі б управіўся за гадзіну

Па правілах хатняга арышту, Андрэю дазволеная хатняя прагулка працягласцю ў адну гадзіну. Гэты час хлопец праводзіць у супермаркеце або ў аптэцы.

За рухамі хлопца сочыць спецыяльны прыбор, усталяваны ў гасцінай, які падключаны да бранзалета на назе Андрэя і адсочвае ягоныя рухі.

Паводле ўмоваў хатняга арышту, Андрэй мусіць насціь спецыяльны бранзалет на назе, які адсочвае ягоныя перамяшчэнні.
Фота: slobodnaevropa.org

Абмежаванняў на адлегласць няма. Таму, кажа Андрэй, калі б ён мог прыбыць праз гадзіну, то мог бы пайсці хоць на Месяц і назад. Але даводзіцца рухацца 500 метраў налева, на 500 метраў направа.

«Я пазнаю гэта паселішча вельмі добра», – смяецца Андрэй.

«Яны сапсавалі мне жыццё»

У сваім цяперашнім статусе Андрэй вінаваціць у першую чаргу міжнародную паліцэйскую арганізацыю Інтэрпол, у якую ўваходзяць 195 краін.

«Я ніколі не чакаў, што нехта можа ўнесці мяне ў чырвоны спіс Інтэрпола з-за гэтага ілжывага падатку. Гэта сапраўды неверагодна», – прыводзіць выданне словы Андрэя.

У рашэнні Высокага суда Бялграда адзначаецца, што выдадзены беларускімі ўладамі ордар на арышт Гнёта знаходзіцца на разглядзе ў Генеральным сакратарыяце Інтэрпола ў Ліёне.

«Але маё нармальнае жыццё цяпер разбурана. Хто можа мне з гэтым дапамагчы? Як я магу вярнуць сваё жыццё?» – пытаецца Андрэй.

Андрэй Гнёт – беларускі журналіст, рэжысёр, сузаснавальнік «Свабоднага аб’яднання спартоўцаў SOS BY» (у Беларусі яно прызнанае «экстрэмісцкім фармаваннем»). Інтэрпол затрымаў яго ў кастрычніку 2023 года ў Сербіі на запыт рэжыму Аляксандра Лукашэнкі, які абвясціў яго ў вышук па справе аб падатках. Адвакаты кажуць, што гэта палітычна матываваны пераслед, а на радзіме Гнёта могуць чакаць катаванні.

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў