У Беларусі пакажуць «Еўра-2024» легальна, а не па-пірацку


Дзяржаўны тэлеканал СТБ паведаміў, што стаў афіцыйным партнёрам УЕФА па трансляцыі Чэмпіянату Еўропы па футболе – 2024. Усе матчы плануецца паказаць у жывым эфіры.

Футбольны стадыён, на якім пройдзе матч адкрыцця Еўра-2024.
Фота: uefa.com

Паводле радыё «Свабода», прадстаўнікі УЕФА пацвердзілі, што «Еўра-2024» сапраўды будзе транслявацца ў Беларусі.

На сайце УЕФА таксама з’явіўся абноўлены спіс тэлеканалаў, якія сталі афіцыйным партнёрам футбольнага звязу па трансляцыі чэмпіянату. Ад Беларусі ў спісе значыцца тэлеканал СТБ.

Чэмпіянат Еўропы па футболе стартуе сёння, 14 чэрвеня. Матч адкрыцця Нямеччына – Шатландыя распачнецца а 22-й гадзіне па беларускім часе.

Раней чэмпіянат Еўропы па футболе быў уключаны Міністэрствам інфармацыі ў пералік спартовых спаборніцтваў, якія ў Беларусі можна паказваць без згоды праваўладальнікаў.

«Пірацтва» дэ-факта ўзаконенае ў Беларусі. 3 студзеня 2023 года ў Беларусі з’явіўся закон «Аб абмежаванні выключных правоў на абʼекты інтэлектуальнай уласнасці». Гэты дакумент дазваляе выкарыстоўваць аб’екты інтэлектуальнай уласнасці без згоды праваўладальнікаў з краінаў, што «здзяйсняюць недружалюбныя дзеянні».

Аднак ва УЕФА звярнулі ўвагу на вольнае стаўленне ўладаў Беларусі да аўтарскага права і вырашылі дзейнічаць на апярэджанне. Як раней паведамляла выданне by.tribuna.com, еўрапейскі футбольны звяз папярэдзіў беларускі бок аб намеры абараняць сваю інтэлектуальную ўласнасць і ўвесці санкцыі.

У прыватнасці, калі б беларускае ТБ арганізавала пірацкі паказ чэмпіянату Еўропы, то УЕФА магло пазбавіць усіх выплат клубы з Беларусі, якія будуць гуляць у еўракубкавай кампаніі-2024/25. Таксама ў выпадку пірацтва ўсіх грошай ад УЕФА магла пазбавіцца і Беларуская федэрацыя футбола, а гэтыя паступленні якраз і складаюць аснову бюджэту, тлумачыла выданне.

Агляд
«Еўра-2024»: У Англіі ўжо 58 гадоў чакаюць новага чэмпіёнскага тытулу
2024.06.14 11:00

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў