Зянон Пазняк «сустрэне» Лукашэнку ў Нью-Ёрку


Стала вядомая дата выступу Аляксандра Лукашэнкі ў Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў. Кіраўнік Беларусі выступіць у першы дзень 70-ай сесіі Генеральнай асамблеі ААН 28 верасня. Агульная дыскусія распачнецца адразу пасля саміту ААН, які пройдзе 25-27 верасня.

«Няхай прыязджае, мы яго тут сустрэнем», – кажа Зянон Пазняк у адказ на пытанне racyja.com пра запланаваны выступ Аляксандра Лукашэнкі ў Нью-Ёрку: – Так, няхай прыязджае. Мы яго тут «сустрэнем». Але трэба сказаць, што гэта звычайны пратакол: дзяржава, якая з’яўляецца чальцом ААН, незалежна ад палітычных пытанняў, санкцый і гэтак далей, яна мае права ўдзельнічаць у сесіях. І таму тут ніхто нічога не можа памяняць. І ў 2005 годзе Лукашэнка таксама прылятаў і выступаў, хоць і тады ён быў нелегітымным, ніхто яго не прызнаваў, але гэтае права дзяржавы застаецца, і ён гэта выкарыстаў. Так некалі і Хрушчоў выкарыстоўваў, калі пантофлям па трыбуне біў, так выкарыстоўваў і Фідэль Кастра, і ўсё дыктатары. Гэта такі механізм, гэта такая арганізацыя».

Сесія ААН пройдзе ў штаб-кватэры арганізацыі ў Нью-Ёрку. Паведамляюць, што ў ЗША прыедуць каля 160 кіраўнікоў з розных краінаў свету.

ЮВ, belsat.eu, паводле racyja.com

Стужка навінаў