ЗША і Еўразвяз адмянілі санкцыі супраць Ірану


Захад здымае санкцыі ў дачыненні да Ірану пасля выканання Тэгеранам усім умоваў дэмантажу ядравай прагрымы.

Пра выкананне гэтых умовая абвясціла МАГАТЭ (Міжнароднае агенцтва па атамнай энергетыцы).

Дзяржсакратар Джон Керы заявіў, што гаворка вядзецца толькі пра тыя санкцыі, якія матываваліся імкненнем ЗША стрымаць іранскую ядравую праграму.

«У адказ на крокі, якія зрабіў Іран, ЗША і ЕЗ неадкладна здымуць санкцыі, звязаныя з ядравай праграмай краіны», – заявіў Керы падчас выступу ў Вене.

Вярхоўны прадстаўнік ЕЗ па знешняй палітыцы Федэрыка Магерыні паведаміла, што будуць знятыя санкцыі, якія ўвёў як Еўразвяз, так і асобнымі ўрады краінаў аб’яднанай еўрапейскай супольнасці.

«Паколькі Іран выканаў свае абавязкі, сёння адпаведна здымаюцца міжнародныя і нацыянальныя эканамічныя і фінансавыя санкцыі, звязаныя з ядравай праграмай Тэгерана», – заявіла Магерыні.

Прэзідэнт Ірану Хасан Рухані павіншаваў суайчыннікаў з адменай санкцыяў.

Іран паабяцаў не ўзбагачаць уран вышэй парогу ў 3,67 % і абмежаваць аб’ёмы гэтага ўрану 300 кілаграмамі на тэрмін у 15 гадоў.

З гэтага моманту Іран вяртае сабе права экспартаваць нафту.

НМ, belsat.eu, паводле BBC

Глядзі таксама
Каментары