Жонка Саакашвілі мяркуе, што ўлады Украіны рыхтуюць экстрадыцыю яе мужа ў Тбілісі


Сандра Рулофс

Жонка экс-прэзідэнта Грузіі Сандра Рулофс кажа, што ўлады Украіны і Грузіі дзейнічаюць супольна, рыхтуючы экстрадыцыю палітыка з Кіева ў Тбілісі.

«Я не спадзяюся на справядлівы ўкраінскі суд, які заўтра павінен вынесці рашэнне аб меры стрымання майму мужу. Хутчэй за ўсё, рашэнне суда ўжо прадыктаванае ўкраінскімі уладамі і яго пакінуць у папярэднім зняволенні. Магчыма, прымуць рашэнне пра хатні арышт, але ўсё гэта робіцца для таго, каб выйграць час і дачакацца прысуду па Міхэілу ў грузінскім судзе, а ўжо потым, паводле запланаванага сцэнару, яго хочуць экстрадаваць з Кіева ў Тбілісі», – сказала ў нядзелю ў эфіры тэлекампаніі «Руставі 2» Сандра Рулофс пры ўключэнні з Кіева.

Цяпер у Тбіліскім гарадскім судзе ў паскораным парадку разглядаецца справа аб перавышэнні службовых паўнамоцтваў Міхэілам Саакашвілі на пасадзе прэзідэнта Грузіі. У прыватнасці, маецца на ўвазе указ прэзідэнта аб датэрміновым памілаванні чатырох паліцыянтаў, асуджаных за забойства супрацоўніка »Банка Грузіі« Сандро Гіргвліані.

Паводле Сандры Рулофс, дзеючыя ўлады Украіны і Грузіі, якія ўзгаднілі план экстрадыцыі Саакашвілі, робяць гэта «прымітыўна, груба, не азіраючыся на міжнародную супольнасць».

«У мяне складваецца ўражанне, што сёння ва Украіне наагул не дзейнічае закон і ўсё вырашаецца як у сярэднявеччы, па волі ўлады, інакш як можна растлумачыць выкраданне майго мужа з кватэры ў Кіеве і дастаўку яго ў Службу бяспекі з мяшком на галаве», – сказала жонка апазіцыйнага палітыка.

Яна лічыць, узгоднены сцэнар экстрадыцыі Міхэіла Саакашвілі не спрацуе і падзеі ў Кіеве і Тбілісі «будуць развівацца ў іншым кірунку».

«Мітынг апазіцыйных сілаў у Кіеве паказаў, што ўкраінцы хочуць жыць па законах, а не па правілах алігархаў», – сказала Сандра Рулофс.

Глядзіце таксама:

НМ, belsat.eu, паводле «Інтерфакс-Україна», фотаздымак exclusivenews.ge

Глядзі таксама
Каментары