Заўзятары сталі на ахову інтарэсаў футбалістаў берасцейскага «Дынама»


У адкрытым лісце да кіраўніцтва Берасця і Берасцейскай вобласці заўзятары патрабуюць перамен у галоўнай камандзе вобласці, і каб кіраўніцтва клубу сышло ў адстаўку.

У прыватнасці заўзятары пішуць: «Мяркуем, што цяперашняе кіраўніцтва клубу не спраўляецца з ускладзенымі на яго абавязкамі і павінна ў поўным складзе пакінуць займаныя пасады і рэалізоўваць сябе ў іншых сферах. Павінна быць праведзена рэарганізацыя ў структуры кіравання клубам, яго павінны ўзначаліць прафесіяналы, людзі з футбольным мінулым, якія зарэкамендавалі сябе ў футбольнай галіне».

І сапраўды апошнім часам берасцейскае «Дынама» дэградуе. Калі ў мінулым годзе берасцейцы занялі дзясятае месца сярод 20 камандаў, то ў гэтым годзе фінішавалі перадапошнімі – 11-мі.

Прызначаны на пасаду старшыні праўлення «Дынама» і адначасна дырэктар унітарнага прадпрыемства «Брествторчермет» Вячаслаў Сашко ўзначальвае і клубнае праўленне, якое прымае ключавыя рашэнні. У прыватнасці па зацвярджэнню бюджэту і прызначэнню галоўнага трэнера. Вось толькі склада гэтага праўлення ў адкрытым вольным доступе няма.

Кіраўніцтва займае кругавую абарону

Вячаслаў Сашко адмовіўся адказваць на нашыя пытанні. Не ўдалося пачуць адказы і ад начальніка ўпраўлення берасцейскага аблвыканкаму Эрнеста Нікалайчука, які таксама ўваходзіць у праўленне клубу. Але цікавая рэч – каментаваць любыя рашэнні праўлення – можа толькі кіраўнік праўлення. Які, як адзначалася вышэй, ад зносін з прэсай адмаўляецца.

Нядаўна заяву з просьбаю стаць чальцом праўлення грамадскай арганізацыі падаў адзін з заўзятараў – але атрымаў адмову, паколькі ён раней не быў чальцом ніякага праўлення і не валодае дастатковымі веданнем і досведам.

27 красавіка гэтага года берасцейскія футбалісты затрымалі пачатак гульні супраць БАТЭ на 10 хвілінаў на знак пратэсту супраць таго, што да таго часу каманда не атрымлівала заробак за папярэднія шэсць месяцаў.

Гэты метад пратэсту гульцы «Дынама» ужывалі 25 траўня летась. Тады яны таксама затрымалі хатнюю гульню чэмпіянату Беларусі супраць мазырскай «Славіі». Акцыя падзейнічала, улады распарадзіліся адшукаць сродкі і заплаціць футбалістам. Але на дадзены момант клуб мае пазыкі перад большасцю футбалістаў за паўгода.
Ці пачуе іх кіраўніцтва Берасцейскай вобласці?

На жаль, футбольныя прыхільнікі не гледзячы на тое, што клуб у большасці сваёй фінансуецца з дзяржаўных сродкаў, не маюць такога ўплыву як у краінах Еўропы.

Напрыклад, заўзятары белградскай «Црвены Звезды» вымусілі сысці ў адстаўку прэзідэнта сербскага клубу, калі даведаліся, што пазыкі клубу складаюць 23 мільёны еўра. Фанаты грэцкага «ПАОКа» аказаліся яшчэ больш радыкальнымі – яны таксама прымусілі сысці ў адстаўку прэзідэнта клубу – пераследуючы яго, збіраючыся тысячамі перад яго домам, закідваючы вокны камянямі, падпальваючы ягоныя машыны.

Алесь Ляўчук, фота Мілана Харытонава для belsat.eu

Стужка навінаў