Амерыканскі юрыст Лары Карбоўскі, продкі якога паходзілі з Гарадзеншчыны, каля 30 год даследуе гісторыю сваёй сям’і. Лары даўно марыў пабываць у Беларусі, каб наведаць вёскі і мястэчкі, адкуль паходзіў яго род ды прадставіць кнігу пра сваю сям’ю гарадзенцам у Цэнтры гарадскога жыцця.
Лары па прафесіі юрыст і валодае ўласнай фірмай. Займаецца яшчэ і палітыкай ды мае пасаду старшыні Рэспубліканскай партыі ў Чарльстане. Прадстаўніком партыі Рэспубліканцаў з’яўляецца цяперашні прэзідэнт ЗША – Доналд Трамп. Продкі Лары Карбоўскага паходзяць з вёскі Кобраўцы. Пазней яны жылі ў Астрыне, Новым Двары, Скідзелі, Азёрах, некаторыя жылі ў Горадні. Продкі Лары моцна пацярпелі ў часы ІІ Сусветнай вайны, шмат з іх загінула падчас Галакосту. Родны дзядзька Лары – Ісак Карбоўскі быў вязнем аднаго з гарадзенскіх гета, але яму ўдалося ўцячы ды ваяваць з нацыстамі ў складзе партызанскага атраду.
«Амерыканская гісторыя» сям’і Карбоўскіх пачалася з эміграцыі ў штаты прадзядулі Лары. Ён з’ехаў у ЗША, працаваў на розных працах некалькі год, а затым даслаў грошы сваёй жонцы ды сыну Язэпу – дзядулі Лары, каб тыя змаглі перабрацца ў ЗША. У міжваенны час падобная практыка была вельмі пашыраная сярод жыхароў тэрыторый Заходняй Беларусі. Некаторыя вярталіся назад на Радзіму, а за заробленыя грошы куплялі зямлю.
Дзякуючы дзеду Лары зацікавіўся гісторыяй сваёй сям’і. У маленстве будучы юрыст Карбоўскі часта слухаў расповеды дзядулі пра мясціны, дзе той вырас.
«На мяне вельмі моцна паўплывалі гісторыі маіх продкаў, якія жылі ў Азёрах ды пераехалі ў ЗША. Я назаўсёды запомніў, як яны апісвалі Азёры. У іх заўсёды былі вельмі прыемныя ўспаміны пра Радзіму. Наведаць Беларусь у мяне жаданне ўзнікла з дзяцінства, я хацеў убачыць тую зямлю, дзе жылі мае продкі», – распавядае ён на сустрэчы.
Каля 30 год таму Лары пачаў даследаваць гісторыю свайго роду. Нават спрабаваў прыехаць у Беларусь у 1984 годзе, аднак не атрымалася і ён наведаў Літву.
«Я пачаў шукаць свае карані 10 год таму назад і гэта вельмі складаны працэс. Мае кантакты з Літвы і Беларусі дапамагалі шукаць гісторыю маёй сямі: дакументы ды здымкі», – кажа Лары Карбоўскі.
Шмат карыснай інфармацыі Карбоўскі знайшоў у кнізе «Скідзель і яго ваколіцы» доктара гістарычных навук Сяргея Такця. Потым у Лары нарадзілася ідэя стварыць брашуру пра гісторыю яго сям’і, дзе размешчаныя дакументы, звязаныя з роднымі мясцінамі яго продкаў ды іх здымкі. Гэтую брашуру Карбоўскі прадставіў гарадзенцам у Цэнтры гарадскога жыцця.
Пасля паездкі па мясцінах свайго роду Лары вельмі расхваляваўся, што шмат хто з амерыканцаў, якіх продкі з’ехалі з Беларусі ў ЗША не цікавяцца гісторыяй свайго паходжання.
«У ЗША жыве багата людзей, карані якіх знаходзяцца ў Беларусі. Аднак, яны не ведаюць гэтага. Таму я буду старацца данесці, што іх Радзіма тут. І ім варта было бы пашукаць ды наведаць тыя мясціны, што звязаныя з лёсам іх продкаў. Я вельмі люблю прыроду, пабываўшы на Радзіме продкаў становіцца зразумела, чаму ў мяне да яе такая цяга», – кажа Лары.
Лары прыехаў у Беларусь са сваёй дачкой ды кузінай. Усе разам яны былі пад вялікім уражаннем ад ветлівасці беларусаў. Па прыездзе ў ЗША Карбоўскі абяцаў распавесці сваім знаёмым ды сябрам аб цудоўных славутасцях гарадзенскай зямлі.
«Буду заклікаць іх наведаць Беларусь, бо гэта вельмі ветлівая краіна» – падсумаваў Лары ды абяцаў неўзабаве зноўку прыехаць на зямлю сваіх продкаў.
МД belsat.eu