Ядравы блеф Паўночнай Карэі, які можа скончыцца трагедыяй


Запуск балістычнай ракеты з падводнай лодкі ў КНДР, 23 красавіка 2016 года
Фота: KCNA  / Reuters

КНДР спыніць ядравыя выпрабаванні, калі ЗША адмовяцца ад супольных з Паўднёваю Карэяй вайсковых вучэнняў. Пра гэта паведамляе «Associated Press».

Кіраўнік паўночнакарэйскага МЗС Ры Су Ёнг звярнуў увагу на права сваёй краіны на ўжыванне рэжыму ядравага стрымлівання. Паводле міністра, ЗША вымусілі КНДР распрацаваць ядравую зброю. Ры Су Ёнг папярэдзіў, што Паўночную Карэю не запалохаць міжнароднымі санкцыямі.

18 красавіка Сеул заявіў, што зафіксаваў актыўнасць паўночных суседзяў у рыхтаванні да пятага ядравага выпрабавання. Паўднёвая Карэя лічыць, што Пхеньян можа правесці новае выпрабаванне перад зʼездам Працоўнай партыі КНДР, які запланаваны на пачатак траўня.

У сакавіку лідар КНДР Кім Чэн Ын загадаў трымаць ядравую зброю напагатове, каб мець магчымасць ужыць яе ў любы момант. Пасля чаго Паўночная Карэя абвясціла аб гатовасці да нанясення папераджальных ядравых удараў па Паўднёвай Карэі і ЗША. Заява прагучала пасля таго, як Вашынгтон і Сеул пачалі найбуйнейшыя супольныя вайсковыя вучэнні, якія будуць працягвацца да канца красавіка.

ЮВ, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары