Вышаградская група просіць Еўракамісію дапамагчы Украіне з перасяленцамі


Кіраўніка Еўракамісіі Жана-Клёда Юнкера папрасілі перадаць Украіне грошы, якія прызначаліся на абарону і развіццё ў Іарданіі ды Іраку.

У супольным лісце лідары Чэхіі, Славакіі, Польшчы ды Вугоршчыны паведамляюць, што агульная колькасць «унутраных» перасяленцаў, якія пакінулі дамы ў выніку баявых дзеянняў, перавысіла 1,7 млн асобаў.

«У Празе мы падпісалі агульны ліст кіраўніку Еўракамісіі Жану-Клёду Юнкеру, у якім звяртаемся да Камісіі з просьбай вылучыць фінансавую дапамогу для стварэння фонда для рэгіянальнай праграмы развіцця Украіны», – заявіў прэмʼер-міністр Чэхіі Богуслаў Собатка.

Польшча, Вугоршчына і Славакія – якія разам з Чэхіяй утвараюць Вышаградскую групу – мяжуюць з Украінай і больш за іншых церпяць ад міграцыі з былой савецкай рэспублікі.

«Няма ніякіх прыкметаў, што канфлікт на Данбасе будзе вырашаны ў бліжэйшай будучыні, а колькасць унутраных перасяленцаў ва Украіне дасягнула свайго максімума», – гаворыцца ў лісце.

Яго аўтары папрасілі выканаўчыя ўлады ЕЗ вызваліць сродкі з Праграмы рэгіянальнага развіцця і з Абароннай праграмы, якія прызначаліся для Іарданіі ды Іраку.

Мяркуецца, што фінансавая дапамога паспрыяе ўзмацненню дзяржаўных інстытутаў ва Украіне, што ў сваю чаргу дапаможа вырашыць пытанне перамяшчэння жыхароў і ўцекачоў. Краіны Вышаградскай групы заяўляюць, што гатовая весці адпаведную праграму.

НМ, belsat.eu

Стужка навінаў