«Выбары ў самаабвешчаных рэспубліках – прэтэкст для далейшага захопу»


2 лістапада на захопленых украінскіх тэрыторыях адбыліся псеўдавыбары прэзідэнтаў і парламенту. Згодна з экзіт-поламі, у самаабвешчаных рэспубліках кіраваць застаюцца дзейныя «прэм’ер-міністры» ДНР і ЛНР Аляксандр Захарчанка і Ігар Платніцкі.

Паводле папярэдніх падлікаў, Аляксандр Захарчанка атрымлівае больш 70% галасоў, у той час як ягоныя апаненты не змаглі набраць нават 10%. Падобная сітуацыя ў ЛНР, дзе Ігар Платніцкі набірае больш 60% галасоў.

«Агулам у ДНР і ЛНР прагаласавалі больш двух мільёнаў чалавек, усе выбарныя ўчасткі былі перапоўненыя людзьмі», – рэзюмуюць у ЦВК.

У Службе бяспекі Украіны іншыя дадзеныя і лічбы: напярэдадні праваахоўнікі перахапілі перамовы тэрарыстаў адносна падліку галасоў, якія яўна сведчаць пра фальсіфікацыю.

На думку ж лідара тэрарыстаў ДНР Аляксандра Захарчанкі, усе дамоўленасці менскага пагаднення выкананыя.

«Палітыку Кіева я да гэтага часу зразумець не магу, але да дыялогу мы з імі гатовыя і чакаем ад іх адэкватных, нармальных дзеянняў», – заявіў ён.

Зразумець вынікаў бутафорных выбараў не можа Еўропа і ЗША, чыя рэакцыя прадказальная:

«Гэтыя выбары з’яўляюцца поўнай супрацьлегласцю духу і літары Менскага пратаколу і яны нацэленыя на падрыў мірнага ўрэгулявання працэсу на Данбасе» – адзначыў еўракамісар Эльмар Брок.

На фоне ўсеагульнага непрызнання, Масква застаецца адзіным саюзнікам сепаратыстаў. Нягледзячы на заклік Пятра Парашэнкі да Расеі не падтрымліваць «фарс пад дуламі танкаў і аўтаматаў», у Крамлі заявілі, што «паважаюць волевыяўленне грамадзянаў Паўднёва-Захаду».

На думку палітолага Вольгі Паповіч, Кіеў пакуль не будзе прыступаць да вайсковых дзеянняў, але мае права разарваць мірнае пагадненне:

«Выбары былі прэтэкстам. Прарасейскія сепаратысты гатовыя да вайны. Яны выкарыстоўваюць баевікоў. Выкарыстоўвалі іх і раней – украінскія пазіцыі абстрэльваліся, нягледзячы на замірэнне, былі спробы правакацыяў. Зараз маючы расейскую тэхніку, а ёсць доказы, што яна трапіла на тэрыторыі, падкантрольныя баевікам, яны могуць перайсці да больш актыўных баявых дзеянняў, спрабуючы захапіць іншыя тэрыторыі».



ДР, belsat.eu

Стужка навінаў