Валанцёрка ў шпіталі: Найбольш у Васіля пашкоджаная левая нага, але ён нармальна трымаецца, добра есць




Беларускі добраахвотнік, былы палітвязень Васіль парфянкоў атрымаў раненне ў баі ў Песках. Цяпер беларус знаходзіцца ў шпіталі ў Адэсе.

«13 верасня ў Песках каля 14:30 адбылося боесутыкненне з сепарамі ў выніку якога нашыя паклалі трох оркаў, некалькі байцоў ОУН атрымалі раненні, сярод іх наш беларус «Сябра» Васіль Парфянкоў, – гаворыцца ў допісе «Згуртавання патрыётаў». – Пасля спрацоўвання сігнальнай ракеты хлопцы выдвінуліся на перахоп варожай ДВГ, адбыўся кантактны бой, нашых абстралялі з АГС. Цяпер хлопцаў даставілі ў шпіталь Днепрапятроўску, адзін у рэанімацыі, рэшта ў стабільным стане – жыць будуць».

У добраахвотным батальёне «ОУН» паведамляюць, што дваіх параненых, у тым ліку Парфянкова, скіравалі на далейшае лекаванне ў Адэсу.

Звязацца з самім Васілём пакуль не атрымалася. Са словаў валанцёраў, якія апякуюцца беларускім добраахвотнікам, на дадзены момант ён перабывае ў шпіталі ў Адэсе.

ЛЮДМІЛА, ВАЛАНЦЁРКА:

«Ён атрымаў раненне ў мяккія тканкі. Найбольш параненая левая нага. Але ён нармальна трымаецца, добра есць. Мы яго даглядаем. Ён з гумарам, смяшыць нас, распавядае аб сваіх прыгодах».

Таксама сёння ўзнікае пытанне, што падштурхнула Васіля Парфянкова паехаць на Данбас і стаць на баку тых, хто супрацьстаіць прарасейскім тэрарыстам? Ягоныя паплечнікі перакананыя.

ВОЛЬГА МІКАЛАЙЧЫК, ГРАМАДЗСКАЯ АКТЫВІСТКА:

«Ён пайшоў бараніць свае ідэалы. Ён ведаў, што калі ён ва Украіне пераможа разам з украінцамі нашымі братамі, то гэта будзе прамы крок для перамогі на Беларусі над той сістэмай, у якой мы існуем дваццаць год. Васіль ведаў на што ён ішоў».

Грамадскі актывіст Васіль Парфянкоў 5 снежня 2014 года выйшаў з калоніі ў Горках. Амаль адразу пасля гэтага ён разам з сям’ёй – жонкай і сынам – з’ехаў ва Украіну. Пасля двухтыднёвай падрыхтоўкі Парфянкоў адправіўся на фронт.

Актывіст раней паведамляў журналістам, што не збіраецца адмаўляцца ад беларускага грамадзянства, але разам з сям’ёй падаў дакументы на від на жыхарства ва Украіне.

Васіль Парфянкоў быў удзельнікам Плошчы-2010, асуджаны да 4 гадоў пазбаўлення волі, але ўжо ў жніўні 2011 быў памілаваны. Пазнейшае зняволенне Васіля Парфянкова было звязанае з парушэннем прэвентыўнага нагляду, якое замацоўвалася за ім пасля вызвалення з турмы.

МЛ, Ян Бабіцкі, belsat.eu

Стужка навінаў