Улады Бярозы дазволілі пікет на Дзень Волі


Фота news.21.by

Бярозаўскі райвыканкам дазволіў правесці пікет, прымеркаваны да 98-й гадавіны абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі.

Пра гэта агенцтву БелаПАН паведаміў адзін з заяўнікаў акцыі – праваабаронца Сяргей Русецкі.

Паводле яго, гадзіннае пікетаванне з колькасцю ўдзельнікаў да 10 чалавек запланавана на 25 сакавіка.

Мэта акцыі – прыцягнуць увагу да таго, што 25 сакавіка 1918 года ўпершыню ў найноўшай гісторыі была абвешчана незалежнасць беларускай дзяржавы, выказаць пратэст супраць указу № 222 і дэкрэту № 3 «Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства».

Глядзіце яшчэ >>> Каля 70 чалавек святкавалі Дзень Волі ў Варшаве. Дадаліся фота

«Мы падавалі заяўку на пікетаванне каля ўваходу на Цэнтральны гарадскі стадыён. Нам дазволілі акцыю на стадыёне ў мікрараёне Паўночны гарадок. Абедзве гэтыя пляцоўкі прызначаныя мясцовай уладай у Бярозе для правядзення масавых мерапрыемстваў, – сказаў Русецкі. – Пакуль гэта больш фармальны дазвол. Нам яшчэ трэба заключыць дамовы з міліцыяй, лякарняй і ЖКГ на абслугоўванне пікету. Калі мы не зможам падаць копіі такіх дакументаў у Бярозаўскі райвыканкам, гэта можа стаць падставай для забароны акцыі».

Адказ з райвыканкаму прыйшоў 19 сакавіка. Копіі дамоваў на абслугоўванне акцыі неабходна падаць не пазней за 24 сакавіка.

У сваю чаргу ўлады Віцебску не дазволілі масавага святкавання Дня Волі.

У Менску вулічная акцыя на Дзень Волі – дазволеная. Арганізатары планавалі правесці шэсце па праспекце Незалежнасці да парку Янкі Купалы, дзе меў прайсці мітынг. Але ўлады скіравалі шэсце на плошчу Бангалор. Аргкамітэт назваў такое рашэнне правакацыйным.

Адзін з чальцоў аргкамітэту, экс-палітвязень Мікалай Статкевіч паведаміў, што Дзень Волі варта адзначыць у цэнтры Менску, заклікаўшы ўдзельнікаў 25-га сакавіка а 17:00 ускласці кветкі да помніка Янку Купалу ў аднайменным скверы. Пасля гэтай цырымоніі, паводле яго слоў, грамадзяне пройдуць да кінатэатра «Кастрычнік», дзе прызначаны збор удзельнікаў шэсця.

МЯ, паводле naviny.by

Глядзі таксама
Каментары