Украіну чакае люстрацыя


Вярхоўная Рада прагаласавала за вычышчэнне Аўгіевых стайняў украінскага дзяржапарату.

За закона аб люстрацыі прагаласаваў 231 дэпутат пры неабходным мінімуме ў 226 галасоў. Пасля таго, як першая спроба прыняць законапраект не ўдалася, дэпутаты некалькі разоў галасавалі за вяртанне яго на галасаванне.

 «Тэлефануйце сваім калегам, збірайце дэпутатаў», – звярнуўся да парламентарыяў спікер Рады Аляксандр Турчынаў і паабяцаў апублікаваць спісы тых, хто галасаваў і праігнараваў галасаванне.

Люстрацыя – адно з асноўных патрабаванняў актывістаў Майдану. Раней заканадаўства Украіны не прадугледжвала гэтую працэдуру. Цяпер дакумент павінен трапіць на подпіс да прэзідэнта Украіны Пятра Парашэнкі.

Закон аб люстрацыі прадугледжвае працэдуру адмысловай праверкі дзяржаўных чыноўнікаў і кандыдатаў на такія пасады. Тыя, хто быў датычны да выдачы злачынных загадаў у часы кіравання экс-прэзідэнта Украіны Віктара Януковіча могуць страціць сваю працу.

ЮВ, belsat.eu  

Глядзі таксама
Каментары