Украіна пратэстуе супраць выхаду ў Беларусі расейскага фільму пра анексію Крыму. Кінапракатчыкі: «Мы яшчэ нічога не ведаем»


Амбасада Украіны ў Менску перадала ноту пратэсту ў МЗС Беларусі ў сувязі з паказам трэйлера расейскага фільма «Крым» у сталічных кінатэатрах. Нота была перададзеная яшчэ 14 ліпеня.

Фільм «Крым», зняты пры падтрымцы расейскага ўрадавага «Фонду кіно», распавядае пра каханне кіяўлянкі і севастопальца на фоне падзеяў ва Украіне 2014 году. Упершыню на кінаэкранах будзе паказаная анексія Крыму расейскімі войскамі, у трэйлеры да фільма можна пабачыць кадры высадкі расейскіх войскаў на паўвостраве. Асноўны пасыл – гэта было зроблена дзеля таго, каб «не пралілася кроў».

«Мы павінны былі выратаваць людзей у Крыме, абавязаны былі перад Богам, – заявіў рэжысёр «Крыму» Аляксей Піменаў у інтэрвʼю тэлеканалу «Звезда». – Калі б не нашы тагачасныя дзеянні, там былі б трупы».

Аляксей Піменаў называе фільм «антываенным» і жадае «здохнуць» усім, хто стане ягоным ворагам пасля выхаду гэтай карціны.

Фільм павінен выйсці ў расейскі кінапракат 28 верасня.

Ва УП «Кінавідэапракат» Менгарвыканкама паведамілі «Белсату», што дата выхаду фільма ў беларускі пракат невядомая, ды і няма стоадсоткавай гарантыі, што карціна ў пракат трапіць. У гэтым сэнсе паказ трэйлера нічога не мяняе, бо сам па сабе трэйлер уваходзіць у абавязковы рэкламны блок да тых стужак, што ўжо ідуць у пракаце.

«Па дамове з кампаніяй мы не маем права прыбіраць рэкламу. Мы пакуль яшчэ нічога не ведаем. Рашэнне аб выхадзе таго ці іншага фільма ў пракат прымае рэпертуарная камісія прадпрыемства, усе дырэктара кінатэатраў абмяркоўваюць рэпертуар. Пасяджэнне камісіі пройдзе ў дзесятых лічбах жніўня», – патлумачылі« Белсату» ва УП «Кінавідэапракат».

Беларускі культуролаг і кінакрытык Максім Жбанкоў лічыць, што дэманстрацыя стужкі «Крым» пойдзе не на карысць нацыянальным інтарэсам Беларусі.

«Гісторыя са стужкай «Крым» няпростая. Тэхнічна наш кінапракат абсалютна залежны ад прапановы з расейскага боку. Мы самі фільмы не перакладаем, не дублюем, асобна не набываем – дзяржава звычайна карыстаецца падрыхтаваным пакетам з расейскага боку. Магчыма тут павяліся на абяцанне блокбастару. Але ёсць такая рэч, як культурная палітыка і абарона нацыянальных інтарэсаў. У дадзеным выпадку, калі мы да сябе запрашаем агітацыйную, тэндэнцыйную стужку з расейскага боку, то мы фактычна трапляем у зону інфармацыйнай інтэрвенцыі расейскай дзяржавы. Натуральна, так не мусіць быць. Ці варта гэта забараняць? Пытанне таксама смешнае, бо калі хто захоча, то ён усё роўна паглядзіць. Але пытанне стаіць не ў тым, каб забараняць, а ў тым, ці трэба набываць. На мой погляд, набыццё гэтай прадукцыі не ідзе на карысць нашым нацыянальным інтарэсам», – заявіў Жбанкоў у інтэрвю «Белсату».

Сустаршыня «Беларускай хрысціянскай дэмакратыі» Павал Севярынец лічыць, што стужку «Крым» адназначна трэба забараніць у Беларусі.

«Гэта кандовая расейская прапаганда, якая забруджвае мазгі беларусам і псуе імідж Беларусі на міжнароднай арэне. Навошта гэта інфармацыйная вайна ў Беларусі? Гэта шкодна і глупа», – заявіў палітык «Белсату».

ІІ, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары