У Варшаве распачынаецца саміт НАТО

video

Саміт НАТО, які распачнецца заўтра ў Варшаве, ужо сёння называюць гістарычным – найперш не праз маштаб яго прадстаўнічасці, а праз рашэнні, якіх ад яго чакаюць.

У цяперашнім свеце нават сустрэчы чальцоў арганізацыяў, створаных дзеля агульнай бяспекі, вымагаюць захадаў бяспекі. І чым больш маштабная сустрэча, тым мацнейшыя і перасцярогі. Не стаўся выняткам з агульнага правіла і варшаўскі саміт Паўночна-Атлантычнага альянсу.

Ужо заўтра польская сталіца прыме больш за паўсотні дэлегацыяў з розных краінаў свету. Акрамя непасрэдна чальцоў НАТО тут чакаюць прадстаўнікоў Еўразвязу, ААН і Сусветнага банку. Пакуль жа вайсковыя эксперты і палітыкі будуць весці перамовы пра міжнародную бяспеку, мясцовыя ўлады рапартуюць, што старанна паклапаціліся і пра варшавякаў – на выпадак, калі ў сталіцу завітаюць непажаданыя госці.

«Мясцовыя жыхары і госці могуць пачувацца бяспечна, бо мы падрыхтавалі наш грамадскі транспарт да надзвычайных сітуацыяў – да прыкладу, як паводзіцца падчас тэрарыстычнай атакі», – кажа намеснік мэра Варшавы Ярослаў Юзьвяк.

Сярод іншага, чакаецца, што краіны – удзельніцы альянсу ўхваляць на саміце рашэнне аб размяшчэнні чатырох батальёнаў НАТО на сваіх усходніх рубяжах: па тысячы жаўнераў у Польшчы, Літве, Латвіі ды Эстоніі. А таксама аб аказанні палітычнай і практычнай дапамогі Украіне. Гэткія захады маюць стацца адказам на агрэсіўную вонкавую палітыку, якую вядзе Расея цягам апошніх гадоў.

«Дзеянні Расеі ў дачыненні Украіны паглыбляюць крызіс у рэгіёне. Калі ж закон і непарушнасць межаў аспрэчваецца кім-колечы і на словах, і дзеяннямі, то давер да парушальніка страчваецца. І зразумела, што нашыя хаўруснікі на ўсходзе найперш устурбаваныя сітуацыяй», – кажа канцлерка Нямеччыны Ангела Мэркель.

Менавіта таму Паўночна-Атлантычны альянс ужо цяпер заяўляе, што гатовы бараніць кожнага са сваіх чальцоў – як у выпадку ваеннага нападу, гэтак і пры кібер-атаках. Між тым у адказ на абарончую стратэгію НАТО Крэмль цвердзіць пра намер размясціць на сваіх заходніх рубяжах да 30-ці тысяч вайскоўцаў.

Валеры Руселік, «Белсат», Варшава

Глядзі таксама
Каментары