У Польшчы гаўбіца заехала ў дыска-клуб


Вайсковае шоу ледзь не скончылася трагедыяй.

«Гэта выглядала страшна», – гэтак пазней апісваў падзеі ўладальнік клубу ў польскім горадзе Шубін.

Увечары ў суботу 4 чэрвеня ў будынак ягонага клубу заехала самаходная гаўбіца, якую ён сам туды і прывёз, плануючы зрабіць яе «забаваю імпрэзы».

Побач з забаўляльнай установай зладзілі паказ вайсковай тэхнікі, падчас якога сітуацыя нечакана выйшла з-пад кантролю. У сеціве зʼявілася відэа, на якім бачна, як гаўбіца пераадольвае паласу перашкодаў, пасля чаго рухаецца ў бок дыскатэкі і ўразаецца ў будынак.

Машына затрымалася, але яе гусеніцы працягвалі круціцца.

«Верагодна, нешта заклініла. Можа быць, скрыня пасуванняў? Я ў гэтым не разбіраюся, але кіроўца не мог нічога зрабіць», – распавёў уладальнік клубу Рафал у каментары TVN24. Сам ён таксама быў унутры гаўбіцы.

Ратавальнікі доўга ламалі галаву, думаючы, як адцягнуць тэхніку. У выніку аказалася дастаткова прыбраць металёвыя барʼеры.

«Дзякуючы гэтаму кіроўца сам змог выехаць. Не памятаю нічога такога за маю карʼеру», – прызнаецца ратавальнік Павэл Пшыбыльскі.

Як высветлілі паліцыянты, гаўбіцай кіраваў 38-гадовы ўладальнік баявой машыны. Мужчына быў цвярозы, а прычынай здарэння стаў тэхнічны дэфект: хутчэй за ўсё, звязаны са скрыняй пасуванняў і тармазной сістэмай.

Пасля інцыдэнту імпрэзу давялося адразу скончыць. Тым не менш уладальнік клубу не згубіў цікавасці да вайсковай тэхнікі, абяцаючы новыя шоу:

«Гэта дакладна не апошняя мая імпрэза з вайсковымі машынамі».

НМ, belsat.eu, паводле TVN24.pl

Стужка навінаў