У Кіеве абскарджваюць затрыманне 22-гадовага берасцейца, якому ў віну ставяць злачынствы на Данбасе


Апеляцыйны суд Кіева ў сераду, 8 ліпеня, разгледзіць скаргу на затрыманне 22-гадовага берасцейца Барыса Гульчука, які служыў добраахвотнікам у батальёне Нацыянальнай гвардыі Украіны «Тарнада» ў Луганскай вобласці і падазраецца ў здзяйсненні цяжкіх злачынцаў адносна мірнага насельніцтва з акупаваных тэрыторыяў Данбасу.

«Вінаватасць Барыса Гульчука, як і іншых байцоў батальёну «Тарнада» не даведзеная пракуратураю. Усе публічныя абвінавачванні, якія публічна выказаў вайсковы пракурор Маціяс, не пацверджаныя адмысловымі доказамі. Пры гэтым парушаны галоўны прынцып правасуддзя – прэзумпцыя невінаватасці», – паведамілі Belsat.eu прадстаўнікі праваабарончай арганізацыі «Січ».

Вайсковая пракуратура Украіны затрымала 22-гадовага беларуса разам з іншымі байцамі і камандзірам батальёну на падставе падазрэнняў у шэрагу цяжкіх злачынстваў, якія паводле ўкраінскага заканадаўства караюцца пазбаўленнем волі на тэрмін ад 2 да 12 гадоў.

У прыватнасці, Барысу Гульчуку высунутыя абвінавачанні адпаведна частцы 2 артыкулу 255 Крымінальнага кодэксу Украіны (стварэнне злачыннай арганізацыі), частцы 2 артыкулу 365 (злоўжыванне паўнамоцтвамі асобаў, якія надаюць публічныя паслугі), частцы 2 артыкулу 146 (незаконнае пазбаўленне волі або выкраданне чалавека) і частцы 2 артыкулу 127 (катаванні).

Усім іншым затрыманым байцам батальёну «Тарнада», апроч беларуса, інкрымінуецца яшчэ і частка 1 артыкулу 115 – наўмыснае забойства.

Пра затрыманне Барыса Гульчука стала вядома толькі сёння, хаця пра тое, што яго падазраюць у злачынстве паведамілі 16 траўня, а 17 траўня, як высветлілася, ён быў ужо затрыманы. Ягоныя правы абараняе праваабарончая арганізацыя «Січ».

Алена Літвінава, Кіеў, belsat.eu

Стужка навінаў