У Іраку з падземнай турмы «Ісламскай дзяржавы» вызвалілі 1,5 тыс. чалавек


Іракскія вайскоўцы. Фота nevainfo.ru

Іракскія вайскоўцы вызвалілі каля 1,5 тысячы вязняў з падземнай турмы экстрэмісцкай групоўкі «Ісламская дзяржава».

Як распавёў агенцтву «France-Presse» палкоўнік паліцыі Іраку Фадэль Німраві (Fadel Nimravi), турму знайшлі ў правінцыі аль-Анбар (Al Anbar), на подступах да гораду Гійт (Hit), які застаецца пад кантролем баевікоў «Ісламскай дзяржавы».

Паводле спадара Німраві, у турме былі 1,5 тысячы вязняў – іх усіх вызвалілі. Прадстаўнік адміністрацыі правінцыі аль-Анбар паведаміў, што большасць зняволеных – мірныя жыхары.

З сярэдзіны сакавіка іракскія вайскоўцы вядуць барацьбу за горад Гійт, які ляжыць на беразе ракі Эўфрат (Euphrates) недалёка ад авіябазы Айн аль-Асад (Ayn al-Asad) і мае стратэгічна важнае значэнне.

За апошнія месяцы іракскія вайскоўцы здолелі атрымаць шэраг перамог у барацьбе з «ІД». У канцы снежня армія ўзяла сталіцу правінцыі аль-Анбар – горад Рамадзі (Ramadi).

Як чакаецца, пасля аднаўлення кантролю над горадам Гійт іракскія вайскоўцы пачнуць шырокамаштабную аперацыю дзеля вызвалення ад джыхадыстаў гораду Фаллюджы (Fallujah).

З канца сакавіка іракскія вайскоўцы спрабуюць вызваліць горад Масул (Mosul), захоплены баевікамі экстрэмісцкай групоўкі «Ісламская дзяржава» амаль два гады таму.

МЯ, паводле bbc.com

Глядзі таксама
Каментары