У Дзень незалежнасці ў Менску прайшла акцыя супраць унутранай акупацыі краіны


Пакуль гледачы святочнага параду назіралі дасягненні беларускай мэблевай і машыннай прамысловасці, некалькі соцень чалавек адгукнуліся на заклік Міколы Статкевіча. Марш «За мірную Беларусь» з Кастрычніцкай плошчы да плошчы Незалежнасці прайшоў без затрыманняў і нават без традыцыйнага дэманстрацыйнага складання пратаколаў на ўдзельнікаў.

Спадар Мікола быў адзіным лідарам апазіцыі на акцыі

У цэнтр сталіцы палітыка суправаджалі нашыя журналісты, на выпадак чаканага затрымання. Удзельнікі акцыі патрабавалі адмены вераснёўскіх расейска-беларускіх вайсковых манеўраў ды крытыкавалі размах святочнага параду.

Шэсце працягвалася каля гадзіны і стала ці не самай сціплай акцыяй апазіцыі за апошнія гады. Тым не менш Мікола Статкевіч пазітыўна ацаніў пратэст. На ягонае меркаванне, людзі паказалі, што такія даты, як Дзень незалежнасці, не належаць непадзельна і выключна ўладам.

Восень пачнецца з пратэстаў

Статкевіч заявіў, што працягне пратэставы рух супраць расейска-беларускіх вучэнняў у верасні. Паводле міністэрстваў абароны краінаў НАТО і Украіны, ёсць імавернасць, што тры тысячы расейскіх жаўнераў, што возьмуць удзел у вераснёўскіх манеўрах, не пакінуць нашай краіны пасля іх заканчэння. Дэмакратычныя сілы называюць вучэнні наўпроставаю небяспекаю незалежнасці Беларусі.

Усевалад Шлыкаў, «Белсат»

Стужка навінаў