У 97 беларускіх школах сёлета не звінеў першы званок


Сёння, 1 верасня ў Беларусі адкрыліся 4 новыя школы – у Менску, Берасці, Горадні і Гомлі. Сёлета нашая краіна не далічылася каля 100 школаў, якія працавалі яшчэ летась.

Чыноўнікі закрыццё установаў агульнай сярэдняй адукацыі звязваюць з працэсамі аптымізацыі і рэарганізацыі. У выніку штогод у Беларусі «аптымізуецца» каля сотні такіх установаў.

У цэлым па краіне перад дзятвой 1 верасня расчынілі дзверы 3078 устаноў агульнай сярэдняй адукацыі, а за парты села 930 тыс. навучэнцаў, паведаміла напярэдадні Дня ведаў Міністэрства адукацыі. Пры гэтым, па дадзеных ведамства, «у выніку праведзенай да пачатку навучальнага года аптымізацыі закрыта 87 малакамплектных школаў, рэарганізавана 143». У агульнай складанасці ў новым навучальным годзе Беларусь недалічылася 97 школаў.

Скарачэнне устаноў сярэдняй адукацыі – устойлівы беларускі трэнд. У 2012/13 навучальным годзе ў Беларусі дзейнічала 3579 установаў агульнай сярэдняй адукацыі з 928,2 тыс. навучэнцаў.

На пачатак 2005/2006 навучальнага года ў Беларусі дзейнічала 4,1 тыс. навучальных установаў рознага тыпу, у якіх навучалася 1,2 млн навучэнцаў. На пяць гадоў раней і школаў і вучняў у краіне было значна больш. У 2000/2001 навучальным годзе ў 4,7 тыс. установаў сярэдняй адукацыі вучылася 1,5 млн навучэнцаў.

Гэта значыць, у перыяд з 2000 па 2012 год у Беларусі колькасць пачатковых, базавых, сярэдніх школаў, ліцэяў, гімназіяў, кадэцкіх вучэльняў скарацілася на 1,2 тыс, а лік школьнікаў – на 600 тыс.

Найбольшая актыўнасць па скасаванні, а дакладней «аптымізацыі» школ у Беларусі, праявілася менавіта ў пачатку новага стагоддзя.

Бо яшчэ ў 1995 годзе ў Беларусі функцыянавала 4921 агульнаадукацыйная школа. Дадзеных за 1994 год знайсці не ўдалося, аднак, зыходзячы з дынамікі скарачэння установаў сярэдняй адукацыі, можна меркаваць, што ў гэты год у краіне дзейнічала больш за 5 тыс. школаў. Выходзіць, што за 20 гадоў у Беларусі зніклі каля 2 тыс. школаў.

Дарэчы, у сярэдзіне 80-х гадоў, сістэма адукацыі ў БССР налічвала 6223 агульнаадукацыйныя школы на 1 млн 468 тыс. вучняў. З тых часоў колькасць школаў на тэрыторыі рэспублікі скарацілася больш чым напалову. Прычым, калі зыходзіць з дынамікі ліквідацыі агульнаадукацыйных устаноў за апошнія 20 гадоў, праз 30 гадоў школаў у Беларусі не застанецца наогул.

Аляксандр Дауцін, ej.by

Глядзі таксама
Каментары