Цікаўнасць да ЕГУ сярод абітурыентаў на траціну большая, чым летась


Пасля серыі скандалаў у галоўнай беларускай вучэльні замежжа адкрываецца другое дыханне.

Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт, нягледзячы на ўнутраны крызіс, звязаны з фінансавым аўдытам і зменаю кіраўніцтва, што мае адбыцца, прывабіў сёлета на чвэрць больш студэнтаў, чымся летась.

«Ёсць шэраг прычынаў, універсітэт стаўся больш даступны, знізіліся кошты на ўсе кірункі а гэта падчас стагнацыі эканамічнай у Беларусі – вельмі важна», – кажа кіраўнік камунікацыяў і маркетынгу ЕГУ Максімас Мілта.

Другая прычына такога поспеху, паводле Мілты, – эфект ад шырокай інфармацыйнай кампаніі, праведзенай працаўнікамі навучальнай установы ў 47-мі беларускіх школах. Як вынік – прыёмная камісія рэкамендавала да залічэння ў спіс студэнтаў на абедзве ступені навучання – бакалаўрскую і магістарскую – 287 асобаў.

«У параўнанні з 2015 годам зацікаўленасць бакалаўрскімі кірункамі з боку маладых беларусаў – на траціну большая. Гэта яшчэ раз сведчыць пра актуальнасць нашай місіі», – кажа Мілта.

Пытанне пра актуальнасць існавання ўніверсітэту Мілта ўзгадвае нездарма. Хваля скандалаў, звязаных з нямэтавым выдаткаваннем грошай кіраўніцтвам ЕГУ, паставіла пад пытанне вонкавую дапамогу несамастойнай у фінансавым плане ўстановы.

У траўні, адразу пасля атрымання вынікаў аўдыту, падтрыманне спыніў адзін з галоўных спонсараў універсітэту – Рада міністраў Паўночных краінаў, фармальна – праз рэструктурызацыю бюджэту. Рэшта партнёраў – Еўракамісія, МЗС Літвы ды Шведскі фонд SIDA – ад супрацы пакуль не адмаўляюцца, але скіравалі ва ўстанову супольны ліст, у якім чакаюць ад ЕГУ рэформаў.

«Рэгуляванне мусіць адлюстроўваць больш празрыстую ролю донараў у фінансаванні ЕГУ. Шляхі развязання мусяць быць распрацаваныя ды абмеркаваныя, каб знайсці свайго роду эканамічную эфектыўнасць, якую ЕГУ можа сабе дазволіць Мы спадзяемся, што змены таксама створаць неабходныя ўмовы для празрыстага ды эфектыўнага працэсу выбараў новага рэктара», – гаворыцца ў лісце.

Але ўсе гэтыя жарсці, відавочна, ніяк не паўплывалі на выбар сёлетніх абітурыентаў. Для іх праект, як і раней, застаецца прывабнай альтэрнатывай беларускаму навучанню. Па-ранейшаму папулярны і цікавы для беларусаў, гэтая высокая школа ўсцяж – найшырэйшае вакно ў Еўропу для маладых беларусаў, якія прагнуць вучыцца.

Для тых, хто прапусціў сёлетняе паступленне ў ЕГУ, ёсць добрая навіна. Частка факультэтаў працягвае дадатковы набор з 25-га ліпеня да 11-га жніўня.

Ігар Кулей, «Белсат»

Стужка навінаў