Ці можна прадказаць момант краху беларускіх банкаў?


Беларусы, у якіх на ашчадных кніжках «згарэлі» савецкія рублі, баяцца паўтору гэтага сцэнару і не давяраюць банкам. У інтэрвʼю belsat.eu старэйшы аналітык кампаніі «Альпары» Вадзім Іосуб распавядае, ці можна спрагназаваць крах фінансавай сістэмы краіны.

Пра «згарэлыя» грошы даведаемся па факце?

– Ці ёсць выразныя прыкметы, па якіх просты чалавек можа прадказаць абвал банкаў?

– Праблема ў тым, што крах банкаўскай сістэмы адбываецца альбо нечакана, альбо калі па тых ці іншых прычынах, яго пачынаюць усе чакаць. У гісторыі не так шмат прыкладаў краху менавіта банкаўскай сістэмы. Тое, што пад канец перабудовы савецкія людзі страцілі зберажэнні, трэба звязваць не столькі з крахам савецкай банкаўскай сістэмы, колькі з крахам краіны.

У пэўным сэнсе пад пагрозаю знаходзяцца ўсе банкаўскія сістэмы свету. Банкі збіраюць кароткатэрміновыя ўклады і ператвараюць iх у доўгатэрміновыя крэдыты. Любая банкаўская сістэма працуе такім чынам, што калі ўкладчыкі адначасова звернуцца ў банкі з пытаннем вярнуць свае ўклады, яна абрынецца.

– У гэтым выпадку наша сістэма ўразлівая не больш, чым іншыя?

– Нельга рабіць выснову, што ўсе банкаўскія сістэмы знаходзяцца ў аднолькавай сітуацыі. Важна тое, наколькі далёкія укладчыкі ад таго, каб адначасова рынуцца за ўкладамі. Ва ўмовах Беларусі вяртанне па ўкладах гарантуецца дзяржавай. У поўным абʼёме і з працэнтамі. На практыцы яно выконваецца – калі нядаўна абваліўся дробны «Дэльта Банк», усё вярнулі. Але калі праблемы паўстануць у аднаго-двух сапраўды буйных банкаў, незразумела, як дзяржава будзе рэалізоўваць гэтую гарантыю.

У прынцыпе, дэфолту па абавязацельствах у нацыянальнай валюце не павінна быць наагул. Адзінае выключэнне – Расея, якая абвесціла дэфолт у 1998 годзе. Але тэарэтычна, сваю валюту заўсёды можна надрукаваць і расплаціцца па любых абавязацельствах. Пакупніцкая здольнасць грошай будзе не тая, але фармальна абавязацельствы можна зазкрыць.

«Сітуацыя не такая сумная, як у 2011 годзе»

– Як СМІ павінны асвятляць праблемы эканамічнага крызісу?

– У гэтым пытанні ў СМІ ёсць адказнасць – працэс краху банкаўскай сістэмы можа мець выгляд прагнозу, які рэалізуецца сам па сабе. Калі нагнятанне абстаноўкі прывядзе таго, што ўсе пабягуць па свае ўклады – падзенне сістэмы немінучае. Таму лепш асвятляць не ацэначным чынам – «усё прапала, жах-жах-жах», а аналізаваць лічбы і дынаміку. У рэшце рэшт, цяпер сітуацыя не такая сумная, як была ў 2011 годзе, і нават тады не было краху банкаўскай сістэмы і дэпазіты вярталіся своечасова.

– Калі падсумаваць: у абывацеля няма шанцаў прадбачыць крах?

– Немагчыма вызначыць такія прыкметы. Узнікае парадаксальная сітуацыя. Дапусцім, мы прыдумляем нейкія прыкметы, прасцей кажучы – берэм з неба, і гаворым, што, калі вось гэтая прыкмета надыходзіць (скажам, золатавалютныя рэзервы знізяцца да нейкай велічыні, або ВУП, або тэмпература на вуліцы падае ніжэй -25), то ў гэты момант надыходзіць абвал банкаў. І калі мы ўсіх пераканаем, што гэтая прыкмета працуе, і грамадзяне будуць ведаць, што вось, тэмпература ўпала да -25, і ўсе памятаюць, што гэта прыкмета краху банкаўскай сістэмы, усе пабягуць у банкі – адбудзецца крах.

– З дапамогаю СМІ можна справакаваць грандыёзны абвал.

– Гэта можа быць і з дапамогай СМІ, і з дапамогай лідараў грамадскай думкі. Калі нешта будзе ўкінута, і ў гэта павераць масы – спрацуе той сам прагноз, які рэалізуецца сам па сабе.

Яўген Балінскі, belsat.eu

Фота на перадпрагядзе www.profi-forex.org

Тэгі: 
Глядзі таксама
Каментары