Сярод абвінавачаных у масавых злачынствах на Данбасе – грамадзянін Беларусі


Галоўная вайсковая пракуратура Украіны мае намер прыцягнуць да крымінальнай адказнасці грамадзяніна Беларусі, які ваяваў у складзе спецыяльнай роты Нацыянальнай гвардыі «Тарнада».

Рота выконвала функцыі патрульнай службы міліцыі ў зоне Антытэрарыстычнай аперацыі ды была створаная на базе добраахвотніцкага батальёну «Шахцёрск», раней расфармаванага за дыскрэдытацыю ваенізаваных падраздзяленняў.

Праваахоўныя органы ўжо арыштавалі 8-ых байцоў, якія падазраюцца ў наўмысных забойствах, катаваннях і выкраданнях людзей на тэрыторыі Луганскай вобласці. Затрыманыя не ўсе ўдзельнікі злачыннай групоўкі, як цяпер улады называюць роту «Тарнада», якая таксама паводле рашэння міністра ўнутраных справаў Арсэна Авакава мае быць расфармаваная.

Але байцы роты, паводле ваеннай пракуратуры, нібыта замінавалі базу, адмовіліся выконваць загады і дапусціць на сваю базу следчых.

Намеснік генеральнага пракурора – галоўны вайсковы пракурор Украіны Анатоль Маціяс цвердзіць, што сярод галоўных удзельнікаў злачынства – беларус, які не ёсць супрацоўнікам украінскай міліцыі.

«Вымушаны прызнаць, што сярод гэтых асоб, паводле нашых дадзеных, пацверджаных дакументальна, знаходзіцца 43 раней асуджаныя асобы, частка з якіх інтэграваная і прынятая на службу«, – зазначыў вайсковы пракурор.

Прозвішча грамадзяніна Беларусі следства пакуль не называе.

У той жа час намеснік камандзіра роты Мікалай Цукур абвяргае абвінавачанні пракуратуры: «На тэрыторыі нашай базы знаходзіліся журналісты, якія маглі праверыць усе нашыя сутарэнні і пераканацца, што ніякіх зняволеных мы не ўтрымліваем». Паводле намесніка камандзіра роты, Міністэрства ўнутраных справаў мае правесці ўнутранае службовае расследаванне.

Вайсковая ж пракуратура ўстанавіла, што камандзір роты са студзеня да сярэдзіны сакавіка 2015 года стварыў на тэрыторыі дыслакацыі батальёну ў горадзе Прыволле Луганскай вобласці злачынную арганізацыю, якая выкрала і катавала мінімум 10 чалавек.

Канфлікт паміж ротай патрульнай службы «Тарнада» і вайскова-цывільнай адміністрацыяй Луганскай вобласці абвастрыўся пасля таго, як байцы падраздзялення затрымалі цягнік, які вёз металургічную сыравіну з тэрыторыі гэтак званай ЛНР у кірунку Дняпроўскага металургічнага камбінату імя Дзяржынскага, які знаходзіцца на кантраляванай украінскімі ўладамі тэрыторыі.

Алена Літвінава, Кіеў, belsat.eu

Стужка навінаў